ISW: Падчас візіту ў Іран Лукашэнка выступаў у ролі васала Крамля


Падчас замежных візітаў апошняга часу, у тым ліку ў Іран, Аляксандр Лукашэнка адыгрываў ролю васала Крамля. Да такой высновы прыйшоў Інстытут вывучэння вайны (ISW), пра што гаворыцца ў яго справаздачы.

Эбрагім Раісі вітае Аляксандра Лукашэнку ў Тэгеране, Іран. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Iranian Presidency / AFP / East News

Інстытут вывучэння вайны ў свежай справаздачы адзначыў ролю, якую Аляксандр Лукашэнка выконваў падчас візіту ў Тэгеран 12–13 сакавіка, дзе абмяркоўваў з афіцыйным кіраўніцтвам Ірану пашырэнне двухбаковай супрацы і ўзмацненне змякчэння санкцыяў.

«Падчас апошніх паездак у замежныя краіны Лукашэнка часта выступаў у ролі васала Крамля, і ягоны візіт у Тэгеран, верагодна, ёсць часткай больш шырокіх намаганняў Крамля для забеспячэнні далейшага падтрымання ад Ірану ва ўмовах міжнародных санкцыяў», – гаворыцца ў справаздачы ISW.

Апроч таго, Інстытут вывучэння вайны прагназуе, што «Крэмль, верагодна, працягне выкарыстоўваць уплыў Лукашэнкі для паглыблення супрацы з Тэгеранам».

Узгадваючы сустрэчы Лукашэнкі з прэзідэнтам Ірану Эбрагімам Раісі, вярхоўным лідарам Алі Хамэнэі і першым віцэ-прэзідэнтам Магамадам Махбэрам, ISW адзначае, што падпісаны пакет пагадненняў у сферах усебаковай супрацы, гандлю, транспарту, сельскай гаспадаркі і культуры. Звяртаецца ўвага таксама на заявы аб патраенні тавараабароту ў 2022 годзе ў параўнанні з 2021-м і заявы аб супольным супрацьстаянні санкцыям.

Таксама эксперты ISW заўважылі, што з візітам Лукашэнкі супалі заявы іранскіх дзяржаўных медыяў пра тое, што Іран завяршыў угоду аб куплі баявых самалётаў Су-35 у Расеі, паказваючы, што вайсковыя, палітычныя і эканамічныя пагадненні паміж Тэгеранам і Масквой працягваюць быць узаемавыгаднымі для абодвух бакоў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў