Камандуючы Аб'яднанымі сіламі ЗСУ: «Пуцін едзе ўцягваць Беларусь у вайну»


Камандуючы Аб’яднанымі сіламі ЗСУ генерал-лейтэнант Сяргей Наеў выказаўся наконт візіту расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў Беларусь 19 снежня. Ён лічыць, што прыезд Пуціна можа быць звязаны з тым, каб Беларусь цалкам пачала ўварванне ва Украіну.

Сяргей Наеў.
Фота: Мінабароны Украіны

Сяргей Наеў нагадаў аб праведзенай на днях Уладзімірам Пуціным нарады з кіраўніцтвам Узброеных сіл РФ, дзе разглядаліся прапановы ваеннага камандавання «на бліжэйшыя і сярэднетэрміновыя перспектывы».

«Адразу пасля гэтага ён анансаваў сустрэчу з кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь, якая адбудзецца ў хуткім часе. На наш погляд, падчас гэтай сустрэчы будуць адпрацоўвацца пытанні далейшай агрэсіі супраць Украіны і больш шырокага прыцягнення ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь да аперацыі супраць Украіны, у прыватнасці, на нашу думку, і на сушы», – заявіў Наеў.

Нагадаем, 19 снежня Уладзімір Пуцін плануе наведаць Менск з урадавай дэлегацыяй. Спачатку запланавана сустрэча з удзелам усіх міністраў, у тым ліку з удзелам міністра абароны Беларусі і Расеі Віктара Хрэніна і Сяргея Шайгу. Пасля гэтага адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Пуціна «адзін на адзін».

Паведамлялася, што бакі будуць абмяркоўваць «працэс рэалізацыі прынятых раней саюзных праграм», у прыватнасці гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і сумесныя праекты «з акцэнтам на імпартазамяшчэнне», супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы і пытанні бяспекі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў