«Мала. Трэба болей». Як у Варшаве рэагуюць на расейскую вайсковую тэхніку


На варшаўскім Замкавым пляцы ў панядзелак з’явілася расейская тэхніка – падбітыя ва Украіне танк Т-72БА ды гаўбіца 2С19 «Мста-С», а таксама фрагменты расейскіх ракетаў. Карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў з першымі наведнікамі выставы, зарганізаванай Міністэрствам абароны Украіны і канцылярыяй прэм’ер-міністра Польшчы.

Выстава «За нашу і вашу свабоду»
Мужчына аглядае рэшткі расейскай вайсковай тэхнікі, падбітай ва Украіне. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Знішчаная расейская тэхніка з’явіліся ў панядзелак у самым турыстычным месцы польскай сталіцы, на Замкавым пляцы Старога гораду – адкрытым месцы, дзе апоўдні няма ніводнага пункту, дзе можна было б схавацца ў цень. Нягледзячы на спёку, да агароджы вакол тэхнікі ўвесь час падыходзяць дзясяткі людзей. Гатычна-барокава-класіцыстычная архітэктура Каралеўскага замку, насупраць якога стаіць тэхніка, узмацняе адчуванне, што ўзнікае пры праглядзе гістарычных здымкаў. Натоўп гледачоў вакол вайсковых трафеяў аднолькавы ў розныя часы, у розных краінах.

Уздоўж металічных бар’ераў – стэнды на польскай, украінскай і англійскай мовах з гісторыямі падбітых экзэмпляраў.

Выстава «За нашу і вашу свабоду»
Гармата расейскай гаўбіцы, падбітай ва Украіне, на Замкавым пляцы ў Варшаве, Польшча. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Гаўбіца была падбітая ў Сумскай вобласці і кінутая расейцамі. Пазней украінская тэрытарыяльная абарона перадала яе арміі на запчасткі. Каля шыльды па-англійску – жанчына ў блакітна-жоўтай кашульцы.

Вольга Даворэк нарадзілася ў Івана-Франкоўску, але апошнія дваццаць гадоў жыве ў ЗША. Ейны тата – таксама ў Штатах, мама на Радзіме, брат на фронце. Цяпер Вольга займаецца зборам гуманітарнай дапамогі. Два тыдні таму разам з іншымі ўкраінскімі эмігрантамі яна набыла машыну хуткай дапамогі, напоўніла яе медыкаментамі і прывезла ўсё ў Кіеў. Цяпер ляціць дахаты, у Варшаве – перасадка некалькі гадзінаў.

«Вельмі міла гэта бачыць. Мы вельмі цэнім падтрыманне з боку палякаў і тое, што яны робяць для нас. Гэтая выстава паказвае, як сапраўды выглядае вайна і тое, што адбываецца ўва Украіне проста цяпер, – кажа жанчына і пачынае плакаць.

Выстава «За нашу і вашу свабоду»
Людзі фатаграфуюць расейскую вайсковую тэхніку, падбітую ва Украіне. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Танк, гармата якога цяпер цэліцца ў помнік каралю Жыгімонту III, быў падбіты Збройнымі сіламі Украіны сёлета 31 сакавіка падчас вызвалення вёскі Дзмітраўка пад Бучай у Кіеўскай вобласці. Побач з танкам знайшлі цела камандзіра ўзводу 5-й асобнай бранятанкавай брыгады Юрыя Дайназанава. У баі за Дзмітраўку расейцы страцілі агулам дзевяць танкаў і амаль паўсотні жаўнераў.

Цяпер тэхнічныя характарыстыкі танка, падпёртага свежымі дошкамі, абмяркоўваюць двое палякаў. На маё пытанне, што думаюць пра выставу, сінхронна кажуць: «Мала!».

«Трэба болей такой тэхнікі, – кажа спадар Антоні. – Такая выстава дапамагае мець кантакт з тым, што адбываецца на ўсходзе».

Выстава «За нашу і вашу свабоду»
Гусеніца расейскага танка, падбітага ва Украіне, на Замкавым пляцы ў Варшаве, Польшча. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Спадар Віктар кажа, што даведаўся пра выставу з навінаў яшчэ ўчора, сёння падняўся рана, хутка ўмыўся – і адразу сюды.

«Раніцай тут яшчэ не было плоту, пазней паставілі – відаць, каб нехта не скраў танк. Від гэтай тэхнікі радуе сэрца, але, мяркую, што гусеніцы мусяць стаяць тут, а вежа – на пяць метраў далей».

Падчас размовы з мужчынамі да агароджы падыходзіць малады хлопец, які плюе на танк.

Знаёмлюся: беларус, у Варшаве ўсяго два тыдні, з’ехаў дзеля працы, але хоча вярнуцца, таму адмаўляецца назваць імя: «Прыдумайце мне псеўданім самі».

«Плюнуў, бо ў мяне сябры ва Украіне, я ненавіджу вайну, ненавіджу Расею. Каб выказаць сваю нянавісць, гэта найменшае, што я магу зрабіць – апроч дасылання грошай сябрам ды падтрымання ЗСУ, – кажа ён. – На жаль, мы пазбаўленыя магчымасці падтрымліваць Украіну актыўна. Мне вельмі сорамна за гэта».

На думку хлопца, выстава будзе карыснай перадусім для палякаў: яны мусяць бачыць, куды ідуць іхныя грошы, ды разумець, што будзе далей, калі Украіна не вытрымае і не пераможа ў гэтай вайне.

«Гэта не цацкі, не камп’ютарныя гульні, не кіно – гэта машына забойства. Спадзяюся, гэтая пачварная куча металу не забіла нікога, – кажа ён. – Гэта смерць, гэта тое, што ўяўляе сабою Расея – як грамадства, як народ, як краіна».

Выстава «За нашу і вашу свабоду»
Дзеці каля расейскай вайсковай тэхнікі, падбітай ва Украіне. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

На пытанне, ці паўплывала вайна на стасункі з ягонымі ўкраінскім сябрамі, мой суразмоўца кажа, што яму пашанцавала – яны яго не ненавідзяць.

«Яны разумеюць, што ёсць беларусы і ёсць рэжым. Але большасць украінцаў, сапраўды, не разумее, што ў нас акупацыя і хунта. Што пратэст супраць вайны – гэта катаванні, гады ў турме і, магчыма, страта жыцця. Але мне з сябрамі пашчасціла: мы далей размаўляем і сябруем. У 2020-м яны трымалі кулакі за нас. Ім было балюча, што ў нас не атрымалася. Мне цяпер яшчэ больш балюча: нам з гэтым жыць. У мяне цяжкія пачуцці – разумею: калі б мы ведалі, да чаго гэта прывядзе, мы б, магчыма, змаглі большага дамагчыся ў 2020-м. Але, на жаль, сталася так, як сталася, а гісторыя не ведае ўмоўнага ладу».

Юнак дадае, што не скажа сваім сябрам пра выставу: «Ім будзе прыкра, для іх гэта траўма».

Выстава «За нашу і вашу свабоду»
Выстава расейскай вайсковай тэхнікі, падбітай ва Украіне. Варшава, Польшча. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Выстава «За нашу і вашу свабоду» арганізаваная Міністэрствам абароны Украіны і падтрыманая канцылярыяй прэм’ер-міністра Польшчы. Падобныя выставы міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў абяцае зладзіць таксама ў Берліне, Парыжы, Мадрыдзе і Лісабоне.

ДД / Белсат

Стужка навінаў