Карэспандэнтцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай выставілі абвінавачанне паводле крымінальнага артыкулу


Кацярыне Андрэевай 20 лістапада было выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Ёй абраная мера стрымання: арышт на 2 месяцы, то бок да 20 студзеня 2021 года.

Сёння яе мусяць перавесці ў СІЗА Жодзіна. Раніцай па месцы прапіскі Кацярыны, у яе сваякоў, быў праведзены ператрус, але там нічога не знайшлі і не канфіскавалі. Як адзначаецца ў пратаколе, «прыладаў і сродкаў здзяйснення злачынства, прадметаў і дакументаў, якія маюць дачыненне да крымінальнай справы, не выяўлена».

Журналістка Кацярына Андрэева і аператарка Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада ў кватэры на 14-м паверсе дому на плошчы Пераменаў. З гэтай кватэры яны вялі жывы рэпартаж аб супрацьстаянні сілавікоў і абаронцаў народнага мемарыялу Рамана Бандарэнкі. Затрыманне праводзіў спецназ, дзверы ў кватэры проста выламалі.

Hавiны
Гайд па найлепшых журналісцкіх працах Кацярыны Андрэевай, якая была арыштаваная за сваю дзейнасць
2020.11.19 08:40

Карэспандэнткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі пакараныя 7 соднямі адміністратыўнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі.

Відавочна, што сілавікі мелі адмысловы загад пакараць журналістаў, якія паказалі на ўвесь свет зачыстку плошчы Пераменаў і знішчэнне народнага мемарыялу. Гэты арышт – помста ўладаў за прафесійную дзейнасць.

Кацярына Андрэева мелася выйсці з ЦІП на Акрэсціна разам з Дар’яй Чульцовай 22 лістапада. Пакуль невядома, ці адпусцяць Дар’ю Чульцову. Удакладніць інфармацыю пакуль немагчыма праз падпіску адваката Дарʼі пра неразгалашэнне. Калі нашая калега не выйдзе з ЦІП 22 лістапада (тады міне тэрмін прызначанага ёй адміністратыўнага арышту), можна будзе меркаваць, што Дарʼі таксама выставілі абвінавачанне паводле крымінальнай справы, ужыўшы меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Даведка

Артыкул 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх«,

Частка 1 арт. 342 КК: Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства. Караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Кацярына Андрэева працуе на «Белсаце» з сакавіка 2017 года. За гэты час яна правяла дзясяткі стрымаў і напісала сотні артыкулаў, расследаванняў і рэпартажаў.

  • На 20 лістапада 5 журналістаў «Белсату» застаюцца за кратамі паводле адміністратыўных справаў.
  • Агулам ад пачатку 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш за 500 фактаў рэпрэсіяў супраць журналістаў, а ад 9 жніўня – 360 затрыманняў супрацоўнікаў СМІ.
  • Паводле ацэнак праваабарончага цэнтру «Вясна», падчас выбарчай кампаніі ў Беларусі было затрымана больш за 20 тысячаў чалавек.

II, belsat.eu

Стужка навінаў