Першы эпізод серыялу «Працэсы» заняў другое месца на кінафестывалі «Fantastic Fest 2023»


Першы эпізод серыялу «Працэсы», прэм’ера якога плануецца на «Белсаце» ў снежні 2023 года, паказалі на прэстыжным амерыканскім кінафестывалі «Fantastic Fest 2023». Серыя «Ператрымка» заняла ў намінацыі «Fantastic shorts» другое месца, паведаміў адзін са стваральнікаў серыялу Андрэй Кашперскі.

Конкурсныя прагляды першага эпізоду «Ператрымка» адбываюцца ў межах кінафоруму 23 і 27 верасня. Амерыканскі глядач пабачыць стужку пад назвай «Fostering». Нагадаем: першы белсатаўскі серыял «Працэсы» распавядае пра абсурдную беларускую рэчаіснасць. Паводле сюжэту, праз недахоп месцаў у турмах Беларусі супрацоўнік АМАПу мусіць прымаць у сябе ўдома да трох палітычных вязняў кожныя два тыдні.

Фестываль «Fantastic Fest» – адзін з найбуйнейшых фестываляў у ЗША, які адбірае для сваіх паказаў найлепшыя працы сярод жахлівікаў, фэнтэзі і фантастычных фільмаў нацыянальных і замежных кінематаграфістаў. Фестываль праводзіцца штогод у Остыне, штат Тэхас.

Праз страйкі сёлета фестываль прайшоў не так масава. Аднак яго змаглі наведаць актор Мэлкам МакДаўэл, які згуляў галоўныя ролі ў фільмах «Завадны апельсін» і «Калігула»; рэжысёр Рычард Лінклэйтэр («Перад заходам», «Перад світаннем», «Перад поўначчу», «Малалецтва»); рэжысёр Крыстафэр Борглі , які зняў з Нікаласам Кейджам новы хвацкі фільм «Dream Scenario» , чый сюжэт, як зазначае Андрэй Кашперскі, крыху падобны на «Прыснілася».

Ужо вядома, што «Ператрымкай» (першая навела «Працэсаў») зацікавіўся і Лонданскі кінафестываль. Неўзабаве стане вядома, ці пройдзе стужка афіцыйны адбор (кінафестываль у Лондане пачынаецца 4 кастрычніка).

Прэмʼера першага сезону «Працэсаў» у кінатэатры і на дыджытал-пляцоўках «Белсату» адбудзецца 25 лістапада. Гэта чатыры эпізоды: «Ператрымка», «Патрыятычнае практыкаванне», «Прыснілася» і «Праграма перадачаў».

Інтэрв’ю
Першую навелу серыялу «Белсату» «Працэсы» пакажуць на прэстыжным «Fantastic Fest» у ЗША
2023.09.23 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў