Як зачынялі памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца


Зачынены памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца, апошні ў Гарадзенскай вобласці. Цяпер беларусы, якія пастаянна ездзілі праз мяжу ў Еўразвяз, мусяць моцна карэктаваць свае планы, бо ўжо істотна выраслі чэргі на ўсіх памежных пераходах.

Сітуацыя на памежным пераходзе «Баброўнікі» пасля абвяшчэння пра яго закрыццё. Баброўнікі, Польшча. 9 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

10 лютага 2023 года. Памежны пераход Баброўнікі-Бераставіца. Гістарычны дзень і гістарычны момант для жыхароў польска-беларускага памежжа, таму што сёння апоўдні гэты памежны пераход зачынены паводле загаду Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. Цяпер для жыхароў Ваўкавыску або Горадні, каб наведаць звыклы Беласток, трэба ехаць або праз Літву, або праз Берасце. Іншых спосабаў наземным транспартам трапіць з Беларусі ў Польшчу няма.

Баброўнікі-Бераставіца – адзін з найбуйнейшых памежных пунктаў на беларуска-польскай мяжы. Прынамсі, быў такім.

Хоць афіцыйна гэта нідзе не пазначана, але польскі ўрад праз медыі і сацыяльныя сеткі даў зразумець, што гэта адказ Аляксандру Лукашэнку на рэпрэсіі. Бо напярэдадні наш калега Анджэй Пачобут – беларускі журналіст польскага паходжання – быў асуджаны на 8 гадоў. Афіцыйна – за нібыта распальванне варожасці. На справе – невядома за што, бо суд быў закрыты.

Польшча гатовая цалкам зачыніць наземную мяжу з Беларуссю, калі будзе трэба.

«Мы не выключаем магчымасці закрыцця іншых памежных пераходаў з Беларуссю, у тым ліку найбольшага памежнага пераходу ў Тэрэспалі. Гэтым разам зачыняюцца Баброўнікі. Прычына – у росце напружанасці з Беларуссю і ў тым, што Расея і Крэмль выкарыстоўваюць Беларусь. Цяпер Беларусь скача пад крамлёўскую дуду – і для нас, для Украіны, для Еўропы гэта ўсё больш небяспечна. Таму мы дасылаем вельмі моцны сігнал у Менск», – афіцыйна заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Людзі стаяць у чарзе на памежным пункце пропуску «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У чацвер 9 лютага, калі стала вядома пра закрыццё Баброўнікаў, тут, на памежным пераходзе сабралася немалая чарга – нават некалькі сотняў легкавых і грузавых машын. Людзі чакалі праезду ад 2-х да 8 гадзінаў. Мы не паказваем грамадзян Беларусі ў твар, каб потым спецслужбы Лукашэнкі не рабілі ім праблемаў.

Вось што казалі грамадзяне Беларусі ў чарзе 9 лютага:

«Хтосьці вырашыў, што трэба зачыніць – і зачыняюць».

«На днях мы ездзілі, дык больш за содні туды і назад заняло. Не заязджаючы ў Беласток. Гэта я перакрочыў мяжу, і адразу стаў у чаргу назад».

«Вельмі шкада сяброў, якіх мы не пабачым менавіта тут побач.

– Вы пастаянна ездзіце? – Так, вось тут побач сябры і сваякі».

Некаторыя апытаныя намі беларусы казалі, што зачыніць памежны пераход варта было яшчэ летась, 24-га лютага, калі Расея адкрыта атакавала Украіну – у тым ліку праз тэрыторыю Беларусі.

«На сёння, калі ўсё будзе зачынена, тады ўсе пабачаць, як будзе дзейнічаць імпартазамяшчэнне. Калі ў аўтамабіль «Мэрседэс» трэба будзе купіць лямпачку H7, якую не выпускаюць на тэрыторыі гэтай дзяржавы, і трэба будзе туды ўтыркнуць фару ад ГАЗ-53 – вось тады будзе прыгожа», – кажа адзін з кіроўцаў.

Памежны пункт «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Але ўсе прызнаюць, што закрыццё мяжы ў Баброўніках-Бераставіцы дадасць ім праблем нават на іншых памежных пераходах, бо там вырасце нагрузка. А значыць, вырасце і час мытнага кантролю для грузаперавозак, адпаведна, паднімецца і кошт тавараў.

«Далей будзем ездзіць праз Берасце, напэўна. Тыдзень будзем сядзець там», – дае прагноз дальнабойшчык з Узбекістану.

«Або на Літву і Латвію будзем ездзіць. – А што будзе, калі і там зачыняць? – Не будзем ездзіць у Еўропу. – А як тады дальнабойшчыкам зарабляць грошы? – Будзем Беларусь, Расея, Казахстан і астатнія краіны ездзіць», – кажа ягоны беларускі калега.

Затое ў пятніцу – у апошні дзень працы памежнага пераходу – рана раніцай з Польшчы ў Беларусь можна было праехаць практычна маментальна. Такія малыя чэргі тут можна было пабачыць хіба што на святы.

І тут «Белсат» пабачыў рэдкую для сённяшняй Беларусі зʼяву – акцыю пратэсту на рэжымным абʼекце.

«Тут прадстаўнікі фірм, якія працуюць непасрэдна на памежным пераходзе, яны абслугоўваюць фірмы экспартна-імпартныя, транспартныя, а таксама прадстаўнікі прымежных крамаў, якія займаюцца абслугоўваннем памежнага руху. Учора мы атрымалі інфармацыю, што сёння апоўдні пераход зачыняюць. Мы не мелі зусім часу, каб падрыхтавацца, засталіся зусім без дапамогі, без падтрымкі дзяржавы. Перадусім мы шакаваныя, што так раптоўна ўсё зроблена. Кожны з нас хвалюецца наконт будучыні, і баіцца за сваё месца працы», – кажа прадстаўніца польскага бізнесу памежжа.

Польскія памежнікі на пункце пропуску «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Пераход Кузніца атрымаў 10 дзён, каб прадаць свой тавар, а мы панясем вялізныя страты. Не ведаю, што сказаць сваім працаўнікам, што далей будзе?» – абураецца прадстаўніца польскай харчовай фірмы Агнешка Ласота.

Нагадаем, што суседні памежны пераход Брузгі-Кузніца Польшча зачыніла ў 2021-м годзе пасля таго, як рэжым Аляксандра Лукашэнкі арганізаваў ягоны штурм мігрантамі, якім адкрыта дапамагалі лукашэнкаўскія спецслужбы і Дзяржаўны памежны камітэт.

Цяпер працаўнікі польскіх фірмаў у Баброўніках патрабуюць, каб урад не толькі паклапаціўся пра іх выдаткі, але і даў як мага больш інфармацыі.

«Учора мы даслалі ў Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі афіцыйны ліст. Але гэта было зроблена позна ўвечары. Мы чакаем на які-кольвек адказ. Таксама скіруемся да адміністрацыі ваяводства з просьбай панізіць або цалкам спыніць збор арэнднай платы. Бо цяпер мы ў такой сітуацыі, нібыта мусім плаціць за дарогу, якой немагчыма ехаць. Будзем штосьці спрабаваць. Дакладна не будзем проста сядзець і плакаць», – кажа прадстаўніца польскага бізнесу памежжа.

Працаўніцы польскіх фірмаў паказалі сваю рашучасць вось так – узялі і пайшлі ў будынак упраўлення памежным пераходам, проста пралезлі пад шлагбаумам, парушыўшы правілы.

Пасля гэтай акцыі пратэсту сітуацыя на мяжы змянілася кардынальна.

Памежны пункт «Баброўнікі», Польшча. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Яшчэ гадзіна да афіцыйнага закрыцця памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца, але Страж Гранічна – памежная служба Польшчы – зачыніла праезд. Людзі стаяць у чарзе, сабралася вялікая чарга, каля 40 аўтамабіляў. Чарга сыходзіць за гарызонт. Людзі незадаволеныя, таму што яны ўжо гадзіну стаяць і чакаюць, калі іх проста прапусцяць да праезду праз памежны пераход. Пры гэтым мы бачым, што на памежным пераходзе пуста.

Прыехала не толькі паліцыя, але і грузавікі з вайскоўцамі. Усе просьбы прапусціць легкавыя машыны засталіся без адказу. Ад 10-й раніцы праехаць праз Баброўнікі маглі толькі маршруткі, аўтобусы і грузавікі.

Вось што казалі грамадзяне Беларусі ў чарзе 10 лютага:

«Даведваліся па часе, што да 12 будзе працаваць мяжа. Прыехалі – гадзіну стаім… Граніца пустая. Памежнікі перакрылі і ўсё».

«Мы ўжо 2 гадзіны стаім, мяжа пустая, нас не пускаюць. Пяты аўтамабіль».

«Мы прыехалі ў 10:15, стаім, паліцыя нас не пускае. Пусты кавалак ад скрыжавання да шлагбауму. І з 10 не было запуску. Па чалавечы можна было б: стаць у канцы чаргі, і хто прыехаў пасля 12, таго на разварот, а хто раней, таго пусціць. Бо тут нейкае зацягванне часу. Тут калі запусціць усіх у тры шэрагі, то поўны тэрмінал. Паўгадзіны працы, і ўсе бы праехалі».

Беларусы памежжа ведаюць, што зачынены шлагбаум звязаны з палітычнымі рэпрэсіямі.

«Так, чулі, што ў Беларусі быў арыштаваны і асуджаны журналіст, Андрэй Пачобут», – кажа адзін з кіроўцаў.

Але пераймаюцца і за ўласны дабрабыт.

Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Ёсць яшчэ адзін аспект закрыцця памежнага пераходу ў Баброўніках і Бераставіцы. Пра гэты аспект не заўжды кажуць – гэта вось такі малы бізнес. Мы бачым шмат прыпаркаваных ровараў. Яны належаць мясцовым жыхарам і не толькі. Гэта людзі, якія ўдзельнічаюць у пэўным «малым памежным руху», але ў неафіцыйнай яго частцы. Таму што на такіх роварах людзі перавозяць праз мяжу тавары, каб зарабіць нейкую капейку. І мы бачылі, калі ўжо зачыняўся гэты пераход, як жыхары Беларусі і польскага памежжа перавозяць праз мяжу на роварах нават плазменныя тэлевізары і іншую бытавую тэхніку. Зарабляюць, як могуць. Яны нам неафіцыйна паведамілі, што цяпер будуць вымушаныя ездзіць таксама праз Літву і Берасце на тых самых роварах. Дзесьці іх будуць падвозіць арганізатары гэтага малога памежнага таварнага руху.

Мы размаўлялі з людзьмі, якія карыстаюцца і роварамі, і аўтамабілямі менавіта для правозу тавараў рознай ступені легальнасці. Склалася ўражанне, што Баброўнікі-Бераставіца – папулярны для іх кірунак.

Пазней, у суботу 11-га лютага польская «Газета Выборча» ў Беластоку распавяла са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы, што ў Баброўніках нібыта затрымалі 12 польскіх мытнікаў у справе карупцыі. Аўтар публікацыі кажа, што да затрымання дайшло перад заявай міністра ўнутраных справаў Польшчы аб закрыцці тэрміналу.

«Адна з дзвюх асобаў, якая перадала мне інфармацыю пра затрыманне 12-ці мытнікаў, сцвярджае: пасля арышту тых мытнікаў на пераходзе ў Баброўніках няма каму працаваць. Іхная справа разглядаецца ў Беластоку пад наглядам Нацыянальнай пракуратуры», – піша Мацей Халадоўскі, журналіст «Gazeta Wyborcza» ў Беластоку.

Баброўнікі, Польшча. 10 лютага 2023.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Але пакуль гэтая крымінальная справа афіцыйна не пацверджаная. Да таго ж няма пэўнасці, што антыкарупцыйныя дзеянні маглі быць прычынай закрыцця пераходу, а не пабочным эфектам.

Чаргу легкавікоў, якая назбіралася з 10 па 12 гадзіну, так і не пусцілі праз мяжу. Усім параілі ехаць іншымі памежнымі пераходамі.

Апошняй машынай, якая пакінула Баброўнікі ў пятніцу, аказалася вось гэтая – з чырвона-зялёным сцягам пад шклом і з выцекам са зламанага рухавіка. Польскія паліцыянты ўжылі фізічную сілу – дапамаглі перапаркаваць аўтамабіль на стаянку.

Цяпер Баброўнікі-Бераставіца – пусты тупіковы кірунак на нявызначаны тэрмін.

Яраслаў Сцешык belsat. eu

Стужка навінаў