Урад Беларусі прыняў дзве пастановы адносна медычнага кіслароду, іх апублікавалі 29 кастрычніка, яны набылі моц у дзень публікацыі. Медычны кісларод патрэбны цяжка хворым на COVID-19.
Першая пастанова ўнесла медычны кісларод у формах газу і вадкасці ў спіс лекаў, цэны на якія рэгулюе Міністэрства аховы здароўя.
Другая пастанова забараняе вывозіць з Беларусі як медычны, так і тэхнічны кісларод у форме газу і вадкасці. Забарона дзеіць у тым ліку на вываз у іншыя дзяржавы Еўразійскага эканамічнага саюзу. Выключэнні робяць для гуманітарнай дапамогі і вывазу «ў якасці прыпасаў», а таксама для транзітных перавозаў праз Беларусь. Забарона будзе дзеяць паўгода.
Чаму ўводзяць такія абмежаванні, у пастановах не тлумачаць. Аднак можна меркаваць, што гэта звязана з пандэміяй каронавіруса: кісларод патрэбны для штучнай вентыляцыі лёгкіх пацыентам, хворых на COVID-19 у цяжкай форме.
Улады Беларусі не прызнаюць дэфіцыту медычнага кіслароду. Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка заяўляў, што кіслароду дастаткова, а з наяўных 1725 кіслародных пунктаў занятыя толькі 52 %. Недзяржаўнае аб’яднанне медыкаў «Белые халаты» заяўляе, што здараюцца перабоі ў падачы кіслароду, ад якіх пацыенты паміраюць.
АА belsat.eu