Святлана Ціханоўская 27 лістапада пачала візіт у Бухарэст, паведаміла ейная прэс-служба. У першы дзень яна сустрэлася з міністрам замежных справаў, усклала кветкі да помніка ахвярам рэвалюцыі 1989 года і наведала месца, дзе рабочыя асвісталі дыктатара Нікалае Чаўшэску.
У Румыніі Святлану Ціханоўскую сустракаюць на высокім узроўні. Запланаваныя сустрэчы з прэм’ер-міністрам, парламентарамі абедзвюх палатаў парламенту і грамадзянскай супольнасцю, а таксама выступ ва ўніверсітэце.
Першая сустрэча была 27 лістапада з міністрам замежных справаў Багданам Аўрэску. Яны абмеркавалі апошнія падзеі ў Беларусі, сітуацыю з рэгіянальнай бяспекай, дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў кантэксце вайны ва Украіне, дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці.
У прыватнасці, піша прэс-служба Ціханоўскай, яны дамовіліся з новага года аднавіць праграму стыпендыяў для беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах Румыніі, а таксама разгледзець магчымасць стажавання маладых беларусаў у кірунку дыпламатыі і публічнага адміністравання – як падрыхтоўку кадраў для дэмакратычных сілаў і новай Беларусі.
Размаўлялі таксама пра Усходняе партнёрства і ролю Беларусі, гаварылі пра захады Еўрапейскага звязу ў палітыцы непрызнання Лукашэнкі і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, прыняцце супольнай стратэгіі абароны беларускай незалежнасці.
«У Румыніі вялікая цікавасць да Беларусі. Шмат якія румыны параўноўваюць Лукашэнку з Чаўшэску», – паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
«Сачылі за падзеямі ў Беларусі, пачынаючы з 2020 года, – дадае прэс-служба Ціханоўскай. – Заўтра ў Румыніі пачынаецца саміт NATO, вельмі важна, каб там прагучала тэма Беларусі і беларускага суверэнітэту».
Аўрэску ў сваю чаргу нагадаў пра падтрыманне Беларусі. Румынія разам з Польшчай і Літвой у верасні 2020 года прыняла супольную дэкларацыю аб падтрыманні трансфармацыі Беларусі і далейшых кроках, на падставе якой Еўразвяз пазней вызначыў эканамічны план для дэмакратычнай Беларусі на 3 млрд еўраў.
Румынія ўнесла 275 тысяч еўраў праз інструмент Еўрапейскага фонду за дэмакратыю і 35 тысяч еўраў на падтрыманне Міжнароднай платформы адказнасці за Беларусь.
Алесь Наваборскі belsat.eu