Самалёт Ryanair 23 траўня зрабіў вымушаную пасадку ў Менску праз інфармацыю «мініраванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер і журналіст Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, быў затрыманы спецслужбамі. Інцыдэнт з рэйсам Ryanair выклікаў міжнародны скандал.
Самалёт Ryanair, які выконваў рэйс з Афінаў у Вільню, развярнуўся ў раёне Ліды і накіраваўся ў Нацыянальны аэрапорт «Менск». Як патлумачыла пазней авіякампанія Ryanair, экіпаж атрымаў інфармацыю пра небяспеку на борце ад беларускіх дыспетчараў, якія і далі інструкцыі прызямляцца ў Менску. Пры гэтым па даручэнні Лукашэнкі для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29. У Мінабароны патлумачылі, што знішчальнік атрымаў задачу «ажыццяўляць кантроль і, у выпадку неабходнасці, аказаць дапамогу грамадзянскаму судну ажыццявіць бяспечную пасадку».
Ніякай бомбы на борце не знайшлі. У выніку таго, што самалёт прызямліўся ў Менску, сілавікі змаглі затрымаць аднаго з пасажыраў – блогера і журналіста Рамана Пратасевіча, якога спецслужбы вінавацяць ў кіраванні пратэстамі і лічаць «тэрарыстам». Выглядае, што вымушаная пасадка самалёта ў Менску была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля таго, каб затрымаць апазіцыйнага блогера.
Прыкладна праз пяць гадзінаў перабывання ў менскім аэрапорце экіпажу дазволілі вылецець у Вільню. Пазней высветлілася, што дзяўчына Рамана Пратасевіча таксама ляцела гэтым рэйсам і была затрыманая ў Менску.
Інцыдэнт з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманнем Рамана Пратасевіча выклікаў хвалю абурэння ў Еўропе, палітыкі і дыпламаты рэзка асудзілі дзеянні рэжыму Лукашэнкі. Прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі звярнуўся да старшыні Еўрапейскай рады з просьбай пашырыць парадак дня заўтрашняга саміту пунктам аб неадкладным увядзенні санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. «Захоп цывільнага самалёта – беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму, які не можа застацца беспакараным», – падкрэсліў ён.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў здарэнне з самалётам у небе над Беларуссю «беспрэцэдэнтнай падзеяй» і заклікаў вызваліць Рамана Пратасевіча. Ён заклікаў Еўразвяз і NATO адрэагаваць на аперацыю беларускіх спецслужбаў.
«Я заклікаю саюзнікаў у NATO і ЕЗ неадкладна адрэагаваць на пагрозу, якую беларускі рэжым стварае міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Міжнародная супольнасць павінна прыняць неадкладныя захады, каб перадухіліць паўтарэнне падобных інцыдэнтаў. Я буду гаварыць пра гэта на Еўрапейскай Радзе, якая пачнецца заўтра ў Бруселі», – напісаў ён у Facebook.
Пра тое, што NATO і ЕЗ мусіць адрэагаваць на інцыдэнт у Беларусі заявіў і старшыня камітэта па міжнародных справах брытанскага парламента Том Тугэндхат. «Беларускі тыран Лукашэнка пагражае нам усім», – заявіў ён. Кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб папярэдзіў, што рэжым Лукашэнкі чакаюць сур’ёзныя наступствы.
Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнберг у сваю чаргу заявіў пра неабходнасць міжнароднага расследавання інцыдэнту.
«Гэта сур’ёзны і небяспечны інцыдэнт, які патрабуе міжнароднага расследавання. Беларусь павінна забяспечыць бяспечнае вяртанне экіпажа і ўсіх пасажыраў», – напісаў Столтэнберг у сваім Twitter.
Сустаршыня Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Карл Більдт заклікаў усе краіны ЕЗ і іншыя авіякампаніі пазбягаць паветранай прасторы Беларусі.
Паліцыя Літвы пачала два дасудовых расследаванні па факце прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску: у сувязі з захопам самалёта і ў сувязі з прымусовай пасадкай.
ІІ belsat.eu