Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 25 ліпеня


«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 25 ліпеня.

Чыгуначніка з Гомля Аляксандра Лучыновіча пакаралі 2 гадамі калоніі за відэа расейскай вайсковай тэхнікі, якое ён даслаў тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн». Суддзя Аляксей Хлышчанкоў  прызнаў палітвязня вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

У Берасці 30-гадовы Васіль Чых быў прызнаны вінаватым паводле арт. 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Яго пакаралі 1,5 гадамі пазбаўлення волі. У віну Васілю Чыху паставілі тое, што 16 сакавіка 2022 года ў адным з публічных Viber-чатаў, які аб’ядноўвае працаўнікоў вагоннага дэпо Берасця, ён «размясціў відэазапіс з загадзя непраўдзівымі звесткамі аб эканамічным і сацыяльным становішчы Рэспублікі Беларусь».

Артыкулы
Палітвязня Анішчука замест вызвалення асудзілі яшчэ на год пазбаўлення волі
2022.07.25 16:57

Палітзняволенага Арцёма Анішчука асудзілі па новай крымінальнай справе за допіс у закрытым тэлеграм-чаце, які нібыта абразіў міліцыянта. Арцём мусіў выйсці на волю 29 чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін па справе «пашкоджання машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца», але гэтага не адбылося – яго ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе па арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»). Анішчук не прызнаў віны і заявіў, што новая справа – помста начальніка калоніі № 15, дзе ён адбыў мінулае пакаранне і дзе, як ён казаў, зазнаў катаванні.

У Баранавічах 25 ліпеня суд пакараў 2 гадамі «хатняй хіміі» Кацярыну Іванову, якую абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК). Справа была разгледжана вельмі хутка, адзначаюць праваабаронцы.

ПЦ «Вясна» паведамляе, што ў Менску быў затрыманы 39-гадовы Дзмітрый Лабачоў. Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перакрываў рух транспарту, а таксама зарэгістраваўся ў плане «Перамога».

Таксама ў Менску затрымалі затрымалі настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Галіну Тарноўскую. Галіне 42 гады, яна працуе ў гімназіі №37. У «пакаяльным» відэа, якое зʼявілася на праўладным тэлеграм-канале, жанчына кажа, што затрыманая за тое, што ў жніўні 2020 году прымала ўдзел у акцыі пратэсту.

25 ліпеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі яшчэ 7 чалавек. Гэта Аляксандр Казлоўскі, Віктар Жардзецкі, Аляксей Кандраценка, Аляксандр Іваноў, Юрый Лагуцін, Дзяніс Малей, Андрэй Карэцкі.

У Беларусі ў чарговы раз абнавілі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суд Ленінскага раёну Горадні абвесціў экстрэмісцкімі інтэрнэт-рэсурсы «Польскага радыё» (polskieradio.pl і polskieradio24.pl), сацыяльныя сеткі гарадзенскага выдання Hrodna.life, інтэрнэт-рэсурс «Беларускi народны трыбунал», чат «Ученые против насилия» і канал «ШТО ДУМАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў