Шматпалярная Індыя. Каго падтрымае ў глабальным супрацьстаянні Нью-Дэлі


Індыя, насельніцтва якой ужо можа быць найбольшым у свеце, у пытанні глабальнага супрацьстаяння займае досыць невыразную пазіцыю. У прычынах гэтага і ў тым, ці пяройдзе Нью-Дэлі на бок заходніх саюзнікаў, карэспандэнты «Белсату» разбіраліся разам з экспертамі.

Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі падчас двухбаковай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на саміце ШАС у Самаркандзе. 16 верасня 2022 года.
Фота: Press Information Bureau / Pib Pho / Zuma Press / Forum

Летась Аляксей Захараў, навуковы супрацоўнік Цэнтру індыйскіх даследаванняў Інстытуту ўсходазнаўства Расейскай акадэміі навук, пісаў пра актыўнае збліжэнне Індыі з ЗША. Паводле яго, стасункі дзвюх краін былі «на піке свайго развіцця», у тым ліку з прычыны супрацьстаяння Кітаю.

Але ў канцы 2021 года падчас візіту Уладзіміра Пуціна Расея і Індыя падпісалі шматлікія пагадненні пра супрацу ў розных сферах: ад вуглевадародаў і ІТ да вайсковай сферы. У тым ліку дамовіліся пра ўзаемадзеянне войскаў, пастаўкі і распрацоўку ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны РФ ва Украіне Індыя праігнаравала нафтавыя абмежаванні супраць Расеі. Тая ж праз праблемы продажу сваёй нафты на Захадзе прапанавала ёй зніжкі да $ 35 за барэль. І Індыя нарасціла куплю расейскай нафты, атрымаўшы на канец сакавіка каля 16 млн барэляў, або каля паловы паставак за 2021 год.

Наведаў Індыю і міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў, які распавядаў пра «сяброўства», што не залежыць «ад дыктату і шантажу». А прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў індыйскага прэм’ера Нарэндру Модзі не павялічваць імпарту паліва з Расеі, бо гэта «не ў інтарэсах краіны». І паабяцаў дапамагчы ў дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў.

Разбор
Душаць пратэсты і пастаўляюць дроны Расеі. Што адбываецца ў Іране, і што з гэтым можна зрабіць
2022.10.24 16:03

Але толькі ў ліпені Індыя, якая разам з Кітаем стала найбуйнейшым імпарцёрам расейскай нафты, пачала скарачаць яе куплю, замяніўшы яе саудаўскай. Асабліва моцна купля расейскай нафты зменшылася пасля візіту ў канцы жніўня чыноўнікаў з ЗША, адказных за санкцыйную палітыку: абʼём паставак нафты з Расеі ў Індыю ўпаў да мінімуму з лютага 2022 года.

Затым стала вядома, што індыйскія НПЗ могуць наагул спыніць куплю расейскіх нафтапрадуктаў. Афіцыйна – бо стала даражэй транспартаваць расейскую нафту, чым аналагі з Афрыкі і Блізкага Усходу. Але напярэдадні таго, як 5 снежня запрацуюць новыя санкцыі Еўразвязу, пастаўкі расейскай нафты ў Індыю актывізаваліся. Сюды, а таксама ў Турцыю і Кітай, масава скіраваліся танкеры з расейскай нафтай. Тым не менш, два ключавыя індыйскія НПЗ ужо прыпынілі яе закупы з дастаўкай пасля 5 снежня, каб не трапіць пад другасныя санкцыі.

Не займае Нью-Дэлі выразнай пазіцыі адносна вайны ва Украіне і ў ААН. Падчас чатырох галасаванняў адносна рэзалюцыяў з асуджэннем расейскай агрэсіі Індыя ўстрымалася: не падтрымала Крэмль, як рэжымы Лукашэнкі ці КНДР, але і Кіеву свой голас не аддала.

Арыентацыя на сябе

У каментары «Белсату» галоўны кансультант украінскага Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аліна Грыцэнка адзначыла, што пазіцыя Нью-Дэлі можа выглядаць супярэчліва з пункту гледжання Украіны ці заходніх дзяржаваў, але не з гледзішча індыйскіх палітыкаў.

Грамадзяне Украіны трымаюць нацыянальны сцяг на знак салідарнасці з суайчыннікамі. Нью-Дэлі, Індыя. 1 красавіка 2022 года.
Фота: Adrian Abidi / Reuters / Forum

«Яны не выступаюць ні на баку Расеі, ні на баку Украіны. Яны выступаюць на баку Індыі. Яна відавочна не падтрымвае ні адзін з бакоў, не надае ніякага істотнага падтрымання, акрамя гуманітарнай дапамогі Украіне. Але пры гэтым яны прапаноўваюць пасярэдніцтва, заклікаюць да мірнага ўрэгулявання, выступаюць у ААН з рознымі ініцыятывамі», – распавяла суразмоўца.

І дадала, што «Індыя арыентуецца перадусім на сябе»:

«Выгадна ім на гэты момант супрацоўнічаць з Расеяй – яны з Расеяй супрацоўнічаюць. Адкрылася акно магчымасцяў для куплі танных энерганосьбітаў і энергарэсурсаў – яны купляюць».

Аналітыка
Дыктатары, тэрарысты і сепаратысты. Хто падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны
2022.03.28 19:46

Гэта ж датычыць і вайсковай супрацы з Расеяй, ад якой Нью-Дэлі пакуль адмовіцца не можа, хоць санкцыі і парушылі лагістычныя ланцужкі і маршруты транспартавання ўзбраення з РФ. Таксама Індыя актыўна апрацоўвае расейскія алмазы, якія пасля гэтага перастаюць трапляць пад санкцыі, і пастаўляе іх у іншыя краіны, у тым ліку ЗША.

Уплываюць на вонкавую палітыку Індыі і былыя дружалюбныя стасункі з СССР ды прыналежнасць Індыі да Руху недалучэння, дзе краіна была сярод заснавальніц, кажа Аліна Грыцэнка. Агулам, на ейную думку, геапалітычны выбар Нью-Дэлі – гэта «Make India great again», каб краіна стала рэгіянальным, а ў перспектыве – і глабальным лідарам.

Розныя саюзнікі і праціўнікі

Беларускі адмысловец у нееўрапейскіх рэгіёнах Яўген Красулін дадае, што Індыя гуляе «некалькі роляў у некалькіх гульнях», дзе ў яе «розныя канфігурацыі саюзнікаў і праціўнікаў ды крышачку розныя інтарэсы».

«Яна, з аднаго боку, чалец «заходняга» дэмакратычнага свету, які заўжды імкнуўся прытрымвацца канцэпцыі дэмакратыі і правоў чалавека, і тут ад яе чакаюць дзеянняў супраць Расеі. З іншага боку, гэта краіна з вялікім насельніцтвам, якое трэба хаця б карміць. Гэта зацікаўленасць і ва ўгнаеннях з Расеі і Беларусі, у паліве і энерганосьбітах, сельскагаспадарчай тэхніцы», – адзначае аглядальнік.

Паводле яго, Індыя вымушаная шукаць пэўны кампраміс паміж каштоўнаснымі момантамі і канкрэтнымі праблемамі, але так, каб не заходзіць «за чырвоныя лініі». У выніку яна актыўна карыстаецца тэрмінамі, калі санкцыі яшчэ не дзеяць, каб зрабіць, напрыклад, запас калійных угнаенняў з Беларусі ці нафты з Расеі.

«Пасля таго, як санкцыі набудуць моц, пазіцыя Індыі, хутчэй за ўсё, зменіцца. І яна будзе граць разам з усім заходнім аркестрам, які выступае супраць Расеі», – мяркуе Яўген Красулін.

Пры гэтым ён нагадаў, што на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) Індыя «ва ўнісон з кітайскай пазіцыяй» заклікала Расею як мага хутчэй завяршыць баявыя дзеянні і перайсці да мірных дамоваў.

«Яны адрасавалі гэта не ўкраінскаму боку, а менавіта расейскаму. І даволі рэзкія выказванні на саміце ў бок Пуціна паказваюць, што прынамсі на ўзроўні дэкларацыяў Індыя імкнецца прытрымвацца пазіцыі супраць вайны, агрэсіі і за спыненне тых падзеяў, якія цяпер адбываюцца ва Украіне», – падкрэслівае Яўген Красулін.

Супернік па-суседстве

Традыцыйным супернікам Індыі ў рэгіёне застаецца Кітай, з якім Нью-Дэлі нават мае спрэчную тэрыторыю Усходняга Лядаху, якую КНР узяла пад свой кантроль падчас кітайска-індыйскай вайны ў 1962 годзе. У 2020–2021 гадах паміж краінамі зноў здарыўся канфлікт. І гэтая праблема дагэтуль моцна ўплывае на двухбаковыя стасункі, кажа Яўген Красулін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты Тыбецкага моладзевага кангрэсу пратэстуюць супраць зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне, называючы іх «Алімпіядай генацыду». Нью-Дэлі, Індыя. 4 лютага 2022 года.
Фота: Pacific Press Media Production Corp. / Alamy / Alamy / Forum

На апошнім з’ездзе кіроўнай Камуністычнай партыі лідар КНР Сі Цзінь Пін выступіў з заявамі, якія сярод іншага прадугледжваюць магчымасць ужывання Пекінам вайсковай сілы ў рэгіёне. Але, адзначае Аліна Грыцэнка, ад Кітаю ў бліжэйшую пяцігодку не варта чакаць агрэсіўных дзеянняў, асабліва ў дачыненні Індыі. Паводле яе, Пекін, хутчэй за ўсё, засяродзіцца на ўнутраных праблемах, якіх «дастаткова». Аналітык дадае, што для КНР вельмі нявыгадная дэстабілізацыя ў прымежных і спрэчных раёнах, што можа адбіцца і на сітуацыі ў мяцежным Тыбеце.

На думку Аліны Грыцэнкі, кіраўнікам Індыі і Кітаю, Нарэндру Модзі і Сі Цзінь Піну складана шукаць агульную мову, але яны будуць максімальна падтрымваць стасункі, хоць і «на адлегласці выцягнутай рукі».

Разбор
Падзеі ў КНР: Сі Цзінь Пін збіраецца будаваць аднапалярны свет з Кітаем на чале
2022.10.25 11:00

У сваю чаргу Яўген Красулін мяркуе: прыклад саміту ШАС паказаў, што інтарэсы Індыі і Кітаю ў Цэнтральнай Азіі «пакуль не выглядаюць надта супярэчнымі». Паводле яго, пытанне ў тым, ці Сі Цзінь Пін будзе і надалей прасоўваць ініцыятыву «Адзін пояс – адзін шлях» як гульню са станоўчай сумай, дзе выйграюць усе, ці ён узяў курс на гульню з нулявой сумай, дзе нехта прайграе, а нехта выйграе. Але, дадае аглядальнік, жорсткая рыторыка ЗША да Кітаю «хутчэй настройвае на тое, што будзе процістаянне, нацэленае на гульню з нулявой сумай».

Галоўны болевы пункт

Іншая вялікая праблема, кажа Яўген Красулін, – Пакістан, традыцыйны саюзнік Кітаю, а «Індыя мае з ім тыя ж тэрытарыяльныя праблемы, прычым у тым самым рэгіёне, дзе і Усходні Лядах».

«І тут будзе вельмі цяжка знайсці, на якой платформе Індыя і Кітай могуць дасягнуць паразумення. Таму ў супрацьстаянні з Кітаем Індыя застанецца на баку ЗША», – лічыць аглядальнік.

Аліна Грыцэнка таксама адзначае, што Пакістан – гэта самы болевы пункт Індыі, «на які могуць націснуць Расея і Кітай». Паводле яе, тое, што Расея апошнімі гадамі больш актыўна ўзаемадзее з Пакістанам, таксама прымушае Нью-Дэлі захоўваць з ёю дружалюбныя стасункі.

«Індыя, прынамсі да ўварвання Расеі ва Украіну, асцерагалася стварэння трыкутніка Масква – Ісламабад – Пекін, бо гэта будзе катастрофа для нацыянальнай бяспекі Індыі», – кажа аналітык.

Аліна Грыцэнка адзначае, што Індыя спрабуе сачыць за стасункамі КНР і РФ з Пакістанам і не выпусціць нічога з-пад увагі. Але экспертка не чакае, што палітыка Індыі адносна Кітаю кардынальна змяніцца. Паводле яе, галоўнае – падтрыманне стабільнай абстаноўкі, «а ініцыяваць нейкі канфлікт на мяжы Індыя сапраўды не будзе, як і Кітай».

Прэм’ер-міністр Індыі размаўляе з прэзідэнтам Францыі. Шлёс-Эльмаў (Schloss Elmau), Нямеччына. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum

На думку Аліны Грыцэнкі, не даводзіцца казаць і пра нейкі саюз Расеі і Кітаю, які мог бы заахвоціць Індыю змяніць сваю палітыку. Паводле яе, «у Кітаю ёсць толькі адзін саюзнік – гэта Кітай», а Расея – «гэта проста велізарная бензакалонка і велізарны пул з рэсурсамі».

Азіяцкаму NATO быць?

Калі ж супрацьстаянне Захаду з Кітаем будзе нарастаць, то, упэўнены Яўген Красулін, «Індыя цвёрда застанецца ў заходнім лагеры». Ён нагадаў, што яна з ЗША, Японіяй і Аўстраліяй ужо ўваходзіць у «Quad» – чатырохбаковы дыялог аб бяспецы, што лічыцца «антыкітайскім NATO». Праўда, прызнае суразмоўца, гэта вельмі нефармальная арганізацыя, дзе няма жорсткіх дамоўленасцяў, «але гэта тое ядро, вакол якога можа спалучацца своеасаблівы санітарны кардон вакол Кітаю, каб ён не пашыраў сваёй экспансіі».

Пакуль жа, заяўляе Аліна Грыцэнка, усе ініцыятывы ў межах «Quad» у асноўным гуманітарныя, а сама платформа «застаецца форумам для абмену інтарэсаў» і стварэння ініцыятываў, альтэрнатыўных кітайскім. Яна не выключае, што краіны-ўдзельніцы змогуць правесці супольныя вайсковыя вучэнні, але хутчэй у рамках двухбаковага ці трохбаковага фармату, каб не выклікаць «рэзка негатыўнай рэакцыі Кітаю». Развіваць жа «Quad» у вайсковым плане і ствараць вайсковы альянс супраць Кітаю – «выбухованебяспечна», лічыць экспертка.

Пакуль жа, мяркуе яна, Індыя хутчэй за ўсё змяняць сваёй пазіцыі не будзе. Не паўплываюць на гэта і парламенцкія выбары 2024 года, на якіх з вялікай імавернасцю зноў пераможа партыя дзейнага прэм’ера Нарэндры Модзі.

Аналітыка
«Ёсць куды скачвацца». Ці выльюцца канфлікты вакол Косава, Тайваню і Украіны ў трэцюю сусветную
2022.08.15 11:10

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў