Сталі вядомыя падрабязнасці ўрадавай пастановы аб рэгуляванні цэнаў


Урад абнародаваў падрабязнасці пастановы аб рэгуляванні цэнаў. Як паведамляецца ў Telegram-канале Саўміну, вытворцаў абавяжуць узгадняць адпускныя цэны з дзяржаўнымі органамі, а для імпарцёраў і гандлю абмяжоўваюцца максімальныя надбаўкі, нягледзячы на колькасць пасярэднікаў.

Прадукты харчавання ў Беларусі. 26 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Урад прыняў пастанову аб новай сістэме рэгулявання цэнаў. Дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, а ўрад у сваім Telegram-канале вылучыў галоўнае. Рэгуляванне тычыцца цэнаў і на айчынныя, і на імпартныя тавары ўсяго спажывецкага кошыка.

Вытворцаў абавязалі ўзгадняць павышэнне адпускных цэнаў з выканкамамі – абласнымі і Менскім. Пры падачы заявы давядзецца падрыхтаваць «эканамічнае абгрунтаванне прапанаванай цаны».

  • Для імпарцёраў і гандлю абмежавалі максімальную надбаўку ў незалежнасці ад колькасці пасярэднікаў. Гэтыя надбаўкі прапісалі ў дадатку да пастановы і тычацца шмат якіх тавараў: і харчовых, і нехарчовых. Напрыклад, максімальная надбаўка на курэй – 15%, на каўбасу – 20%, на рыбу і рыбныя кансервы, курыныя яйкі – 25%, на хлеб, цукар, малако, кефір, смятану і тварог – 15%, на сыры – 30%, на гародніну – таксама 30%; на адзежу і абутак для дарослых – 55%, для дзяцей – 30%.
  • Абмяжоўваюцца бартарныя пагадненні – іх таксама трэба ўзгадняць з дзяржорганамі.
  • Таксама пад забаронай бонусы за прасоўванне айчынных тавараў у гандлі.
  • Выканаўчым камітэтам і мясцовым адміністрацыям дадзенае права праводзіць праверкі, у тым ліку пазапланавыя, каб кантраляваць выкананне пастановы. Чыноўнікі змогуць складаць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Гэтую пастанову ўрад прыняў па выніках нарады 6 кастрычніка, на якой Аляксандр Лукашэнка забараніў рост цэнаў.

Агляд
Ці адчулі беларусы палёгку ад увядзення мараторыю на рост цэнаў?
2022.10.18 17:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў