Публікацыю на сайце «Виртуальный Брест» пра затрыманне жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара, да якой змясцілі здымак затрыманага мужчыны ў вопратцы з элементамі арнаменту, прызналі экстрэмісцкаю. Да такой высновы прыйшоў суд Маскоўскага раёну Берасця, паведамляе БАЖ.
6-е ўпраўленне (па Берасцейшчыне) ГУБАЗіК МУС РБ звярнулася ў суд аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі сайту «Виртуальный Брест» экстрэмісцкім матэрыялам. Прадстаўнікі ГУБАЗіК прапанавалі суду прызнаць публікацыю пра затрыманне жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара экстрэмісцкаю. Пад тэкстам рэдактары змясцілі фота мужчыны ў вопратцы з элементамі арнаменту.
Суддзя Настасся Бразінская ў выніку прызнала «малюнак чырвона-белага арнаменту з устаўкамі левабаковай свастыкі чырвонага колеру», змешчаную на сайце «Виртуальный Брест», экстрэмісцкім матэрыялам.
Юлія Кухарчык, прадстаўніца сайту «Виртуальный Брест», не пагадзілася з абвінавачаннем і высновамі «эксперта», якім выступіў галоўны рэдактар дзяржаўнай раённай газеты з Іванава і былы ідэолаг Ігар Гетман.
«Мне здаецца, што эксперт рабіў выснову не як навуковец, а больш як ідэолаг, грунтаваўся на досведзе сваёй ранейшай працы. У сваіх высновах ён бачыць менавіта тое, пра што просяць заяўнікі экспертызы», – кажа Юлія Кухарчык.
СК belsat.eu