ЗША па-ранейшаму занепакоеныя «бесчалавечнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі». Пра гэта падчас брыфінгу 22 лістапада заявіў прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту Нэд Прайс.
«Мы рашуча асуджаем іх бяздушную эксплуатацыю і прымус уразлівых людзей. Людзей, якія не шукалі нічога, акрамя лепшага жыцця, пры бесчалавечным садзейнічанні рэжыму незаконнай міграцыі праз свае межы», – сказаў Прайс.
Паводле яго, ЗША ладзіць шчыльныя кансультацыі з еўрапейскімі партнёрамі.
«Рыхтуем наступныя санкцыі, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за гэтыя гібрыдныя аперацыі, а таксама за яго пастаянныя напады на правы чалавека, на міжнародныя нормы, на дэмакратыю ці тое, што засталося ад яе ўнутры Беларусі», – сказаў прадстаўнік Дзярждэпу.
Ён заклікаў Менск «неадкладна спыніць сваю кампанію па арганізацыі і прымусу патокаў нелегальных мігрантаў праз свае межы ў Еўропу».
«Пакуль рэжым у Беларусі адмаўляецца выконваць міжнародныя абавязкі, пакуль ён падрывае мір і бяспеку ў Еўропе, пакуль ён працягвае рэпрэсіі і здзекі са свайго народу, мы будзем працягваць ціснуць на рэжым Лукашэнкі, і гэта не паменшыцца», – адзначыў Прайс.
МГ belsat.eu