Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 студзеня


«Белсат» падводзіць вынікі 339-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 28 студзеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Сітуацыя па лініі фронту на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці, а таксама на захадзе Луганскай застаецца нязменнай – там працягваюцца пазіцыйныя баі на асобных участках.

Пры гэтым Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны адзначае, што на купянскім і ліманскім кірунках праціўнік засяродзіўся на вядзенні абароны, аднак у ваколіцах Белагораўкі – паўднёвы ўчастак фронту на Луганшчыне – здзейсніў чарговую няўдалую атаку на ўкраінскія пазіцыі.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў дадае, што войскі РФ правялі атакі каля Чырвонапапоўкі, а таксама ў бок Неўскага і Макееўкі.

Больш актыўныя баявыя дзеянні адбываюцца на тэрыторыі Данецкай вобласці, дзе ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ.

Украінскі Генштаб паведамляе, што атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Раздолаўка, Красная Гара, Бахмут, Іванаўскае, Кляшчэеўка, Дружба, Вадзяное, Мар’інка, Пабеда, Вуглядар і Прачыстаўка былі безвыніковымі.

Аналітыкі праекту Deepstatemap адзначаюць, што на бахмуцкім кірунку расейцы намагаюцца падысці да Мікалаеўкі і Васюкоўкі, дзе маюць частковы поспех, штурмуюць сяло Сака і Ванцэці (Салядарская гарадская грамада), таксама працягваюцца баі паміж Іванаўскім і Ступачкамі.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Сямён Пегаў піша, што сілы ПВК «Вагнер» штурмуюць усходнія ўскрайкі Бахмуту, спрабуюць прасунуцца да Раздолаўкі і атакуюць Красную Гару. Таксама журналіст паведамляе пра атаку войскаў РФ у бок Верхнякаменскага.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» заяўляе пра поспехі расейцаў у ваколіцах Раздолаўкі, Іванаўкі, а таксама ў прамысловай зоне ва ўсходняй частцы Бахмуту.

На паўднёвым захадзе ад гораду расейцы набліжаюцца да трасы Бахмут – Канстанцінаўка, што пагаршае лагістыку ЗСУ на гэтым кірунку.

На аўдзееўскім кірунку Deepstatemap фіксуе адноснае зацішша ў дзеяннях расейскіх войскаў. Таксама аналітыкі пацвярджаюць прысутнасць ЗСУ ў цэнтральнай частцы Мар’інкі.

Навапаўлаўскі кірунак характарызуецца працягам баёў у ваколіцах Вуглядару.

Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Deepstatemap піша пра вялікія страты ў расейскага войска, якое намагаецца прасунуцца ў прыватным сектары.

Пегаў паведамляе, што войскі РФ кінулі асноўныя сілы на паўднёвыя ўскрайкі гораду, але ЗСУ трымаюць абарону, паколькі паспелі выбудаваць сур’ёзную лінію абароны і сцягнуць рэзервы.

Сітуацыя па лініі фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай – там працягваюцца артылерыйскія абстрэлы.

Паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў было знішчана каля 800 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ перавысілі 125 тысяч чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны. 

ВК belsat.eu 

Стужка навінаў