Следчы камітэт Беларусі вінаваціць заснавальніка фонду «BySol» Андрэя Стрыжака ў зборы сродкаў «для фінансавання і матэрыяльнага забеспячэння ўзброенага канфлікту і ваенных дзеянняў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы». Пры гэтым сама назва дзяржавы – Украіна – чамусьці ў прэс-рэлізе СК не фігуруе.
СК кажа, што былі зафіксаваныя факты пералічэння грошай «грамадзянамі Беларусі для матэрыяльнага забеспячэння наймітаў». «Гэта з’яўляецца непасрэдным іх удзелам у фінансаванні ваеннага канфлікту. Асобныя такія грамадзяне ўжо выяўленыя», – сцвярджаецца ў прэс-рэлізе.
Супраць Андрэя Стрыжака распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу «за фінансаванне і іншае матэрыяльнае забеспячэнне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяннях».
Следчы камітэт таксама пагражае, што перавод грошай у «падобныя фонды» будзе лічыцца суўдзелам у злачынстве.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну фонд «BySol» запусціў праграму падтрымання беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну, а таксама арміі, цывільнага насельніцтва і медыкаў Украіны.
Глеб Нержын belsat.eu