Ініцыятыва былых сілавікоў Беларусі BYPOL паведаміла 21 траўня пра смерць Генадзя Вайтовіча – былога начальніка ўпраўлення аховы правапарадку Берасцейскага аблвыканкаму. Паводле «Байполу», мужчыну знайшлі павешаным.
Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Генадзь Вайтовіч сышоў на пенсію ў канцы 2020 году і, як сцвярджае BYPOL, «не знайшоў сябе» ў цывільным жыцці. Яго ў «Байполе» называюць адказным за здушэнне пратэсту ў Берасці і Берасцейскай вобласці; заяўляюць, што ён «шчыра падтрымліваў рэжым». Сцвярджаецца, што яго цела знайшоў у лесапарку яго сын, супрацоўнік Ленінскага РАУС Берасця. Цяпер зняволены блогер Сяргей Пятрухін публікаваў відэа аб тым, як Вайтовіч пагражаў актывісту турмой з палітычных матываў.
Пра смерць мужчыны паведамілі таксама чытачы TUT.by – партал паведамляе, што «паводле неафіцыйных звестак, яго знайшлі павешаным». Афіцыйных звестак пра смерць на момант публікацыі няма.
АА belsat.eu