Уладзімір Зяленскі: Асноўная задача Крымскай платформы – падрыхтоўка дэакупацыі Крыму


23 жніўня ў Кіеве пачаўся трэці міжнародны саміт Крымскай платформы. Падчас мерапрыемства лідары з больш як 60 краін абмяркоўваюць будучыню часова акупаванага Крыму і праблему бяспекі ў Чорным моры. Сабралі цікавыя моманты, якія прагаворваліся на саміце выступоўцамі.

Саміт Крымскай платформы. Кіеў, 23 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

Фармат мерапрыемства

Гэта ўжо трэці саміт, у якім сёлета бяруць удзел 67 прадстаўнікоў розных краін і арганізацыяў (да саміту далучыліся таксама Дунайская камісія, ЮНЕСКА і Сусветная арганізацыя турызму). Мерапрыемства наўмысна праводзіцца ў гібрыдным фармаце, дзеля таго каб як мага больш удзельнікаў маглі да яго далучыцца.

З мэтаю прыняць асабісты ўдзел у саміце ў Кіеў прыбылі прэзідэнт Балгарыі Румэн Радзеў, прэзідэнт Партугаліі Марсела Рэбелу дэ Соўза, прэм’ер-міністр Малдовы Дорын Рэчан, прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністр Фінляндыі Пэтэры Орпа, прэзідэнтка Вугоршчыны Каталін Новак, а таксама старшыня прэзідыуму Босніі і Герцагавіны Жэлька Комшыч.

Адным з ключавых момантаў, як прагаворвалася напярэдадні мерапрыемства, з’яўляецца бяспека ў Азова-Чарнаморскім рэгіёне, бо яна ёсць асноўнай складовай часткай для працы так званых збожжавых калідораў.

Таксама на сёлетнім мерапрыемстве ўпершыню ўздымаецца пытанне рэінтэграцыі Крыму ва Украіну пасля заканчэння вайны.

Напярэдадні асноўнага дня саміту намесніца кіраўніка МУС Украіны Эмінэ Джапарава адзначала два асноўныя моманты, вакол якіх будзе весціся абмеркаванне падчас саміту, першы – што «ніякага гандлю вакол Крыму не можа быць, таму што Крым з’яўляецца інтэгральнай часткай Украіны, і другое, што Украіна сама будзе вырашаць шлях дэакупацыі паўвострава», – прыводзіць словы Джапаравай «РБК-Україна».

Фактычна аб тым жа за дзень да правядзення саміту сказаў і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. Ён адзначыў, што Крым з’яўляецца часткаю тэрыторыі Украіны, што ўкраінцы павінны яе вызваліць і што «хутчэй за ўсё, гэта будзе адбывацца ваенным шляхам – калі краіна-агрэсар да таго часу не ўцяміць, што ёй трэба сысці з нашай тэрыторыі».

Намесніца пастаяннага прадстаўніка прэзідэнта Украіны ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым Вольга Курышка адзначыла, што зараз пачалася распрацоўка формы аднаўлення публічнай улады на часова акупаванай тэрыторыі Крыму. Паводле яе словаў, стартаваў пілотны праект па фармаванні кадравага рэзерву дзяржслужачых, якія жадаюць і будуць працаваць на адноўленай тэрыторыі пасля вызвалення. «Цяпер заяўкі падалі больш за 1,5 тысячы чалавек, 80 % з якіх хочуць працаваць у Крыме, і гэта насамрэч вельмі паказальна», – сказала яна напярэдадні саміту.

Акрамя пытанняў вызвалення Крыму, на адной з панэляў падчас саміту прадстаўнікі розных міністэрстваў Украіны акрэслілі шляхі ўзнаўлення Крымскага паўвострава пасля таго, як ён будзе вызвалены з-пад акупацыі.

Таксама на мерапрыемстве закцэнтаваная ўвага на пытаннях гуманітарнай палітыкі: парушэннях правоў чалавека, прымусе грамадзянаў Украіны, якія пражываюць у Крыме, да атрымання расейскіх пашпартоў, а таксама дэмаграфічнай сітуацыі, якая склалася на паўвостраве.

Пленарная сесія. Што казаў Зяленскі

Асноўны дзень саміту пачаўся з пленарнага пасяджэння, падчас якога ўдзельнікі мерапрыемства выказалі шмат словаў у падтрымку ўкраінскай дзяржавы і яе намаганняў па дэакупацыі і рэінтэграцыі Крыму.

Выступаючы з уступным словам, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Крым будзе дэакупаваны, роўна як і іншыя часова акупаваныя тэрыторыі, што належаць Украіне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на саміце Крымскай платформы. Кіеў, 23 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

«Украіна не гандлюе тэрыторыямі, таму што Украіна не гандлюе людзьмі. І ўсе, хто тут, хто ўдзельнічае ў Крымскай платформе, кожны, хто падтрымліваў Формулу міру, хто дамагаецца спынення злачыннай і несправакаванай расейскай агрэсіі… вы ўсе сцвярджаеце, што чалавечае жыццё бясцэннае. Гэта вельмі важна. Такі прынцып павінен быць пакладзены ў аснову міжнародных адносін. Жыццё бясцэннае. І бясцэннае міжнароднае права, якое заснавана на абароне жыцця», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што асноўнае прызначэнне Крымскай платформы – гэта «рыхтаваць дэакупацыю. Ён адзначыў, што ва Украіны ёсць разуменне, як вярнуцца ў Крым, колькі крокаў трэба для гэтага зрабіць, але і ёсць разуменне, наколькі гэта няпростае заданне.

Прэзідэнт Украіны сказаў, што ў дзяржавы ёсць дакладнае бачанне таго, як у Крыме будзе адноўленае дэмакратычнае жыццё пасля таго, як будзе дэмантаваная расейская тыранія. «Усюды, куды ні ўваходзіць Расея, усталёўваецца панаванне гвалту. Мы забяспечым вяршэнства закона. Мы вернем рэальны сэнс інфраструктуры Крыму. На працягу ўсёй гісторыі Крыму яго парты і дарогі былі звязаныя з Украінай і ўсім светам. Расея спрычынілася да ізаляцыі Крыму. Мы вернем для Крыму ўвесь свет», – сказаў прэзідэнт Украіны.

Таксама Зяленскі заявіў, што на палях саміту Украіна падпіша першы дакумент з пятнаццаццю кампаніямі, якія гатовыя інвеставаць у Крым пасля яго вызвалення: сярод іх RayanAir і Royal Haskoning, Vodafone, Nokia, EPAM і іншыя. Паводле словаў Зяленскага, «аднаўленне Крыму падтрымліваецца Сусветнай турыстычнай арганізацыяй і Сусветнай радай падарожжаў і турызму, якая прадстаўляе больш за 200 кампаніяў з абаротам больш за 600 мільярдаў долараў».

Што казалі сусветныя лідары

У сваім выступе прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падкрэсліў, што «ўсё пачалося ў Крыме ў лютым 2014 года. Паводле ўсіх ацэнак, гэта павінна скончыцца менавіта там, калі Крым вернецца ва ўкраінскую дзяржаву». Паводле меркавання літоўскага лідара, карэнны крымска-татарскі народ, які перажыў моманты этнічных чыстак і генацыду як з боку царскага, так і савецкага рэжымаў, «заслугоўвае, каб будаваць свой родны дом вольным ад дэскрымінацыі і рэпрэсіяў».

На саміце Крымскай платформы. Кіеў, 23 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.ua

Прэзідэнтка Вугоршчыны Каталін Новак падкрэсліла, што непарушнымі з’яўляюцца суверэннасць, незалежнасць і цэласнасць Украіны. Яна адзначыла таксама, што з лютага 2022 года амаль 2 мільёны ўкраінцаў выехалі ў Вугоршчыну. Падчас вайны, паводле Новак, дзеці не могуць знаходзіцца па-за ўвагаю, іх нельга сілай забіраць з сям’і. У сувязі з гэтым прэзідэнтка Вугоршчыны заклікала «разам супрацьстаяць усім парушэнням правоў дзяцей і звяртаць увагу на кожны выпадак. Вайна не можа пазбавіць будучыні нашых дзяцей».

У сваім выступленні прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуў увагу на тое, што не трэба мець ілюзіяў пра тое, што нібыта акупацыя Крыму ёсць толькі рэгіянальнай праблемай. Гэта глабальная праблема, адзначыў польскі лідар. На ягоную думку, «дэакупацыя Крыма і аднаўленне поўнай тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны з’яўляюцца неабходнымі перадумовамі не толькі для бяспекі Азова-Чарнаморскага рэгіёну, але і для стабільнасці глабальнай архітэктуры бяспекі». На карту, паводле словаў польскага прэзідэнта, пастаўлена не толькі перамога Украіны, але і захаванне сусветнага парадку, у якім будзе вяршэнства закона і свабода народаў выбіраць сваю будучыню.

Выступаючы з вітальным словам да ўдзельнікаў саміту, прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган падкрэсліў, што на кожнай пляцоўцы, уключаючы ААН, Турэччына казала пра тое, што Крым – гэта частка Украіны. Ён адзначыў, што яго краіна не прызнае акупацыю Крыму і ад самага пачатку адстойвала прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны. У прамове Эрдагана прагучалі словы падтрымкі крымска-татарскаму народу, ён выказаў надзею на тое, што з незаконнага зняволення будзе вызвалены першы намеснік старшыні Меджліса крымска-татарскага народа Нарыман Дзелаль, а таксама іншыя палітзняволеныя.

Занепакоенасць фактамі змены дэмаграфічнай сітуацыі ў Крыме выказаў прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкявічс. Ён адзначыў, што гэтыя пытанні «не могуць не турбаваць, асабліва калі ўлічваць пытанне генацыду крымскіх татараў, які быў здзейснены савецкім рэжымам у 1944 годзе». Таксама Рынкявічс звярнуўся з заклікам да сусветнай супольнасці аб прыцягненні Расеі да адказнасці за здзейсненыя ёй злачынствы.

Прэм’ер-міністр Канады Джасцін Трудо падкрэсліў, што Крым працягвае выкарыстоўвацца ў якасці плацдарму, з якога Расея пагражае не толькі рэшце Украіны, але і ўсяму Чарнаморскаму рэгіёну.

Сваю падтрымку Украіне і ўласнае разуменне пытання дэакупацыі Крыму выказалі таксама лідары іншых дзяржаваў.

Што такое крымская платформа

Крымская платформа, як адзначаецца на сайце ініцыятывы, – гэта новы міжнародны фармат кансультацый і каардынацыі, ініцыяваны Украінай. Яна накіраваная на павышэнне эфектыўнасці міжнароднага рэагавання на акупацыю Крыма, узмацненне міжнароднага ціску на Крэмль, перадухіленне далейшых парушэнняў правоў чалавека і абарону ахвяр акупацыйнага рэжыму, а таксама дасягненне галоўнай мэты – дэакупацыі Крыму і вяртання яго Украіне мірным шляхам.

Упершыню саміт адбыўся ў 2021 годзе ў Кіеве. Другі саміт праходзіў ужо падчас поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, таму было прынята рашэнне пра яго правядзенне ў онлайн-фармаце. На ім прысутнічалі 60 лідараў розных краін, урадаў і міжнародных арганізацыяў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў