10 снежня тэлеканал «Белсат» святкуе свой дзень народзінаў. 2020 год стаў адным з найбольш цяжкіх і насычаных у нашай працы. Згадайма найбольш важныя матэрыялы нашых журналістаў сёлета.
«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 года, у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 года. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання пры ўдзеле сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў.
«Белсат» імкнецца даць беларусам доступ да незалежнай інфармацыі, да дакладных звестак пра гісторыю іх краіны, да цікавых культурніцкіх і забаўляльных праграмаў на роднай мове і да поўнай інфармацыі пра міжнароднае атачэнне Беларусі.
На сённяшні дзень «Белсат» – гэта не толькі тэлебачанне, але навінны сайт, дзевяць каналаў у YouTube з агульнай колькасцю падпісчыкаў больш за 900 тыс. чалавек. Каналы «BELSAT NEWS» і «ВОТ ТАК» – уладальнікі «Срэбнай кнопкі» за 100 тысяч падпісчыкаў. «Белсат» мае акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках. Там нас чытаюць і глядзяць амаль 630 тыс. падпісчыкаў.
За 13 гадоў працы нашыя калегі сталі лаўрэатамі шматлікіх беларускіх ды міжнародных прэміяў і ўзнагародаў.
Своеасабліва «цэняць» нашую працу і ўлады Беларусі. Прадстаўніца «Белсату» у Беларусі Ірына Слаўнікава кажа, што 2020 год «адзначыўся вельмі вялікімі рэпрэсіямі ў дачыненні да прадстаўнікоў каналу».
«Журналістаў сталі прыцягваць да адказнасці паводле тых артыкулаў, у якіх пакаранне прадугледжвае содні. Калі раней нашых калегаў штрафавалі за працу без акрэдытацыі, то цяпер іх пачалі арыштоўваць як удзельнікаў масавых акцыяў паводле арт. 23.34 КаАП», – кажа Ірына Слаўнікава.
За 2020 год сума штрафаў, якімі пакаралі журналістаў «Белсату», дасягнула $ 23 514,57.
Сёлета 26 нашых калегаў пакаралі 392 соднямі арышту. У тым ліку ад 9 жніўня журналісты «Белсату» правялі за кратамі 361 содняў арышту – фактычна год. Яўгена Меркіса з Гомля арыштоўвалі сёлета тройчы, а Алена Доўнар правяла пад арыштам 30 содняў запар.
Трое працаўнікоў – Дзмітрый Солтан, Зміцер Краўчук, Арцём Багаслаўскі – праходзяць падазраванымі ў крымінальнай справе паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак).
Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, якія таксама праходзяць у крымінальнай справе паводле арт. 342 КК, змешчаныя пад варту на два месяцы.
Падчас разгону сілавікамі пратэстаў былі збітыя журналісты Уладзімір Лунёў, Алена Шчарбінская, Ян Роман, Алесь Дзянісаў, Станіслаў Івашкевіч, Максім Швед, Дзмітрый Солтан. Фатографцы Ірыне Арахоўскай у нагу трапіла гумавая куля. Каля Тані Капітонавай падчас працы на акцыі выбухнула святлошумавая граната, у выніку чаго фатографка часова згубіла слых.
Ад 9 жніўня сайт Belsat.eu заблакаваны ў Беларусі.
Агулам 2020 год у інфармацыйным плане можна падзяліць на дзве вялікія інфармацыйныя часткі: пандэмія каронавіруса, выпадкі якога ў Беларусі пачалі фіксаваць яшчэ ў лютым, ды выбары і выкліканыя імі пратэсты. Узгадаем гэты год у матэрыялах «Белсату».
Ад самога пачатку эпідэміі беларускія ўлады не рэагавалі патрэбным чынам на праблемы, звязаныя з распаўсюдам каронавіруса.
Статыстыка выклікала пытанні ў насельніцтва, каранцінныя захады не прымаліся, аналізы рабіліся задоўга, а ўлады распавядалі пра каронапсіхоз – карацей, каронавірус у Беларусі пусцілі на самацёк. І толькі праца журналістаў выкрывала рэчаіснасць, часам вельмі балючую і крыўдную.
Вядома, паведамляць праўду нам дапамагалі самыя медыкі, якія ў цяжкіх умовах прынялі на сябе галоўны ўдар пандэміі. Каб не быць звольненымі, рабілі яны гэта на ўмовах ананімнасці.
«У нас будзе вельмі шмат смерцяў, і яны не змогуць маўчаць. Шмат якія дактары ўжо не маўчаць. Таму маральны ціск і нездаволенасць расце праз тое, што вымушаныя падманваць блізкіх людзей памерлых», – распавядалі нам лекары.
Пры гэтым пацыентаў, нават з цяжкімі выпадкамі захворвання, улады пастанаўлялі выпісваць з больніц. Існуе думка, што рабілася гэта дзеля таго, каб не плаціць хворым бальнічныя, а медыкам – за працу з COVID-19. Падрабязнасці гэтага можна прачытаць па спасылцы.
Паводле сацыёлагаў і палітолагаў, незадаволенасць беларусаў дзеяннямі ўладаў падчас пандэміі стала пасля адным з чыннікаў усплёску пратэстаў гэтым летам.
А вось улады на сабе не эканомілі. Хоць Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што ён супраць кумаўства і хабараў, тры ягоныя сыны сядзяць на добрых пасадах ды вандруюць з бацькам за дзяржаўныя грошы.
Пра тое, што хто плаціць за пасады, хобі і падарожжы малодшых Лукашэнкаў, разбіраліся ў праграме «Асабісты капітал».
Да тэмы каронавіруса дадаліся збор подпісаў, рэпрэсіі супраць камандаў кандыдатаў, а 9 жніўня прайшлі выбары. Мы працавалі, нягледзячы на адсутнасць інтэрнэту, праблемы з тэлефоннай сувяззю ды небяспеку з боку сілавікоў. Нашых карэспандэнтаў затрымлівалі, над іх галовамі ўзрываліся гранаты, ляцелі кулі, распыльвалі газ, але журналісты працягвалі сваю працу.
Рэпартаж за 9 жніўня можна паглядзець па спасылцы.
Калі інтэрнэт з’явіўся зноў, а затрыманых паступова пачалі выпускаць на волю, выявілася страшная праўда першых паслявыбарных дзён.
«Хлясталі, як зверы. Адразу ў аўтазаку. А потым каму больш, каму менш даставалася на Акрэсціна. Там ёсць хлопцы, якія робяць гэта без задавальнення і б’юць не так моцна, але ёсць такія, якія проста сякуць. На Акрэсціна прапускаюць праз калідор АМАПу, якія равуць «жывей» дзікім голасам і бʼюць дручкамі. Людзі падаюць. Калі чалавек упаў – яны яго «гасяць», пакуль не ўстане», – распавядалі ахвяры Акрэсціна.
Мяне пабілі і звязалі мае рукі ззаду. Пасля гэтага тры спецназаўца адвялі мяне за вугал і сказалі:
«Мы цяпер засунем цябе ў майткі гранату, дастанем чэку, ты падарвешся, а мы скажам, што ты падарваўся праз нявызначанае выбуховае прыстасаванне».
Ніводнай крымінальнай справы ані за катаванні, ані нават за забойствы пратэстоўцаў дагэтуль няма.
Страшная праўда пра беларускіх сілавікоў спрычынілася да яшчэ большай хвалі пратэсту, якая не спыняецца ўжо больш як чатыры месяцы. Разам з пратэстамі беларусы, як і ў часы каронавіруса, выявілі цуды салідарнасці.
Пацярпелым і рэпрэсаваным сабралі мільёны долараў дапамогі, але дзяржава пасля стала караць іх за атрыманую дапамогу. У прыватнасці, пачаліся блакаванні рахункаў, на якія пералічвалася дапамога.
Некаторыя з пацярпелых, як напрыклад сям’я Сахарукоў з Пружанаў (пра іх бяду можна даведацца па спасылцы), былі вымушаныя шукаць паратунку за мяжой. Зусім нядаўна яны выехалі на рэабілітацыю ў Польшчу.
Асобна варта адзначыць відэастрым нашых журналістак Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай, які яны вялі 15 лістапада з плошчы Пераменаў. У той дзень двор на вуліцы Чарвякова стаў эпіцэнтрам нядзельнага маршу. Справа ў тым, што менавіта адсюль 11 лістапада невядомыя выкралі пратэстоўцу Рамана Бандарэнку, які на наступны дзень ад траўмаў памёр.
Кацярына і Дар’я некалькі гадзін вялі онлайн-рэпартаж таго, як сілавікі жорстка разганяюць і затрымліваюць пратэстоўцаў. Пасля гэта людзі ў чорным разам з камунальнікамі прыняліся знішчаць народны мемарыял памяці Рамана.
Усе гэтыя падзеі фіксавалі ды паказвалі свету нашыя каляжанкі. За гэта іх у той самы вечар затрымалі. У кватэру, дзе яны знаходзіліся, уварваліся сілавікі. З таго моманту Кацярына і Дар’я знаходзяцца за кратамі. Іх вінавацяць паводле артыкула 342 КК у арганізацыі масавых закалотаў. Журналісткі прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
На раніцу мы паразмаўлялі з тымі, хто жыве або хаваўся на плошчы Пераменаў, якую пасля разгону ўзялі ў аблогу сілавікі.
«Першыя два разы грукалі ў дзверы, мы не адчынялі. Пасля абыходзілі суседзяў. Сілавікі дзяжурылі ў кожным доме, іх было па 3–6. Мы бачылі, як байцы падыходзілі да некаторых мінакоў у двары, прасілі паказаць фота на тэлефоне. Каля другой гадзіны ночы была перазменка, але адзін бус застаўся. Каля 8:30 ГУБАЗіК з’ехаў.
Застаўся ў двары бус сачыць, каб людзі не выходзілі зноў вешаць стужкі і плакаты. Калі ў «Тэлеграме» з’яўляліся здымкі з плошчы Пераменаў, з буса адразу вывальваліся карнікі і пачыналі бегаць па дамах, адкуль, на іхную думку, маглі фатаграфаваць. Яны чыталі ўсе чаты. Было нервова, адчуванне, як габрэі ў 1943-м», – распавядалі нам тыя, хто перажыў тую ноч на плошчы.
А ўзгаданы вышэй ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) стаў адным з «сімвалаў» 2020 года ў Беларусі. Асноўны профіль дзейнасці ГУБАЗіК – гэта барацьба з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, як і вынікае з назвы ведамства. Аднак сёлета, замест змагання з мафіяй ды хабарнікамі, упраўленне пачало актыўна браць удзел у брутальных палітычных рэпрэсіях.
У якой яшчэ краіне сілавікі самыя выкладаюць у грамадскі доступ відэадоказы сваіх злачынстваў – у нашым выпадку катаванняў затрыманых? Дый адзіную шыбу за ўвесь час пратэстаў пабіў кіраўнік гэтага ўпраўлення МУС Мікалай Карпянкоў, які пасля пайшоў на павышэнне і стаў намеснікам міністра.
Belsat.eu разбіраўся, чаму менавіта ГУБАЗіК ператварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу і якімі справамі сёлета ён займаўся.
Варта адзначыць і новыя праекты «Белсату», якія выйшлі сёлета.
Гэта, напрыклад, праграма «Без акрэдытацыі»
Ды «Фельетоны Лупача»
Таксама пачаў працу праект «САТЫРА», вядомы сваёй творчай пераагучкай.
Апроч таго, белсатаўцы акумулявалі вакол сябе творчыя магутныя каманды, напрыклад, – Свабодных Купалаўцаў. Яны чытаюць вершы ды выконваюць класіку, а мы бачым, як гэта актуальна гучыць.
З гумарам і сурʼёзна, модна, стылёва і моладзева пра актуальныя падзеі распавядае блогерскі праект «Гэта ж Вінаград».
Вельмі важным з’яўляецца праект «Яны перажылі катаванні», у якіх ахвяры першых дзён гвалту з боку сілавікоў прыходзяць да нас і расказваюць пра тое, што з імі рабілі там…
Асобныя фотапраекты былі прысвечаныя ўдзельнікам сёлетніх пратэстаў – завадчанам-страйкоўцам і жанчынам.
Узгадаць жа першыя 100 дзён пратэсту можна тут.
А на канале «ВОТ ТАК» выходзяць эксклюзіўныя інтэрвʼю пра тое, што сёння хвалюе беларусаў і не толькі.
Што датычыць выпускаў, якія набралі найбольшую колькасць праглядаў, то топ выглядае наступным чынам:
Лідарам гэтага году стала Выданне Прасвету – 1 150 155 праглядаў
Стрым пра 8-мы дзень пратэстаў таксама паглядзела больш за мільён чалавек.
Апроч таго, амаль дасягнулі мільёну праглядаў выданне праграмы Стаса Івашкевіча «Давайце разбірацца» пра жанчын Лукашэнкі ў палітыцы і бізнесе.
Дакументальны фільм рэжысёра Антося Цялежнікава «Фільм пра першыя гады кіравання Лукашэнкі».
Ацанілі гледачы і нашую анімацыю – «Жэстачайшы мульт»
Нягледзячы на ўсе цяжкасці і дасягненні, спыняцца мы не збіраемся. Наперадзе нас і вас чакаюць новыя цікавыя праекты, новыя праўдзівыя матэрыялы ды цяжкая праца на карысць лепшай Беларусі.