«Чабор» і не толькі: словы 2021 года


Пры канцы снежня журналісты традыцыйна выбіраюць слова года. Мы вырашылі пайсці далей: прапаноўваем тры словы і адну фразу 2021-га.

Сімвалічнае слова года: свабода

Тое, што мы цягам гэтага года згубілі практычна ва ўсіх сферах. І тое, дзеля чаго мы не апускаем рук, не здаемся і працягваем працаваць. Пасля пратэставай эйфарыі 2020-га, калі беларусы адчулі сябе свабоднымі, у 2021-м пад катком рэпрэсіяў большасць беларусаў зразумела, што значыць, калі ў цябе свабоду адымаюць, у прамым і пераносным сэнсе. У краіне на сёння – рэкордная ў Еўропе і СНД колькасць палітвязняў, знішчаныя практычна ўсе незалежныя медыі і грамадскія арганізацыі, з працы звальняюць тысячы людзей па ўсёй краіне, вынішчаецца любая праява свабоднай думкі, калі яна не супадае з «лініяй партыі». Свабода за гэты год стала для беларусаў безумоўнай каштоўнасцю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчаты, якія традыцыйна шпацыруюць з бчб-парасонамі, выйшлі да Камароўскага рынка. Менск. Беларусь. 12 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

У Беларусі сёння пераважае атмасфера страху і гвалту, людзей кідаюць у турмы, катуюць, цкуюць – проста за тое, што яны хацелі ажыццявіць сваё права на свабоду асацыяцыяў, мірных сходаў і выказвання меркавання.

Гэта прызнаецца і адзначаецца праваабаронцамі на міжнародным узроўні. Так, Беларусь прызнаная адзінай «закрытай» краінай Еўропы ў справаздачы міжнароднай арганізацыі «Civicus» аб стане свабодаў грамадзянскай супольнасці ў свеце. Такі ж рэйтынг маюць, напрыклад, Кітай, Саудаўская Аравія, Іран і Сірыя.

Яе ацэнка, як вынікае са штогадовай справаздачы арганізацыі, апублікаванай 8 снежня, паніжаная з «рэпрэсіўнай» да «закрытай», і гэта найгоршы рэйтынг, які можа атрымаць краіна. Дно, адным словам.

Слова, якое гучала ў гэтым годзе найчасцей: палітвязні

Слова, якое мы не маглі не адзначыць і якое гучыць у медыях ды сацсетках кожны дзень. На дзень 27 снежня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 953 чалавекі. Гэта ўдзельнікі апошняй прэзідэнцкай кампаніі, валанцёры і юрысты штабоў кандыдатаў, грамадскія актывісты, бізнесоўцы, блогеры і журналісты, праваабаронцы, палітычныя аналітыкі, лідары «старой» апазіцыі – усе тыя людзі, хто хацеў скарыстацца сваім правам на ўдзел у мірных сходах, на выказванне свайго меркавання і на ўдзел у палітычным жыцці краіны, а таксама проста прафесійна выконваў сваю працу і не пагадзіўся «перагарнуць старонку». За кратамі апынуліся людзі самых розных узростаў (ад падлеткаў да старых) і самых розных прафесіяў (ад студэнтаў і рабочых да топ-менеджараў і бізнесоўцаў) – увесь зрэз беларускага грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паштоўкі для палітвязняў. Менск, Беларусь. 2 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Насамрэч людзей, якія трапілі за краты з палітычных матываў, пачынаючы з выбарчай кампаніі 2020 года, значна больш: хтосьці ўжо адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю, кагосьці праваабаронцы яшчэ не паспелі прызнаць палітвязнямі.

Артыкулы
«Калі дзіця ў турме, гэта як частка мяне там, за кратамі». Размова з маці палітзняволенай Сафіі Малашэвіч
2021.12.12 07:30

На дзень 27 снежня 1169 чалавек застаюцца ў зняволенні ў палітычна матываваных справах, з іх 128 жанчын і 10 няпоўнагадовых, 259 чалавек – на «хатняй хіміі».

Самы вялікі тэрмін сярод палітвязняў атрымалі беларускія анархісты, асуджаныя на 18–20 гадоў калоніі. Ігар Аліневіч і Сяргей Раманаў асуджаныя на 20 гадоў калоніі, Дзмітрый Разановіч – на 19 гадоў, Дзмітрый Дубоўскі – на 18.

Новае слова: кіберпартызаны

Кіберпартызаны – гэта групоўка беларускіх хакераў, якая змагаецца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і дзее ва ўмовах поўнай ананімнасці. Яны праславіліся ўзломам базаў звестак МУС, публікацыяй матэрыялаў, што кампраметуюць сілавікоў, выкладаннем у адкрыты доступ службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Хакеры распачалі сваю дзейнасць у адказ на дзяржаўны тэрор супраць пратэстоўцаў у жніўні 2020 года. Першыя акцыі хакераў мелі пераважна сімвалічны характар. У верасні 2020-га прадстаўнікі групоўкі дадалі Лукашэнку і Караева ў базу вышуку на сайце МУС, а таксама пусцілі ў эфір дзяржаўных каналаў кадры збіцця пратэстоўцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Кіберпартызаны ўзломвалі дзяржаўныя сайты і мянялі на іх выявы (напрыклад, на сайце Кіраўніцтва справамі прэзідэнта з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг), чынілі DDoS-атакі, публікавалі ў сеціве асабістыя звесткі сілавікоў.

Увесну і ўлетку 2021 года кіберпартызаны перайшлі да больш рашучых дзеянняў: апублікавалі план перамогі, свой маніфест, абвесцілі стварэнне аб’яднання «Супраціў», а потым заявілі пра пачатак аперацыі «Жара» – самай маштабнай кібератакі ў гісторыі Беларусі, калі ў сеціва трапілі скандальныя фрагменты праслухоўвання прадстаўнікоў улады і спецслужбаў, а таксама шмат іншай сакрэтнай і службовай інфармацыі.

Фраза году: Пахне чабор!

У шматлікіх апытаннях галоўным словам года беларусы называюць «чабор». Далучаемся і вылучаем фразу года: «Пахне чабор!»

Яна стала надзвычай папулярнай у сацсетках у жніўні гэтага года. У адказ на яе звычайна «прылятае»: «Пахне вечна!» ці «Пахне!».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чабор.
Фота: tursar.ru

Словазлучэнне «Пахне чабор» – гэта назва вершу беларускага паэта Петруся Броўкі, апублікаванага ў 1957 годзе:

Хіба на вечар той можна забыцца?

…Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор, пахне чабор…

Асаблівую папулярнасць фраза набыла, калі беларусы абмяркоўвалі верагоднасць прызнання экстрэмісцкімі бел-чырвона-белы сцяг і вокліч «Жыве Беларусь!». Карыстальнікі сацсетках пачалі прапаноўваць варыянты замены, і – панеслася. Фраза выйшла за межы інтэрнэту і стала народнай, такім своеасаблівым кодам для людзей з падобнымі поглядамі ў віртуальным і рэальным жыцці.

СП belsat.eu

Стужка навінаў