Грамадскія палаты «ЛНР» і «ДНР» запатрабавалі неадкладна правесці рэферэндум аб прызнанні рэгіёнаў суб’ектамі Расеі, паведамляе «Интерфакс». Прарасейскія ўлады Херсонскай вобласці таксама папрасілі правесці рэферэндум аб прыняцці рэгіёну ў склад РФ.
Грамадская палата самаабвешчанай ЛНР звярнулася да кіраўніка рэспублікі Леаніда Пасечніка аб далучэнні да Расеі. Уваходжанне ў склад РФ, на думку аўтараў звароту, «засцеражэ тэрыторыю ЛНР і адкрые новыя магчымасці для яе аднаўлення».
Грамадская палата самаабвешчанай ДНР таксама звярнулася да кіраўніка рэспублікі Дзяніса Пушыліна з ініцыятывай правесці рэферэндум аб прызнанні рэгіёну суб’ектам Расеі.
У «ДНР» заявілі, што хочуць бачыць паміж рэспублікай і Украінай мяжу Расеі.
Таксама намеснік кіраўніка прызначанай Расеяй адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыл Стрэмаусаў заявіў, што мясцовыя жыхары хочуць паскорыць правядзенне рэферэндуму, каб «атрымаць гарантыі ўваходжання рэгіёну ў склад РФ».
«Жыхары Херсонскай вобласці звяртаюцца і хочуць як мага найхутчэйшага правядзення рэферэндуму, таму што баяцца, што Расея сыдзе, людзі хочуць упэўненасці ў тым, што іх не пакінуць», – сказаў Стрэмаусаў.
Першапачаткова рэферэндумы аб «далучэнні да Расеі» самаабвешчаных ЛНР і ДНР, а таксама акупаваных тэрыторый іншых украінскіх абласцей павінны былі прайсці ў сярэдзіне верасня. Аднак з-за паспяховага контрнаступлення ўкраінскіх войскаў у пачатку верасня рэферэндумы былі адкладзеныя на нявызначаны тэрмін.
Алена Рувіна belsat.eu