Расейцы нясуць вялізныя страты пад Аўдзееўкай. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 604-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 20 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдат ЗСУ ідзе па прыфрантавым горадзе Аўдзееўка ў Данецкай вобласці, Украіна. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press /  East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Па лініі фронту на купянскім кірунку ініцыятыва застаецца за Збройнымі сіламі Украіны, якія намагаюцца выбіць праціўніка за раку Аскіл.

На інфармацыі ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны адбілі больш за 30 атак УС РФ каля сёлаў Сынькоўка і Іванаўка, і яшчэ 12 – побач з Надзеяй.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што ў ваколіцах Іванаўкі ЗСУ намагаюцца адкінуць праціўніка на зыходныя пазіцыі. Таксама крыніца фіксуе баі каля Навасёлаўскага і Райгародкі.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы спрабуюць выціснуць сілы абароны з сяла Макееўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці, але пакуль не маюць поспеху.

Такім чынам на паўночным усходзе Украіны баі ідуць уздоўж амаль усёй лініі сутыкнення.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду)

На поўдні ад Бахмуту працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» адзначае, што на гэтым участку фронту сітуацыя застаецца складанай: абодва бакі рэгулярна праводзяць атакі і контратакі, шчыльна працуе артылерыя, пры гэтым украінцы робяць стаўку на касетныя боепрыпасы, што павялічвае страты расейцаў у жывой сіле.

Аналітыкі Deepstate фіксуюць баі каля Клішчыеўкі за чыгуначнай лініяй.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» паведамляе аб прасоўванні ЗСУ на ўсходзе ад Андрэеўкі і замацаванні на новых пазіцыях.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На поўначы ад Данецку Узброеныя сілы РФ працягваюць наступаць у ваколіцах Аўдзееўкі, імкнучыся ў выніку атачыць і захапіць сам горад.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» увечары 19 кастрычніка напісаў, што УС РФ на поўначы ад Аўдзееўкі занялі важны апорны пункт на тэрыконе. ЗСУ пад прыкрыццём танкаў адышлі за мясцовую чыгунку, па якой цяпер і праходзіць лінія фронту.

На поўдні ад гораду, паводле крыніцы, расейцы пры падтрымцы артылерыі прасунуліся ад Аўдзееўскай кальцавой дарогі да чыгуначнай станцыі «450 км».

Між тым у Deepstate сцвярджаюць, што баі за тэрыкон на поўначы ад гораду яшчэ працягваюцца.

Разам з тым наступальныя аперацыі расейцаў пад Аўдзееўкай даюцца вялікай цаной. Паводле Генштабу ЗСУ, толькі цягам апошніх содняў войскі РФ страцілі каля 900 чалавек забітымі і параненымі, былі знішчаныя ці пашкоджаныя амаль 50 танкаў І больш за 100 адзінак браніраванай тэхнікі.

Відэа знішчэння адной з калонаў расейцаў падзяліліся Сілы Спецыяльных Аперацыяў Украінцы: на кадрах бачна знішчэнне чатырох БТР, двух танкаў І некалькіх дзясяткаў пяхоты праціўніка.

Захоўваецца ініцыятыва за расейскімі войскамі і на захадзе ад Данецку: па інфармацыі ўкраінскага камандавання, цягам содняў было адбіта 16 атак УС РФ каля гораду Мар’інка.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці)

Украінскі Генштаб піша пра адбіццё атак праціўніка каля населеных пунктаў Залатая Ніва і Старамаёрскае на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці.

Аналітыкі Deepstate дадаюць інфармацыю пра наступальныя дзеянні расейцаў на поўначы ад Прыютнага, у выніку якіх яны дасягнулі частковага поспеху.

Агулам на бярдзянскім кірунку ЗСУ перайшлі да абароны, на фоне чаго войскі РФ намагаюцца перахапіць ініцыятыву.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку асноўная актыўнасць праціўнікаў засяроджаная ў ваколіцах гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці.

Паводле Deepstate, тут баі ідуць каля населеных пунктаў Навапрокапаўка і Вэрбовае. Адзначаецца, што на поўначы і паўднёвым захадзе ад другога населенага пункту ўкраінцы дасягнулі частковага поспеху.

Пры гэтым спробы расейцаў аднавіць пазіцыі не далі выніку.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

Увечары 19 кастрычніка «Рыбарь» напісаў, што ЗСУ фарсіравалі Дняпро і атакавалі пазіцыі расейцаў на левым беразе каля сяла Крынкі. У выніку ім удалося заняць населены пункт і прасунуцца далей да на паўднёвы ўсход да мясцовай дарогі.

Пазней расейцы пры дапамозе артылерыі адсунулі ЗСУ крыху назад, але цалкам выбіць з сяла не здолелі.

Адначасова з гэтым на іншым участку берагу каля Антонаўскага чыгуначнага моста ўкраінцы перакінулі дадатковыя сілы, якія ў далейшым, на думку тэлеграм-каналу, плануецца выкарыстаць для захопу сяла Пішчанаўка. Цераз гэты населены пункт праходзіць дарога з Алэшкаў на Крынкі, пераразанне якой істотна пагоршыць лагістыку расейцаў уздоўж Дняпра.

Іншая прарасейская крыніца – «Дневник Десантника» – фіксуе ўзмацненне ЗСУ ў ваколіцах Новай Кахоўкі, што ўскосна ўказвае на падрыхтоўку да фарсіравання ракі і на гэтым участку.

Украінскія крыніцы працягваюць прытрымлівацца рэжыму цішыні адносна сітуацыі ў Херсонскай вобласці.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў