Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 22 кастрычніка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі танк.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У апошнія содні ўзнавіліся баявыя дзеянні на поўначы Харкаўскай вобласці. Генеральны штаб ЗСУ паведамляе пра адбіццё атакі праціўніка на ваколіцы населенага пункту Цярновая, які знаходзіцца за 2 км ад мяжы з Расеяй. Пра баявыя дзеянні на лініі фронту ў паўночна-ўсходняй частцы вобласці нічога не паведамляецца.

У Луганскай вобласці Збройныя сілы Украіны адбілі расейскія атакі на ваколіцы Белагораўкі і Залатароўкі. Міністэрства абароны РФ у сваю чаргу піша, што ўкраінскія сілы атакавалі каля населеных пунктаў Куземаўка, Новавадзяное і Чырвонапапоўка. Паводле расейскага камандавання, усе атакі ЗСУ адбітыя. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што ЗСУ занялі абарончую пазіцыю па лініі Сватава – Крэмінная, паколькі маюць неабходнасць у назапашванні тэхнікі для далейшых наступаў.

У Данецкай вобласці ЗСУ адбілі атакі расейцаў у ваколіцах Ліману, Іванграду, Салядару, Новакаліновага, Азаранаўкі, Адрадаўкі і Першамайскага. Тэлеграм-канал «WarGonzo» піша пра атакі войскаў РФ на ваколіцы Белагораўкі і Пабеды. Украінскія сілы наступалі каля Урэмаўкі на поўдні Данецкай вобласці, а таксама контратакавалі на ўсходзе Бахмуту, дзе цяпер адбываюцца найцяжэйшыя баі. Тэлеграм-канал «Оркестр Вагнера» заяўляе, што ЗСУ спрабуюць прарваць расейскую абарону каля Салядару, баявыя дзеянні працягваюцца.

Лінія фронту ў Запарожскай вобласці застаецца стабільнай, бакі канфлікту абмяжоўваюцца артылерыйскімі ўдарамі.

Украінскі вайсковец.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У Херсонскай вобласці актыўнасцю адзначыліся Збройныя сілы Украіны, якія атакавалі на паўночным участку фронту ў бок населеных пунктаў Пяціхатка, Суханава, Саблукаўка, Бязводнае, Брускінскае і Праўдзіна, а таксама намагаліся прасунуцца на поўдзень уздоўж правага берагу Дняпра. Расейскія войскі ў рэгіёне засяродзіліся на ўтрыманні абароны.

Пры гэтым мясцовыя акупацыйныя ўлады загадалі мясцоваму насельніцтву ў самім Херсоне цягам содняў пераправіцца на левы бераг, патлумачыўшы такі загад напружанай сітуацыяй на фронце, абстрэламі гораду і пагрозай тэрарыстычных атак.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны мяркуе, што расейцы пакідаюць правабярэжжа Дняпра, але для ўтрымання лініі фронту на час вываду сваіх сілаў, яны перакінулі дадатковыя войскі колькасцю каля 2 тысяч чалавек. Пры гэтым расейцы могуць узарваць плаціну на Кахоўскай ГЭС, каб прыкрыць адступленне і не дазволіць ЗСУ пераследаваць сябе.

Між тым 22 кастрычніка войскі РФ працягнулі наносіць масіраваныя ўдары па энергетычнай сістэме Украіны. У выніку атакі пацярпела інфраструктура ў Валынскай, Ровенскай, Кіраваградскай, Адэскай і Хмяльніцкай вобласцях, у рэгіёнах назіраецца адключэнне электраэнергіі. «Укренерго» заявіла, што маштабы разбурэнняў могуць перавышаць па выніках атакі з 10 па 12 кастрычніка.

Украінскі вайсковец.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў