Андрэй Сапега, бацька арыштаванай у Беларусі грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі, звярнуўся да Лукашэнкі з просьбаю пра сустрэчу і міласэрнасць адносна ягонай дачкі. Мужчына настойвае на экстрадыцыі Соф’і ў Расею, паведамляе PrimaMedia.
Андрэй Сапега, бацька Соф’і Сапегі, у відэазвароце да Лукашэнкі кажа, што ягоная дачка не мае дачынення да акцыяў пратэсту ў Беларусі. Яна трапіла ў гэтую гісторыю толькі таму, што хоча дапамагчы свайму сябру Раману Пратасевічу.
Соф’ю затрымалі разам з Раманам Пратасевічам падчас захопу ўладамі Беларусі самалёта кампаніі «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню. Сапега – грамадзянка Расеі. Цяпер яе трымаюць у СІЗА КДБ.
Андрэй Сапега лічыць, што цяпер вызначаецца лёс ягонай дачкі. Дзяўчыну вінавацяць паводле дзвюх крымінальных справаў. Таму ён просіць Лукашэнку праявіць міласэрнасць і настойвае на сустрэчы з ім.
Андрэй Сапега таксама спадзяецца на кіраўніцтва Расеі, бо пытанне затрымання грамадзянкі РФ Уладзімір Пуцін абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам:
«Гэта шмат пра што кажа, рэзананс вялікі. Праўда ў тым, што прэзідэнт Расеі надаў гэтаму ўвагу, даў заданне МЗС кантраляваць гэтае пытанне. Але канкрэтных захадаў з боку МЗС я не бачу. Вядома, расейская амбасада ў Менску заўсёды на сувязі, адказваюць на пытанні, але сфармаванай і выразнай пазіцыі я не ўбачыў».
СК belsat.eu