У судзе Пружанскага раёну 16 чэрвеня працягнуўся судовы працэс супраць Алены Гнаўк, пракурор запытаў для 65-гадовай пенсіянеркі 3,5 года ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 3200 беларускіх рублёў.
Сама спадарыня Алена трымаецца годна, лічыць крымінальныя справы супраць яе сфабрыкаванымі. Яна заяўляла адвод пракурору, але яго не задаволілі.
Усяго на жанчыну завялі ўжо чатыры крымінальныя справы. У дзвюх з іх яе асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Але Алена Гнаўк працягнула актыўную дзейнасць, яна пісала зварот да ўладаў і здымала відэа. Напрыклад, жанчына распавяла пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.
Цяперашнія ўлады ацанілі гэта як распаўсюд «загадзя хлуслівых звестак аб прававым становішчы замежных грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь, што было скіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». На Гнаўк завялі дзве крымінальныя справы: дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369.1 КК) і паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК).
У няволі Алена Гнаўк больш чым 5 месяцаў – з 11 студзеня. Прысуд прагучыць 17 чэрвеня.
Пасля падзеяў 2020 года жанчына мае 17 затрыманняў, 4 крымінальныя справы, 10 адміністратыўных справаў і штрафаў на 173 б. в.
АЛ belsat.eu