Гарадзенскі панк-музыка Ігар Банцэр, якому сёння прысудзілі 1,5 года «хіміі», у інтэрв’ю «Нашай ніве» распавёў, як здолеў пратрымацца без ежы і вады з 3 сакавіка.
«Я разумеў, што для мяне пачаўся фінальны рывок, таму эканоміў увесь час сілы, пастаянна седзячы ў камеры ў прамым сэнсе на дупе – з 6:00 да 22:00. Абсалютна не рухаўся: сілы маглі знянацку скончыцца. Але ўжо сёння было цяжка.
З суда я выйшаў на адрэналіне, бо хоць на ўмоўнай, але ўсё ж пакуль на волі. Калі адрэналін спадзе, не ведаю, як усё станецца. Але ўжо пачынаюць адгукацца ўнутраныя органы – ныркі і падстраўнікавая залоза баляць. Ногі таксама, цяжка перасоўвацца», – прызнаўся Ігар Банцэр.
Музыка адказаў тым, хто не верыць, што ён столькі часу мог працягваць сухое галадаванне і выглядаць так бадзёра:
«Я ж сядзеў у турме, там няма магчымасці схавацца. Калі б нешта спрабаваў есці, то гэта ўжо б даўно стала вядома. Мне кожны дзень прыносілі ежу і гарбату па графіку – думалі, што я спакушуся, але я да яе не дакранаўся».
Банцэр кажа, што ўжо 13 гадоў не ўжываў алкаголю, займаўся спортам, прытрымліваўся вегетарыянства і ўжо галадаў раней. Гэта дапамагло яму цяпер. Музыка спадзяецца, што здолее аднавіцца за два тыдні, але не ведае, як гэтае галадаванне адаб’ецца на ягоным здароўі.
ЯП belsat.eu