«Людзі з Беларусі просяць не пісаць лістоў». Як беларусаў падтрымліваюць з Японіі


Нашая суразмоўца пазнаёмілася з беларусамі, калі дзяцей, пацярпелых ад выбуху на ЧАЭС, адпраўлялі на аздараўленне ў тым ліку ў Японію. Тады ж пачала цікавіцца беларускаю культурай і вывучаць расейскую мову. За беларускую ўзялася параўнальна нядаўна: калі ў Японіі згуртавалася беларуская суполка.

Акцыя беларусаў у Японіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Дзеці пасталелі і не страцілі кантактаў з японскаю сяброўкаю.

«Я вельмі берагу гэтыя стасункі. Таму для мяне Беларусь – родная краіна», – прызнаецца суразмоўца.

Акрамя вывучэння мовы, нашая гераіня займаецца рэлігіязнаўствам у галіне стараверства. З экспедыцыямі ездзіла ў Расею, Украіну і Беларусь, у самыя глухія месцы. Яна нават прыняла праваслаўе і абрала сабе імя беларускай святой – Еўфрасінні. Свайго сапраўднага імя не афішуе, бо афіцыйна Японія не выказала падтрымання дэмакратычным сілам Беларусі: суразмоўца асцерагаецца пераследу. Апошні раз у нашую краіну яна ездзіла ў лютым 2020 года, пражыла каля месяца.

«Я так даўно камунікую з беларусамі, што для мяне было вельмі натуральным пачаць падтрымліваць гэтых людзей. Проста адчувала гэта як сваю праблему», – згадвае Еўфрасіння.

Акцыя беларусаў у Японіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

У жніўні 2020-га ў беларускай амбасадзе ў Токіа нават не адкрыўся выбарчы ўчастак. Лік беларусаў у Японіі не ідзе на сотні, але нават тым дзясяткам, што аб’ядналіся ў супольнасць, хацелася аддаць свае галасы. На сустрэчах і пікетах каля амбасады беларусы і пазнаёміліся:

«Да таго лета я не была знаёмая з мясцовымі беларусамі. На дзіва, і самі беларусы не былі знаёмыя паміж сабой. У параўнанні з расейцамі ці ўкраінцамі беларусы больш сціплыя, далікатныя і спакойныя, яны проста жылі недзе ў сабе. Але падзеі 2020 года іх аб’ядналі, і мне давялося перазнаёміцца з імі і далучыцца да дзейнасці. Вельмі хацелася нечым дапамагчы сваім сябрам-беларусам і ў Беларусі. Таму я проста падышла і пазнаёмілася з імі. Яны мяне прынялі як сваю і запрасілі ў свой чат, сваё кола і сваю групу для вывучэння беларускай мовы, якая называецца «Беларуская гутарня».

Артыкулы
Беларусы Швецыі дамагаюцца ад ураду прыняцця ўцекачоў і падтрымання беларускай супольнасці
2022.01.22 16:00

Раз на тыдзень беларусы сустракаюцца ў «Zoom» і дзеляцца інфармацыяй пра Беларусь, пра мову і пра свае надзённыя рэчы на беларускай мове.

«Веданне мовы мае вялікую ролю ў гэтай барацьбе, як і веданне культуры. Таму я намагаюся камунікаваць з беларусамі як мага часцей. Таксама я сачу за медыямі, што даюць інфармацыю пра беларускія падзеі на беларускай мове», – падзялілася Еўфрасіння.

Праз тое, што беларусы жывуць у розных гарадах і суполка налічвае каля 30 чалавек, збіраецца дыяспара рэдка для правядзення супольных акцыяў. А жыццё онлайн у іх, натуральна, віруе. На Каляды яны зладзілі сустрэчу ў «Zoom» з усімі складнікамі абраду калядавання.

«Я сама праз працу не паспела падрыхтавацца. Але іншыя ўдзельнікі пераапраналіся. Былі жывёліны, нехта быў Лісою, Казою, была баба, і нават іншапланетніца была! І так, калядавалі», – са смехам згадвае нашая суразмоўца.

Акцыя беларусаў у Японіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Асаблівае месца ў жыцці беларусаў Японіі займае падтрыманне землякоў у Беларусі:

«Мы намагаемся знайсці ўсе магчымыя шляхі падтрымання беларусаў. І грашыма дапамагаем, далучаемся да розных акцыяў і фондаў, збіралі на падарункі дзецям палітвязняў на Новы год таксама. І лісты пішам, вядома. На жаль, нікому, наколькі я ведаю, не прыходзяць адказы ад палітзняволеных. Але гэта і не самае галоўнае. Калі нашыя лісты перадаюць вязням, калі яны ведаюць, атрымліваюць нашую падтрымку – вось гэта істотна».

Свае першыя лісты Еўфрасіння паслала Марыі Калеснікавай, якая сталася для яе натхненнем і прыкладам мужнасці. Еўфрасіння выкладае расейскую мову і распавядае сваім студэнтам пра Беларусь і тое, што тут адбываецца. Маладзёнаў кранае гісторыя нашых пратэстаў і лёсы зняволеных, яны далучаюцца да напісання лістоў.

Колькі разоў на год беларусы збіраюцца з розных кутоў краіны, каб зладзіць супольныя акцыі.

«Для нас гэта вялікая падзея, калі мы ідзем маршам ці пікет. Мы рабілі такі ў Дзень салідарнасці. На акцыі звяртае ўвагу прэса. Мы знайшлі кантакты журналістаў, якія асвятляюць і іншыя акцыі. І тое, што робіцца ў Беларусі. Да таго японцы вельмі мала ведалі пра Беларусь. А акцыі – добрая нагода, каб тутэйшыя звярнулі ўвагу і на нас, і на праблемы ў Беларусі», – падкрэсліла Еўфрасіння.

Гісторыі
Беларуска была вымушаная ўцякаць з Санкт-Пецярбургу праз пераслед за акцыі салідарнасці
2022.01.09 08:00

Вялікаю нагодаю для пікетаў беларускай суполкі стала Алімпіяда ў Токіа.

«Гэта была для нас самая істотная падзея і магчымасць афішаваць тое, што адбываецца ў Беларусі. Да нас прыязджалі спартоўцы з розных краінаў, і мы якраз у дзень адкрыцця Алімпіяды зладзілі акцыю проста каля алімпійскай вёскі, скандавалі ў бок інтэрнату, дзе жывуць спартоўцы, чыталі спісы тых, хто падпісаў ліст супраць гвалту. Нашыя беларусы вельмі сціплыя, а я ў мегафон гаварыла гучна: і «Жыве Беларусь!», і «Волю палітвязням!» і гэтак далей», – згадвае Еўфрасіння.

Тая падзея прыцягнула ўвагу і спартоўцаў, і журналістаў:

«Да нас падыходзілі людзі, распытвалі. Мы загадзя паведамілі нашым знаёмым журналістам, і яны таксам нас чакалі і далі ў свае медыі інфармацыю. Мінакі таксама звярталі на нас увагу, калі мы чыталі нашыя лозунгі ці нашыя патрабаванні».

За паўтара года суполка беларусаў займела сваіх сябраў сярод медыяў:

«Японская кампанія NHK – самая вялікая тэлекампанія, там ёсць журналісты, якія спачуваюць беларусам. Яны не раз паведамлялі ў сваіх праграмах пра падзеі ў Беларусі. Таксама ёсць буйное агенцтва Кіёто, газеты і сайты, яны цяпер ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі. Спачатку мы самі прыцягвалі іх увагу. А цяпер яны да нас звяртаюцца па інфармацыю ці дапамогу, калі трэба нешта перакласці. Цяпер яны спадзяюцца на нашую інфармацыю».

Акцыя беларусаў у Японіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

На гэты год планаў суполка не робіць. Прычына збольшага ў тым, што бракуе чалавечых сілаў. Другая прычына – страх за сваякоў у Беларусі.

«Шмат хто з Беларусі баіцца камунікаваць з намі. З людзьмі за мяжою. Некаторыя нават просяць не пісаць лістоў ці не дасылаць нічога. Вельмі сумная сітуацыя. Людзі баяцца атрымліваць хоць нешта з-за мяжы. Размова можа быць толькі пра надвор’е. Але я ўсё адно дасылаю сваім сябрам і лісты, і пасылкі. Бо я разумею, што там людзям вельмі цяжка. А менавіта таму я і хачу ім хаця б ласункамі ўзняць настрой», – прызнаецца Еўфрасіня.

Самы складаны момант – камунікацыя з японскімі палітыкамі. Нашая суразмоўца адзначыла, што і грамадства, і кіраўніцтва краіны вельмі мала ведае аб працэсах у Еўропе і пра Беларусь у прыватнасці:

«У нас тэрытарыяльная праблема з Расеяй, таму складана выразіць уласнае меркаванне, нават гуманітарнае. Таму нам вельмі цяжка знайсці кантакты сярод палітыкаў, якія б нас падтрымалі. Мы намагаемся, шукаем выхады. Але адбылася яшчэ такая непрыемнасць: на Хакайда летась адкрылі ганаровае консульства, дзе ганаровым консулам стаў японец, які падтрымлівае рэжым. Для нас гэта быў шок! Чаму менавіта цяпер прынялі такое рашэнне – вельмі незразумела. Хіба той чалавек не ведае пра сітуацыю цяпер?! Гэта проста немагчыма!

Мы намагаемся даць грамадству Японіі праўдзівую інфармацыю, а тут адбываецца такое. Таму я хачу, каб увесь свет і людзі ў Беларусі ведалі, што тут ёсць асобы, якія падтрымліваюць і хвалююцца за беларусаў».

Адна з беларусак Японіі цяпер дапамагае японскім журналістам ствараць праграмы і навіны пра Беларусь.

Суразмоўца прызналася, што адчувае сябе часткаю беларускае дыяспары ў Японіі ды з радасцю наведае Беларусь, калі гэта стане магчыма.

Артыкулы
«Да 2020 года для датчанаў Беларусі не існавала». Як жыве беларуская дыяспара ў Даніі
2022.01.23 16:05

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў