Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу «АНТ» сказаў, што лепей памерці стоячы, чым жыць на каленях. А хакей, паводле яго словаў, найлепшы антывірусны лек.
У Менску на лядовай пляцоўцы «Лебядзіны парк» адбыўся паўфінальны матч трынаццатых спаборніцтваў сярод аматараў на прызы прэзідэнцкага спартовага клубу. Сярод гульцоў былі і Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі.
«Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы, ці можа нешта спыніць яго ад выхаду на лёд.
«А навошта? Можна, але навошта? Я не разумею… Тут няма вірусаў ніякіх. Гэта лядоўня. Самае лепшае здароўе! Лепш, чым спорт, асабліва лёд. Антывірусны лек, самы сапраўдны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Суседнія з Беларуссю краіны ўвязі абмежаванні і каранцін у сувязі з пандэміяй каронавірусу. Але ў нашай краіне адмысловых захадаў пакуль няма. Раней кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ён супраць псіхозу і панікі вакол гэтай тэмы.
«Мы гэтым займаемся. Але толькі без шуму і пылу», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён заявіў, што ніякія мерапрыемствы да 75-гадовага юбілею перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адмяняцца не будуць.
СК belsat.eu