Як правільна здавацца ў палон – і што яшчэ могуць зрабіць беларусы, каб не ваяваць з Украінаю


Украінскае вайсковае кіраўніцтва лічыць высокай імавернасць уцягвання беларускай арміі ў расейскую агрэсію супраць Украіны. Але пры гэтым патэнцыял і баявы дух беларускага войска, як і ўвогуле жаданне беларусаў ваяваць, ацэньваюцца вельмі нізка. Разбіраемся, што рабіць у такой сітуацыі беларусам, якія ваяваць з Украінай не хочуць.

Расейскія вайскоўцы ў вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна. 1 сакавіка 2022 года.
Фота: МП / Белсат

Ці будзе напад?

З 24 лютага рэжым Аляксандра Лукашэнкі зрабіўся суўдзельнікам пуцінскай агрэсіі супраць Украіны. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары, адсюль разгортваецца і наземны наступ расейскіх войскаў. Але пакуль беларуская армія беспасярэдне ў вайне не ўдзельнічае. На тле ж вывазу з Кіеву беларускіх дыпламатаў і рэфінансавання Масквою доўгу рэжыму ў Менску з’явіліся заявы пра магчымае ўварванне беларускіх войскаў ва Украіну. У прыватнасці, ва ўкраінскім Генштабе не выключаюць наступу Беларусі на валынскім кірунку.

«Українська правда» са спасылкаю на крыніцы ў выведцы паведамляе, што ў найбліжэйшыя пару дзён Беларусь уступіць у вайну з Украінаю на баку Расеі. Крыніца выдання адзначае, што беларусы нідзе не ваявалі і не маюць ні баявога досведу, ні зразумелых ім прычынаў для вайны з Украінай, і крыніца лічыць, што «беларускія вайскоўцы зробяцца гарматным мясам на тэрыторыі Украіны».

Беларусы не хочуць ваяваць

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр таксама сцвярджае, што беларускія вайскоўцы не хочуць браць удзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Сярод іх ужо спее страх і нежаданне выконваць гэтае распараджэнне, калі яно будзе, бо яны ўжо бачаць, што тут адбываецца. У іх патроху разбураецца міф пра непераможную расейскую армію. Яны ўжо пачынаюць разумець, што насамрэч выкананне такога загаду – гэта здзяйсненне ваеннага злачынства», – сказала Маляр.

А дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч заявіў, што ў Беларусі «больш як 60 % вайскоўцаў ставяцца да магчымай аперацыі супраць Украіны надзвычай адмоўна». На ягоную думку, калі іх нават прымусяць удзельнічаць у вайне супраць Украіны, то беларусы не будуць «дэманстраваць тут узораў вайсковай доблесці»: «або яны застануцца нейтральныя, або вельмі дрэнна будуць ваяваць, або ўвогуле пяройдуць на наш бок».

Інтэрв’ю
«Гэта будзе бойня». Генерал СБУ аб магчымым удзеле беларускіх войскаў ва Украіне
2022.03.21 13:01

Дый, паводле звестак брытанскага даследчага цэнтру Chatham House, беларусы не падтрымліваюць магчымага далучэння беларускага войска да вайны супраць Украіны на баку Расеі. За ўдзел беларускіх вайскоўцаў выказаліся ўсяго 3 % апытаных гараджанаў.

У сваю чаргу аўтар тэлеграм-каналу «Белорусский порядок» не выключае варыянту «баязлівага заходу на паўшышачкі» дзеля нібыта абароны Чарнобыльскай АЭС і мяжы ад дыверсантаў.

«На чым грунтуецца гэтая пазіцыя [украінскіх уладаў пра магчымы напад з боку рэжыму Лукашэнкі. – Рэд. Belsat.eu] не паведамляецца, але крыніца занадта сурʼёзная, каб ігнараваць. Ніякай рацыі ўвязвацца ў вайну супраць «калектыўнага Захаду», вядома, няма. Наступствы будуць катастрафічныя. У тым ліку і для самога рэжыму. Але яшчэ раз паўтару: пра гэта загаварылі занадта сурʼёзныя людзі з украінскага боку», – адзначае ў сваю чаргу кіраўнік «Belarus security blog» Андрэй Паротнікаў.

«Не быць суўдзельнікам злачынства Лукашэнкі»

«Марыянеткавы ўрад Лукашэнкі і камандаванне Узброеных сілаў ужо зрабіліся суўдзельнікамі нападу на Украіну і трапяць на лаву падсудных. Але кожны салдат і афіцэр, які ступіць на ўкраінскую зямлю, будзе таксама пераследавацца ў адпаведнасці з міжнароднымі і нацыянальнымі нормамі аб адказнасці за ўдзел у нападніцкіх баявых дзеяннях. Напрыклад, за парушэнне законаў і звычаяў вайны іх чакае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў», – заявіў у каментары «Белсату» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Ён падкрэсліў, што «кожны вайсковец мае магчымасць не быць суўдзельнікам злачынства Лукашэнкі і ягонага рэжыму і захаваць не толькі сумленне, але і жыццё».

Распіваць алкаголь падчас службы?

Але як не стаць суўдзельнікам вайны? Ужо з самага пачатку пуцінска-лукашэнкаўскай агрэсіі з’явілася інфармацыя пра масавы выезд з Беларусі мужчынаў прызыўнога веку. Ва ўмовах закрытых межаў з Еўразвязам беларусы спрабуюць выехаць у Грузію, Казахстан ды іншыя постсавецкія краіны. Гэтак, паводле крыніцы «Белсату», толькі з БДУІР «за два дні звольніліся 7 выкладчыкаў, і шмат студэнтаў-хлопцаў звалілі за мяжу».

Але што рабіць вайскоўцам-кантрактнікам, якіх найперш і могуць паслаць на вайну ва Украіну? Тым больш, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць каля 30 артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць грамадзянаў за ўхіленне ад прызыву на вайсковую службу і за «злачынствы супраць вайсковай службы».

Hавiны
Ці варта баяцца беларускага войска?
2022.03.14 23:15

Гэтак, беларусаў могуць пакараць за нез’яўленне на зборы, непадпарадкаванне, невыкананне загаду, самаволку, дэзерцірства, наўмыснае пашкоджанне ці страту вайсковай маёмасці і гэтак далей. Напрыклад, непадпарадкаванне ў ваенны час або ў баявой абстаноўцы караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 7 гадоў. А за «дэзерцірства, здзейсненае ў ваенны час або ў баявой абстаноўцы», пагражае ад 8 да 15 гадоў зняволення.

Напрыклад, сайт Міністэрства абароны Беларусі кажа і пра легальныя нагоды разарвання кантракту з вайскоўцамі. Сярод іншага, звольніць вайскоўцаў могуць, калі яны:

  • распіваюць алкаголь у службовы час або на месцы вайсковай службы;
  • прыходзяць або застаюцца на месцы вайсковай службы п’яныя;
  • кіруюць транспартным сродкам п’яныя;
  • з’яўляюцца п’яныя ў грамадскім месцы.

«Лепш сесці ў турму, чым быць забітым»

У цэлым, як заявіў «Белсату» Міхаіл Кірылюк, юрыст, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, «разважаць пра тое, які спосаб з юрыдычнай казуістыкі спрацуе ў гэтым канкрэтным выпадку, калі ў Беларусі закон не выконваецца найперш прадстаўнікамі ўлады, напэўна, мае мала сэнсу».

«Я б усімі магчымымі спосабамі спрабаваў запэўніць у тым, што паводле стану майго здароўя гэта [служба ў войску. – Рэд. Belsat.eu] немагчымая. Ну а ў выпадку няўдачы можна на нейкае парушэнне пайсці, умоўна – вітрыну ў краме пабіць. Галоўнае пры гэтым, каб злачынства не асацыявалася са спробаю пазбегнуць службы ў войску або палітычнай пазіцыяй, – тады больш шанцаў, што ў турме да вас не будуць ужываць гвалт», – падкрэсліў юрыст.

На ягоную думку, «лепш сесці ў турму, чым быць забітым, ці ісці забіваць нявінных людзей і потым стаць ваенным злачынцам без тэрміну даўнасці».

На гэта ж намякнуў і сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў, які заявіў, што «калі хаця б адзін беларускі жаўнер перасячэ мяжу з Украінай, ён будзе знішчаны».

«Вайскоўцы прысягаюць не Лукашэнку»

Свае рэкамендацыі дзеля ўхілення ад вайны падрыхтавала і ініцыятыва «Сумленныя людзі». Пры гэтым яе прадстаўнікі падкрэсліваюць, што ўхіленне ад выправы на вайну з Украінаю не ёсць парушэннем прысягі, бо «вайскоўцы прысягаюць не Лукашэнку і не міністру абароны Хрэніну, а народу Беларусі», які супраць вайны з Украінаю.

«Сумленныя людзі» адзначаюць, што працаўнікі ваенкаматаў вялікія лайдакі і не будуць шукаць тых, хто ўхіляецца ад прызыву. Таму яны раяць проста зʼехаць са сталага месца жыхарства (да знаёмых, арандаваць кватэру), папрасіць сяброў набыць новую сім-карту і плаціць паўсюль гатоўкаю, змяніць вонкавы выгляд (адгадаваць або згаліць бараду, схаваць ці набіць татуіроўку).

Таксама ёсць варыянт пакінуць краіну, дадае Міхаіл Кірылюк.

Як здавацца ў палон?

Для тых жа, хто не здолее пазбегнуць мабілізацыі на вайну, ва Украіне распрацавалі адмысловую інструкцыю, як здавацца ў палон:

  • Паведаміць праз Telegram @defenseua_com пра свой намер перайсці на бок Украіны.
  • Паведаміць прыкладны час і месца пераходу, колькасць вайскоўцаў, якія плануюць перайсці на бок Украіны, наяўнасць зброі, даць надзейную кантактную інфармацыю.
  • У памежных раёнах з Украінай вайскоўцы РФ і Беларусі могуць перасякаць мяжу паасобку або невялікімі арганізаванымі групамі ў раёне найбліжэйшага памежнага пункту, маючы пры сабе дакументы, якія пацвярджаюць асобу і прыналежнасць да Узброеных сілаў.
  • Пасля перасячэння ўкраінскай мяжы вайскоўцы з Расеі ды Беларусі могуць таксама заявіць пра намер пераехаць ва Украіну – прадстаўнікам улады або мясцовым жыхарам.
  • Перш як увайсці ў населены пункт і звязацца з мірным насельніцтвам, трэба пакінуць зброю за яго межамі.
Артыкулы
«Калі Украіна пераможа, то і Беларусь вызваліцца». Размова з каардынатарам дабрачыннага фонду дапамогі ўкраінцам
2022.03.21 07:30

У выпадку кантакту з украінскімі вайскоўцамі, паліцыянтамі або спецслужбамі, неабходна:

  • Выкінуць зброю.
  • Стаць прама.
  • Падняць угору рукі або белы сцяг.
  • Гучна крыкнуць: «Я ЗДАЮСЯ!»
  • Паведаміць, што вы грамадзянін Беларусі ці Расеі.
  • Далей неабходна павольна, без рэзкіх рухаў і рыўкоў, выконваць усе ўказанні ўкраінскіх вайскоўцаў.
Украінская інструкцыя для здачы ў палон

Украінскі бок абяцае выконваць Жэнеўскую канвенцыю пра абыходжанне з ваеннапалоннымі, амністыю для тых, хто добраахвотна склаў зброю і здаў вайсковую тэхніку, і магчымасць падаць заяўку на палітычны прытулак в Украіне. Таксама палонным дадуць магчымасць патэлефанаваць родным і блізкім.

«Кожны, хто стаў на бок Украіны, абавязаны даць украінскім вайскоўцам наступную інфармацыю: прозвішча, званне, дату нараджэння і асабісты нумар або іншыя раўназначныя звесткі. Інфармацыю аб пазіцыях, узбраенні і колькасці войскаў. Абавязковая наяўнасць дакументу, які ідэнтыфікуе асобу», – гаворыцца ў інструкцыі.

Таксама вайскоўцы з Расеі ці Беларусі могуць уступіць у Міжнародны легіён тэрытарыяльнай абароны Украіны. Напрыклад, працягваецца набор беларускіх добраахвотнікаў у батальён імя Кастуся Каліноўскага, які змагаецца ва Украіне «за нашу і вашу свабоду».

Фота
Як праходзяць трэнаванні навабранцаў у беларускім батальёне імя Каліноўскага
2022.03.19 13:42

ПС belsat.eu

Стужка навінаў