Святлана Ціханоўская пракаментавала суд супраць яе і іншых фігурантаў справы


Абраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала хаду судовага працэсу, у якой завочна разглядаюць справу супраць яе і прадстаўнікоў «Каардынацыйнай Рады». Падчас судовага паседжання 27 лютага пракуратура запатрабавала тэрміны зняволення для палітыкаў.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 21 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Дзяржаўны абвінаваўца ў завочным судзе ў «справе Каардынацыйнай рады» запрасіў па 19 гадоў для Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Абраная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала патрабаванні пракуратуры.

«Абвінавачанне ад 12 да 19 гадоў тым, хто зараз не ў Беларусі, – найлепшы прыклад таго, як насамрэч рэжым ставіцца да беларусаў, якія выступаюць за дэмакратыю. Вось наколькі шчырыя намеры любых камісіяў, якія заклікаюць беларусаў дадому. Таму я яшчэ раз хачу паўтарыць: дарагія беларусы, паклапаціцеся пра сваю бяспеку, наколькі гэта магчыма.

А тым людзям, якім зараз разам са мной выдумляюць гэтыя вялізныя тэрміны, я хачу сказаць дзякуй. Дзякуй за вашу смеласць, за вашу ўпартасць, за вашу працу. Я ведаю, што мы абавязкова вернемся дадому. І мы вернемся на сваіх умовах, дзякуючы штодзённай працы, а не нечаму дазволу ці прысуду», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Завочны працэс у справе супраць Каардынацыйнай рады пачаўся ў Менскім гарадскім судзе 17 студзеня 2023 года. Фігурантаў – Святлану Ціханоўскую, Марыю Мароз, Паўла Латушку, Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага – вінавацяць паводле 12 артыкулаў: у змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні такім фармаваннем, у публічных закліках да санкцыяў, распальванні варажнечы.

27 лютага выязны суд у Жодзінскай турме агучыў чарговы прысуд для палітвязня Сяргея Ціханоўскага. Вязня прызналі вінаватым у непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі і прысудзілі яму яшчэ 1 год і 6 месяцаў зняволення. Беларуская лідарка пракаментавала гэты прысуд.

«Яшчэ паўтара гады незаконны суд вырашыў «давесіць» майму мужу. Сваю віну Сяргей Ціханоўскі не прызнаў. Таму што ён не павінен сядзець не толькі гэтыя паўтара гады, ён не павінен знаходзіцца ў турме ў прынцыпе.

Праца суддзяў і пракурораў, якія выносілі гэтае рашэнне, заключаецца толькі ў выдумленні новых спосабаў рэпрэсіяў над беларусамі. Ніякага дачынення да правасуддзя гэта не мае.

Ведаеце, цяпер па просьбе Сяргея мы вядзем ягоны канал «Тюрьма для жизни»». І я вельмі чакаю таго часу, калі мы вызвалім Сяргея і ўсіх палітвязняў з гэтага пекла. І гэты канал ператворыцца з апісання жыцця майго мужа ў гісторыю, якую Беларусь больш ніколі не паўторыць».

Hавiны
Сяргея Ціханоўскага за кратамі асудзілі яшчэ на 1 год і 6 месяцаў зняволення
2023.02.27 17:46

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў