Лосік спыніў галадоўку, Салановіча адлічылі, на АЭС застрэліўся жаўнер. Галоўныя падзеі 25 cтудзеня


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 170 дзён. «Белсат» сабраў галоўныя падзеі дня.

Галадоўка Лосіка скончаная

41 дзень беларусы сачылі за галадаваннем Ігара Лосіка. Адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і кансультант «Радыё Свабода» пайшоў на гэткі адчайны крок 15 снежня летась, пасля чарговага падоўжання тэрміну знаходжання пад вартаю. 25 студзеня палітвязень праз свайго адваката абвесціў пра рашэнне спыніцца.

«Я вырашыў спыніць галадоўку. Чаму я гэта зрабіў? Сапраўды па ўласным жаданні. Я не прымаў ежу больш за сорак дзён, і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне проста ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысяч беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым», – патлумачыў Лосік.

Hавiны
«У мяне ніколі не было жадання неяк вылучацца, я не хацеў публічнасці». Ігар Лосік спыніў галадоўку
2021.01.25 17:38

Ліст Лосіка пракаментавала былая кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

«Я падтрымліваю яго ў гэтым рашэнні і працягваю настойваць на неадкладным вызваленні ўсіх палітвязняў», – заявіла Ціханоўская.

БДУІР адлічыў студэнта, якому далі 114 содняў

Звычайна палітвязнямі прызнаюць людзей, якія патрапілі за краты праз крымінальны пераслед. Ян Салановіч – выключэнне. 21-гадовы студэнт БДУІР працаваў у навукова-тэхнічным цэнтры КДБ, але пры гэтым хадзіў на пратэставыя маршы. 1 лістапада яго затрымалі падчас шэсця ў Курапаты. Супрацоўнікі КДБ папрасілі хлопца пералічыць усе шэсці, у якіх ён браў удзел, каб «дапамагчы». Але з дапамогі атрымаліся новыя пратаколы і 8 судовых паседжанняў. Агулам студэнт атрымаў 114 содняў арышту.

Гісторыі
«Гэта катаванні, каб знішчыць як асобу». Размова з маці студэнта, пакаранага 114-дзённым арыштам
2021.01.13 07:28

А ў суботу маці Яна Вольга атрымала ліст ад БДУІР, з якога вынікае, што ейнага сына адлічылі з установы праз непаспяховасць. Хлопец не здаў іспыты зімовай сесіі, бо ў гэты час знаходзіўся на соднях.

«Я пакуль не ведаю, што рабіць з гэтай інфармацыяй. Думаю, мне трэба дачакацца Яна. Калі ён вызваліцца, ён сам павінен вырашыць: хоча ён вучыцца ў гэтым універсітэце ці не. Тады і будзе нешта вырашаць», – распавядае Вольга.

А пакуль былы студэнт працягвае пазіраць на жоўтыя сцены ЦІП на Акрэсціна. З іх ён не выйдзе амаль да канца лютага.

Улады плануюць трэцюю АЭС, на першай застрэліўся жаўнер

У здольнасці ствараць сюрпрызы беларускім уладам не адмовіш. Першую АЭС яшчэ не паспелі запусціць, а ўжо плануюць другую і трэцюю. Маўляў, энергіі не хапае.

«Мы паставілі задачу, прэзідэнт паставіў задачу – дасягнуць 100 млрд рублёў Валавога ўнутранага прадукту – трэба прыкладна ў два разы павялічыць аб’ёмы вытворчасці. А павелічэнне абʼёму вытворчасці патрабуе энергіі, рэсурсаў. Дзе гэтыя рэсурсы браць?» – пытаецца кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў.

https://redakcja.belsat.cloud/in-focus/belaruskiya-dzyarzhsluzhboutsy-umeyuts-zdziulyats-yashche-ne-dabudavali-pershuyu-aes-a-uzho-planuyuts-tretsyuyu/

А пакуль на тэрыторыі станцыі надзвычайнае здарэнне. Застрэліўся жаўнер-тэрміновік з вайсковай часткі 7434 унутраных войскаў МУС, што ахоўвае аб’ект.

«Сапраўды, 25 вайсковец, які праходзіць ваенную службу па прызыву ў вайсковай часці 7434, знаходзячыся ў варце, зрабіў стрэл з службовай зброі, у выніку чаго памёр», – паведаміў спецыяліст па грамадскіх сувязях упраўлення ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення камандуючага Унутранымі войскамі МУС.

Гэта не першы сёлетні выпадак самастрэлу ў беларускім войску. 15 студзеня спробу самагубства ўчыніў жаўнер Пінскага памежнага атраду. Хлопец выжыў і патрапіў у шпіталь.

У Бабруйску новыя крымінальныя справы, у Менску ператрусы

22 студзеня актывізаваліся бабруйскія сілавікі. У пятніцу ў горадзе затрымалі не менш як 12 чалавек. Іх лёсы сталі вядомымі толькі ў панядзелак. Большасць атрымала пратаколы па адміністратыўным артыкуле 23.34 і 25 студзеня выйшла з ІЧУ. Але некалькі чалавек распавялі, што ў іх правялі ператрус у межах крымінальнай справы праз выкладзеныя асабістыя дадзеныя сілавікоў паводле арт. 364 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), і арт. 369 КК РБ(абраза прадстаўніка ўлады).

На волю не выйшлі і анэстэзіёлаг-рэаніматолаг Дзмітрый Яскевіч і ягоная жонка – медсястра рэанімацыі Юлія Яскевіч. Па словах тых, хто выйшаў сёння, сужэнцам пагражае крымінальная справа. Па адной з версій – як раз тая справа за абразу міліцыянтаў ці пагрозу прымянення гвалту. Але дакладнай інфармацыі няма.

Абноўлена
Судны панядзелак у Бабруйску: штрафы і содні за фотаздымкі. Сям’і медыкаў пагражае крымінальная справа
2021.01.25 19:14

У панядзелак спакоем не адрозніваўся і Менск. У краму «Мой модны кут», што ў ТЦ «Маскоўска-Венскі», завіталі з праверкай супрацоўнікі МНС. Куды больш трывожна было праз навіны з культцэнтру «Корпус» на Машэрава. Там ператрус зладзілі сілавікі. Затрымалі архітэктара Аляксея Клышку і заснавальніка перфоманс-прасторы «Другі паверх» Аляксандра Каралевіча. Абодвух пасля адпусцілі з Цэнтральнага РУУС. А вось сяброўка Каралевіча рэдактарка «Зялёнага парталу» Яніна Мельнікава ледзь сама не патрапіла ў спісы затрыманых. І ўсё праз адно тэлефанаванне.

Допіс Яніны Мельнікавай у Facebook
Стужка навінаў