Сябра праўладнай «Белай Русі» раскрытыкавала прапагандыста Рыгора Азаронка. «Я не магу прыняць тае формы, у якую ён звальваецца. Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай», – напісала Святлана Вараніца ў сваім Telegram-канале.
Намесніца старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца падзялілася сваімі думкамі, калі «двойчы праслухала ўчорашнюю праграму Рыгора Азаронка».
«Калі б у жыцці не сустракалася, не ведала, то пастанавіла б, што слухаю ўтрапёную асобу. Адчуванне, што ён стаў закладнікам вобраза на тэлевізіі, які ці то сам сфармаваў, ці то гэта камандная праца», – заявіла Вараніца.
Яна пераказала размову са сваёй маці, якая папрасіла не чапаць Азаронка, «хай сабе кажа, што хоча», адкрыта прыніжае і запужвае, і не вядома, «якія людзі на якіх пасадах яму за гэта б’юць у ладкі», таму могуць адпомсціць.
«Я маці разумею, толькі не магу не думаць пра сваіх дзяцей, унукаў, пра краіну. Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб іх запужвалі казематамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным», – адзначыла праўладная актывістка.
Яна прызналася, што «не можа прыняць тае формы, у якую звальваецца» ейны таварыш па партыі.
«І я супраць ашалелага шальмавання рэктарскага корпуса Беларусі», – падсумавала Вараніца.
Яна мела на ўвазе разважанні Азаронка пра інтэлігенцыю. Прапагандыст заявіў: «Нібыта ж універсітэты – гэта авангард дзяржаўнай думкі. Дык якога чорта ніводзін рэктар не пад санкцыямі?» Ён таксама пашкадаваў, што «на майстраў культуры няма Берыі, Сталіна і Жданава».
Раней Вараніца завочна дыскутавала з «інфаказачкай» Вольгай Бондаравай, называючы ейныя прэтэнзіі да аднаго дзіцячага спектаклю «трызненнем запаленай свядомасці».
Сяргей Крот belsat.eu