Пілігрымка ў цені рэпрэсіяў і пандэміі. Побач – аўтазак


Фота: «Белсат»
У Будслаў прыязджаюць і прыходзяць у гэтыя дні вернікі з усёй Беларусі.
Фота: «Белсат»

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў: «Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?» – у Будславе, нягледзячы на пандэмію, прайшоў чарговы марыйны фэст.

У Будславе, мястэчку, што ў Мядзельскім раёне Менскай вобласці, першага і другога ліпеня адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя Маці Божай. Апошнія трыццаць год гэтае свята шырока адзначаецца ў Беларусі. У Будслаў прыязджаюць і прыходзяць у гэтыя дні вернікі з усёй Беларусі. Для многіх гэта доўгачаканы час на здзяйсненне пілігрымкі – каб прайсці да Будслаўскага касцёлу пешшу ад некалькіх кіламетраў да некалькіх соцень кіламетраў. Такія вандроўкі могуць заняць некалькі дзён.

Сёлета Касцёл не заклікаў да масавых пілігрымак.
Фота: «Белсат»

Трэба сказаць, што будслаўскі фэст адбываецца ўжо цягам некалькіх стагоддзяў, ён шырока адзначаўся за часамі ІІ Рэчы Паспалітай. Адбываўся ён за часамі ваяўнічага атэізму, толькі не так шырока. А ягонае адраджэнне прыйшлося на пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У 2018 годзе гэты фэст увайшоў у Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў чалавецтва ЮНЕСКО.

Ля Касцёлу ў Будславе.
Фота: «Белсат»

Сёлета праз пандэмію Касцёл вырашыў не праводзіць калектыўных пілігрымак, але не забараніў індывідуальныя. Таму некаторыя вернікі гэтым скарысталіся.

Сёлета Генадзь Бервячонак, жыхар Глыбокага, ішоў з Росіцы да Будслава восем дзён пешшу, гэта больш за 230 кіламетраў. Чаму з Росіцы? Бо ў 1943 годзе нацысты спалілі тут жывымі больш за паўтары тысячы жыхароў, а разам з імі двух каталіцкіх святароў, Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру. Ксяндзоў карнікі хацелі адпусціць, але яны засталіся разам са сваімі вернікамі. Папа Ян Павел ІІ прылічыў іх да ліку блаславёных.

Пробашч Чырвонага касцёлу ксёндз Уладзіслаў Завальнюк да Будслава даехаўна монаколе.
Фота: «Белсат»

Генадзь і раней здзяйсняў такія вандроўкі з сябрамі, а зараз вырашыў адужаць шлях адзін. Кажа, што дні былі напоўненыя малітвамі за Беларусь.

«Я ішоў з адной галоўнай інтэнцыяй – навучыцца давяраць Богу», – кажа спадар Генадзь.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Фота: «Белсат»

А пробашч Чырвонага касцёлу у Менску 70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк да Будслава даехаўна монаколе. Ягоны шлях склаў каля 130 кіламетраў і заняў тры дні. На гэтым шляху былі розныя цяжкасці: вецер, сонца, дождж, але ўражанне ад такой незвычайнай вандроўкі – вельмі станоўчае. Ён плануе ў наступным годзе заахвоціць некалькі дзясяткаў маладзёнаў і разам адправіцца на монаколах у Будслаў.

«Гэта ставіцца ў ахвяру на хвалу Багародзіцы, малітва за наш край, за будучыню, каб людзі думалі не толькі пра штодзённы хлеб, але як кажа Хрыстос: «Не адзіным хлебам жыве чалавек». Трэба, каб нас натхняла вера, якую мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў», – адзначыў святар.

Фэст у спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў чалавецтва ЮНЕСКО.
Фота: «Белсат»

Галоўную Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваім слове да вернікаў ён сказаў:

«Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насцеж адчыніць дзверы нашых сэрцаў Езусу, каб Ён быў у нас і ў нашым народзе, які выбірае сваю будучыню.Карабель, імя якому Беларусь, сёння знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары прэзідэнта, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі. Яны павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі паміж рознымі палітычнымі сіламі. Бог кліча нас да гэтай місіі, і мы павінны яе выканаць. Бо, калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?»

Ля Будслаўскага касцёлу пасля пілігрымкі.
Фота: «Белсат»

Да цэлебрацыі Эўхарыстыі далучыліся іншыя беларускія іерархі і святары.

Будслаўскі касцёл.
Фота: «Белсат»

У мінулыя гады на свяце збіралася да некалькі дзясяткаў тысяч. Сёлета праз небяспечную сітуацыю ў Беларусі ў сувязі з пандэміяй прынялі ўдзел у святкаваннях больш за тысячу вернікаў.

Вера вераю, а аўтазак не зашкодзіць…
Фота: «Белсат»

І хоць пандэмія перашкодзіла годна адзначыць гэта свята, надвор’е ў гэтым годзе паспрыяла святу. Будслаўскі фэст рэдка абыходзіцца без дажджоў, а ў гэтым годзе яго амаль не было.

У Беларусі бог жыве!
Фота: «Белсат»

Беларускія ўлады засталіся верныя сваім традыцыям апошніх гадоў: і ў Будславе не абышлося без аўтазакаў, некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі, пры тым, што каталіцкае свята заўсёды праходзіла ў святочнай добразычлівай атмасферы.

Завяршыліся ўрачыстасці працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, фігурай нябеснага патрона Касцёла на Беларусі святога Міхала Арханёла і абразом святой Барбары, якім біскупы на заканчэнне благаславілі з Нацыянальнага санктуарыя ўсю Беларусь.

Зміцер Лупач Belsat.eu

Стужка навінаў