Разгром кватэры палітуцякачкі і вызваленне палітвязня пасля поўнага адбыцця тэрміну


«Белсат» працягвае сачыць за палітычнымі рэпрэсіямі, якія штодня адбываюцца ў нашай краіне.

Гомельскія сілавікі разграмілі кватэру палітычнай эмігранткі Алы Марціновіч і пахваліліся гэтым у сацыяльных сетках. На фотаздымках, якія яны апублікавалі, бачныя выламаныя дзверы і раскіданыя па кватэры рэчы. Таксама паведамляецца, што ў дачыненні да Алы Марціновіч распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»).

Разгромленая гомельскімі сілавікамі кватэра палітуцякачкі Алы Марціновіч.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сілавікі працягваюць ціснуць на бацьку добраахвотніка Дзяніса Урбановіча, які ваюе на баку Украіны. Пажылога мужчыну прымусілі на камеру паклікаць сына вярнуцца ў Беларусь. Ён кажа, што Дзяніса «можа, не расстраляюць тут, 10 лет адседзіш». Гэта ўжо не першае відэа, якое сілавікі прымушаюць запісваць бацьку Урбановіча.

Суд над Анатолем Старасвецкім, мужам палітзняволенай Віталіі Бандарэнкі, якога затрымалі адразу пасля спаткання з жонкай на выхадзе з жаночай калоніі, пачнецца 14 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

ГУБАЗіКаўцы апублікавалі чарговае «пакаяльнае» відэа з чарговым затрыманым. На гэты раз гэта быў жыхар Магілёва, якога затрымалі нібыта за паведамленні ў чат-бот плана «Перамога».

У Віцебску другі раз запар судзілі прарасейскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву. Яе абвінавачвалі паводле арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне») і арт. 19.10 КаАП («Прапаганда, выраб ці дэманстраванне нацысцкай сімволікі»). Як стала вядома, першы судовы працэс у дачыненні да Мірсалімавай адбыўся 15 лютага, па выніках таго пасяджэння справу прарасейскай актывісткі адправілі на дапрацоўку.

Сёння стала вядома пра затрыманне жыхара Слуцка. Відэа з ім з’явілася на канале сілавікоў. Хлопца ўзялі нібыта за данат праекту NEXTA, зроблены ў 2022 годзе. Хлопец на відэа кажа, што супраць яго распачатая крымінальная справа і бліжэйшыя восем гадоў ён правядзе за кратамі.

Суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюза «Нафтан» і палітзняволенай Вольгай Брыцікавай адбудзецца 11 сакавіка ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе. Жанчыну будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).

Праваабаронцы паведамілі аб чарговым затрыманні лекара-неўролага Руслана Бадамшына. Гэта адбылося сёння раніцай, пасля мужчыну адвезлі ў Фрунзенскі РАУС. Пасля выбараў Бадамшына арыштоўвалі ўжо мінімум пяць разоў.

Павел Пяскоў.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сёння на свабоду выйшаў палітзняволены Павел Пяскоў, які цалкам адбыў тэрмін. Хлопец быў першым, хто атрымаў палітычны прысуд за падзеі пасля выбараў 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў, звязаным з ужываннем гвалту. Гэта адбылося на акцыі 19 чэрвеня 2020 года ў Маладзечна, падчас якой амапавец дастаў пісталет. Паўлу прысудзілі 3 гады і 3 месяцы калоніі. А ўжо ў калоніі дадалі яшчэ адзін год за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

Праваабаронцы выступілі з заявай, у якой надалі статус «былы палітвязень» адразу 23 асобам, асуджаным за ўдзел у мірных сходах. Гэта Дзмітрый Карпаў, Усевалад Жураўлёў, Вольга Тачоная, Марына Шантыр, Мікалай Давідчык, Варвара Мядзведзева, Іна Шляжко, Мікалай Шляжко, Ганна Шэіна, Сняжана Марозава, Раман Кур’янаў, Максім Бушчык, Ганна Чаркас, Аляксандра Шыдлоўская, Мікіта Новік, Мікіта Машута, Аляксандр Васюковіч, Іван Станкевіч, Віталь Пупін, Уладзіслаў Лагойка, Віталь Палякоў, Аляксей Дмухоўскі, Сяргей Гучок.

Стала вядома пра яшчэ аднаго затрыманага на мяжы пасля вяртання з Польшчы. Мужчыну завуць Ігар Сарокін, яго вінавацяць ва ўдзеле ў паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Берасці.

Палітзняволеную Вольгу Маёраву, якая адбывае пакаранне ў 20 гадоў па так званай «справе Аўтуховіча», зноў будуць судзіць – за непадпарадкаванне адміністрацыі турмы. Суд адбудзецца 5 сакавіка ў судзе Чыгуначнага раёна г. Гомля. Жанчыне могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў