Гэта «П******». Чорная камедыя пра беларускую (і не толькі) рэчаіснасць


Галоўная прэм’ера сезону – «Працэсы». Першы серыял «Белсату» аўтарства Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя.

Зняць серыял-анталогію ў стылі чорнай абсурдысцкай камедыі аўтараў натхнілі штодзённыя навіны з Беларусі і з-за яе межаў: рэпрэсіі, затрыманні, прававы дэфолт, беззаконне чыноўнікаў і сілавікоў, насаджэнне дзяржаўнай ідэалогіі ў школах ды ўрэшце вайна ва Украіне. Творцы давялі кожную падзею да абсурду, паказаўшы, чым гэта ўсё можа закончыцца. З кожным днём тое, што адбываецца ў серыяле, робіцца ўсё больш падобным да рэальнасці.

«Гэта вельмі цікавы і амбітны праект. Незвычайны – пры дапамозе сатыры і гратэскавых формаў – погляд на сучасную беларускую рэчаіснасць у некалькіх асобных навелах», – зазначае дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Працэсы» – гэта чатыры серыі канцэнтраванага абсурду ў рэжысуры Андрэя Кашперскага. Над сцэнарамі Андрэй працаваў разам з Міхасём Зуём.

Рэжысёр Андрэй Кашперскі (злева) і актор Міхаіл Зуй (справа) падчас здымкаў серыялу «Працэсы». Варшава, Польшча. 13 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Мы прагнем адрэфлексаваць тое, што з намі адбываецца. Прычым адрэфлексаваць, можа, не ў жорсткай, але вельмі сур’ёзнай і ў той жа час абсурдысцкай форме», – кажа суаўтар сцэнара Міхась Зуй.

У здымках быў задзеяны зорны склад актораў: Андрэй Новік, Валянціна Гарцуева, Алег Гарбуз, Ігар Сігоў, Зоя Белахвосцік ды іншыя. Галоўную ролю ў адной з навелаў зайграла Яна Траянава, вядомая з фільмаў «Краіна ОЗ», «Жыць», «Ваўчок» і серыялу «Вольга».

Яна Траянава на здымках серыялу «Працэсы» ў Варшаве, Польшча. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Прэмʼера адбудзецца ўжо ў снежні ў кінатэатры і на дыджытал-пляцоўках «Белсату». Каб не прапусціць дакладнай даты, сачыце за інфармацыяй на нашым сайце, у эфіры ды сацыяльных сетках.

belsat.eu

Стужка навінаў