У Кіеве патлумачылі, чаму не прызнаюць пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай


Украіна пакуль не адрэагавала на заявы і звароты лідаркі дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай. І прычына ў тым, што ў Кіеве лічаць «сумнеўнымі» заявы Аб’яднанага пераходнага кабінету ды самой лідаркі, піша радыё «Свобода».

Мітынг «За нашу і вашу свабоду!» на падтрыманне Украіны адбыўся ў Вільні на Катэдральнай плошчы, гэта ўжо 16-ая з ліку акцыя салідарнасці. На здымку – лідарка Беларусі Святлана Ціханоўская. Вільня, Літва. 26 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік камітэту ў вонкавых справах Вярхоўнай Рады Аляксандр Мэрэжка заявіў, што Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі на чале з Святланаю Ціханоўскаю пакуль ва Украіне не прызналі праз «сумневы» ў палітычных пазіцыях лідаркі дэмакратычнай Беларусі:

«Пазіцыя Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна недастаткова зразумелая. Яна быццам баіцца называць рэчы сваймі імёнамі. Напрыклад, ясна сказаць, што Расея – тэрарыстычная дзяржава, агрэсар і вораг беларускага народу. Да таго ж у ейным асяроддзі ёсць некалькі сумнеўных асобаў. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі непаразуменне ва Украіне».

Якая пазіцыя і пра якія сумнеўныя асобы вядзецца, дэпутат не ўдакладніў. Пры гэтым украінскі палітык распавёў, што легітымным беларускім органам, з якім Кіеў мог бы весці перамовы, можа быць полк Каліноўскага ў складзе Збройных сілаў Украіны.

Раней Святлана Ціханоўская звярталася да афіцыйнага Кіева з прапановамі супрацы. Што да вайны, то 24 лютага, калі РФ уварвалася ва Украіну, лідарка дэмакратычнай Беларусі адрэагавала на гэта, асудзіўшы Крэмль і рэжым Лукашэнкі.

Аб’ектыў
Поўнае выданне навінаў
2022.10.13 22:21

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў