МУС Літвы: мы гатовыя закрыць мяжу з Беларуссю, але гэта павінна быць рэгіянальнае рашэнне


Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце і кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас 17 жніўня правялі прэс-канферэнцыю, прымеркаваную да закрыцця двух КПП на мяжы з Беларуссю – «Шумскас» і «Твярачус». Прапускныя пункты будуць закрытыя апоўначы 18 жніўня. Агне Білатайце і Рустамас Любаевас адказалі на пытанні Белсату.

Прэс-канферэнцыя з удзелам міністаркі ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце і кіраўніка службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамаса Любаеваса з нагоды закрыцця КПП «Шумскас» і «Тверячус» на мяжы з Беларуссю.
Фота: Белсат

Міністарка ўнутраных справаў Літвы распавяла, што прававыя акты, неабходныя для закрыцця мяжы з Беларуссю, былі прынятыя адразу, як толькі ў нашай краіне пачала разгортвацца сітуацыя з вагнэраўцамі.

«Мы былі гатовыя закрыць мяжу, але, разумеючы, што калі гэта зробіць адна дзяржава, рашэнне будзе неэфектыўным, – патлумачыла Білатайце. – Каб дасягнуць эфекту, гэта павінна быць рэгіянальнае рашэнне, каб закрылі адначасова і Польшча, і Літва, і Латвія, і Эстонія, і калі будзе рашэнне адносна Расейскай Федэрацыі і Беларусі».

Кіраўніца літоўскага МУС зазначыла, што агульнае рашэнне некалькіх краінаў павінна быць прынятае 28 жніўня, «каб адмыслоўцы ў кожнай краіне былі гатовыя, каб у дзень Х і ў гадзіну Х былі гатовыя гэта зрабіць, калі з’явіцца пагроза больш высокага ўзроўню».

«Я хачу агучыць пазіцыю Міністэрства ўнутраных справаў, якая паслядоўная для грамадзянаў Расеі і Беларусі – абмежаванні для іх будуць аднолькавымі», – сказала міністарка.

Каментар
Палітолаг Карбалевіч распавёў, калі Польшча, Літва і Латвія могуць цалкам закрыць мяжу
2023.08.16 19:23

Кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамас Любаевас патлумачыў, што аргументаў для закрыцця КПП «Шумскас» і «Твярачус» было некалькі. Адзін з іх – адсутнасць адпаведнай інфраструктуры для якаснага мытнага і памежнага кантролю. Другі аргумент – знаходжанне ў Беларусі ПВК Вагнэра і агрэсіўная палітыка беларускага рэжыму.

Прэс-канферэнцыя з удзелам міністаркі ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце і кіраўніка службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустамаса Любаеваса з нагоды закрыцця КПП «Шумскас» і «Тверячус» на мяжы з Беларуссю.
Фота: Белсат

Закрыццё двух з шасці КПП не павінна паўплываць на шчыльнасць транспартных плыняў на тых пунктах пропуску, якія застануцца працаваць, лічыць Любаевас, аднак служба аховы дзяржаўнай мяжы будзе сачыць за сітуацыяў і прымаць адпаведныя далейшыя рашэнні.

Ці чакаць у бліжэйшы час поўнага закрыцця літоўска-беларускай мяжы, Рустамас Любаевас сказаць не можа – рашэнне павінна быць прынятае на палітычным узроўню, а задача службы аховы дзяржаўнай мяжы потым яго ажыццявіць.

«Як сказала міністарка ўнутраных справаў, будзе прымацца на рэгіянальным узроўні і ўзгадняцца з нашымі партнёрамі ў рэгіёне, – зазначыў кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы. – Мы рыхтуемся да розных сцэнароў. Напэўна, тыя, хто будуць прымаць рашэнні, будуць улічваць увесь комплексу чыннікаў – эканамічны, палітычны, аспекты нацыянальнай бяспекі. Мы гатовыя да закрыцця КПП – тэхнічна гэта не вельмі складаная працэдура. Сёння апоўначы будуць закрытыя два. Акрамя таго, у нас ёсць досвед па закрыцці КПП падчас пандэміі ковіду. Але спачатку палітыкі павінны прыняць гэтае рашэнне, адпаведным чынам аформіць, і пасля гэтага мы будзем яго ажыццяўляць».

Адначасова Любаевас зазначае, што не варта пераацэньваць магчымасці групы Вагнэра дзейнічаць на тэрыторыі НАТО і тым больш здзяйсняць нейкія ўзброеныя правакацыі.

«Так, правакацыі магчымыя, але яны неабавязкова будуць звязаныя з групай Вагнэра, яны таксама могуць быць звязаныя з прадстаўнікамі ўлады, таму мы ў любым выпадку рыхтуемся да магчымых правакацыяў на дзяржаўнай мяжы і незалежна ад таго, хто гэта будзе, мы гатовыя адбіваць гэтыя пагрозы», – зазначыў кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы.

Літоўскі памежны пункт пропуску «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы») на мяжы з Беларуссю за дзень да закрыцця на нявызначаны тэрмін. 17 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

У Літвы ёсць планы ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы, але яны будуць рэалізаваныя ў выпадку пагаршэння сітуацыі і правакацыяў – тады будзе магчымай дыслакацыя на мяжы дадатковых сілаў. Меры, якія прымаюцца на мяжы з Беларуссю цяпер, Любаевас лічыць дастатковымі і адэкватнымі.

21 жніўня ў Літве распачнуцца сумесныя вучэнні з удзелам літоўскіх памежнікаў з вайскоўцамі разам з памежнікамі Латвіі і Польшчы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў