«Нічога жывога не засталося». Украінскія аграрыі з акупаваных раёнаў пачынаюць усё з нуля


Пры акупацыі Украіны расейскія вайскоўцы мэтанакіравана знішчаюць усю сельскагаспадарчую тэхніку. Пра гэта ў размове з «Белсатам» распавёў Уладзімір Кубрак, дырэктар прадпрыемства «Велгес» на Кіеўшчыне, што да вайны вырошчвала сланечнікі і кукурузу.

Уладзімір Кубрак, дырэктар прадпрыемства «Велгес» на Кіеўшчыне, Украіна. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Паводле Уладзіміра, акупанты проста знішчалі тэхніку прадпрыемства: «Усё адкручвалі, ламалі, выцягвалі». Плугамі абварвалі «КамАЗы», каб была браня, камбайнам і трактарам прастрэльвалі рухавікі, прабівалі колы. У выніку працоўнай тэхнікі не засталося – «толькі груда металалому». Страты ацэньваюць на 500–600 тысяч долараў.

«За два тыдні іхнай спецаперацыі для вызвалення ад невядома каго нас адкінула мінімум на пяць гадоў назад. Было ўсё, цяпер няма нічога. Усё разламана, усё забіта. Чым сеяцца? Што рабіць?» – задаецца пытаннем суразмоўца.

Наступствы дзеянняў расейскіх акупантаў на прадпрыемства «Велгес». Кіеўшчына, Украіна. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Рабавалі расейскія вайскоўцы таксама і звычайных вяскоўцаў: забіралі ежу з паграбоў, курэй, свіней, а таксама мабільныя тэлефоны і каштоўнасці. Маладых мужчынаў правяралі на наяўнасць сінякоў ад прыкладу, каб даведацца, вайсковец ці не.

«Былі моманты, калі людзей закрывалі ў пограбе і ў пограб кідалі гранату. Гэта людзі, якія не хацелі з імі супрацоўнічаць або адказвалі не так, як яны хацелі», – кажа Уладзімір.

Агулам на тэрыторыі навакольных сёлаў забілі каля 20 чалавек – дакладная колькасць ахвяраў невядомая. Трое чалавек падарваліся на супрацьтанкавых мінах. Сярод забітых – і 26-гадовы ахоўнік «Велгесу» Ігар. Спачатку акупанты расстралялі ягоную машыну, затым змясцілі яго ў пограб, а ў выніку забілі да смерці.

Фота: Алесь Усцінаў / Белсат
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Вось яны, наступствы «русского мира» – суцэльны хаос. Усё перарыта, усё знішчана, нічога жывога не засталося», – адзначае суразмоўца.

І просіць украінскія ўлады дапамогі, каб пачаць усё з нуля:

«Спадзяюся, што нас пачуюць, бо, калі мы не пасеемся, будзе кепска. Калі мы не пасеемся, не будзе харчавання. Не будзе харчавання – не будзе чаго есці. Не будзе чаго есці – будзе голад».

Тым больш, кажа Уладзімір, такая сітуацыя і ў іншых гаспадарках.

Фотарэпартаж
Да амбасады Расеі ў Варшаве людзі прынеслі рэчы, якія рабавалі расейскія вайскоўцы ва Украіне
2022.04.13 23:51

ПС belsat.eu

Стужка навінаў