Праваабаронцы працягваюць аналізаваць крымінальныя справы на адпаведнасць азначэнню «палітвязень».
Супольнасць праваабарончых арганізацыяў Беларусі 22 чэрвеня прыняла заяву аб прызнанні палітвязнямі яшчэ васьмі чалавек. У спіс палітычных зняволеных дадалі Мікіту Ганчарова, Вадзіма Жылінскага, Арцёма Клімчука, Дзмітрыя Князева, Дзмітрыя Панько, Максіма Шахоціна , Сяргея Пацукевіча (усіх вінавацяць у «Масавых беспарадках» паводле ч.2 арт. 293 КК РБ) і Ігара Гантавога (яго вінавацяць у «Групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», гэта ч.2 арт. 293 КК РБ). Сярод іх адзін непаўналетні – Шахоцін.
Праваабаронцы зноў нагадваюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах – пакт ратыфікавала і Беларусь. Выступы грамадзянаў у 2020 годзе насілі мірны і самаарганізаваны характар, не ўяўлялі пагрозы нацыянальнай ці грамадскай бяспецы, але былі атакаваныя сілавікамі з непрапарцыйным гвалтам, спецсродкамі і зброяй. Пратэстоўцы не чынілі падпалаў ці пагромаў, не знішчалі маёмасць, не аказвалі ўзброены супраціў.
Асобныя выпадкі гвалту ў дачыненні да сілавікоў трэба кваліфікаваць з улікам кантэксту самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў сілавікоў, дадаюць праваабаронцы.
Яны патрабуюць неадкладна вызваліць з-пад варты і перастаць пераследаваць як прызнаных палітвязнямі, так і ўсіх затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд.
Ды цяпер абарона патрэбная і самім праваабаронцам: у Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя ператрусы, у тым ліку ў амаль усіх праваабарончых арганізацыях.
АА belsat.eu