Паседжанні будуць ісці да 30 ліпеня. Радыё «Свабода» паведамляе, што справу разгледзяць у закрытым рэжыме проста ў СІЗА. Жонка Ігара Лосіка Дар’я сказала «Белсату», што дакладнай інфармацыі, будзе суд адкрытым ці закрытым, пакуль няма.
– З вялікай верагоднасцю суд зробяць закрытым, бо калі ён будзе адкрытым, то стане відавочным, што ніякай «справы Ціханоўскага» ўвогуле няма, – кажа Дар’я Лосік. – Акрамя таго, адкрыты суд не пакажаш па тэлевізары як вострасюжэтны серыял. Але дакладных звестак, што на 100 % будуць судзіць у закрытым рэжыме, у мяне няма.
Жонка палітвязня кажа, што надзеі на справядлівы вынік суда яна не мае.
– Гледзячы на ўсе гэтыя прысуды, я не разлічваю, што ў Ігара будзе мякчэйшы, – кажа Дар’я. – Увогуле, судом я гэта назваць не магу – гэта судзілішча альбо цырк. Уся мая надзея, што Ігар выйдзе на волю, – на міжнародную супольнасць.
Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў праходзяць у так званай справе Ціханоўскага. Яны чакаюць суда ў Гомельскім СІЗА.
У чым абвінавачваюць палітвязняў
Ціханоўскі, Сакаў, Папоў:
– арганізацыя масавых закалотаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
– распаўсюджванне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
– пагрозы на адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
– арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, звязаныя з выкарыстаннем гвалту ў дачыненні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).
Статкевіч:
– арганізацыя масавых закалотаў (ч. 1 арт. 293 КК)
Усім чацвярым пагражае да 15 гадоў турмы.
Лосік, Цыгановіч:
– распальванне сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
– арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).
Па гэтых артыкулах палітвязням пагражае да 12 гадоў турмы.
ГГ, belsat.eu