Грамадзянаў Польшчы, Расеі, Украіны эвакуявалі з сектару Газа. Пра беларусаў не чуваць


З сектару Газа, у якім Ізраіль праводзіць ваенную аперацыю ў адказ на атаку тэрарыстаў, 1 лістапада пачалі выпускаць замежных грамадзянаў. Раней консул Беларусі ў Ізраілі казаў, што ў сектары застаюцца «дзясяткі грамадзянаў Беларусі». Што з імі, невядома.

Самалёт Паветраных сілаў Польшчы рыхтуецца да эвакуацыі польскіх грамадзянаў з сектару Газа
Самалёт Паветраных сілаў Польшчы рыхтуецца да эвакуацыі польскіх грамадзянаў з сектару Газа. 12 лістапада 2023 года.
Фота: Piotr Gubernat / Combat Camera Poland / Jacek Siewiera / X

Першая група грамадзянаў Польшчы выйшла з сектару Газа 12 лістапада. У гэтай групе было 18 чалавек. Раней паведамлялася пра 25 грамадзянаў Польшчы, якія былі ў Газе, а таксама пра аднаго ў палоне тэрарыстаў ХАМАС.

Міністэрства надзвычайных справаў Расеі 12 лістапада расказала, што грамадзяне Расеі пачалі выходзіць з сектару Газа. Цягам дня на тэрыторыю Егіпту выйшлі 70 грамадзянаў Расеі, яны кіруюцца ў Каір.

Грамадзяне Украіны пачалі выходзіць з сектару Газа яшчэ раней: цягам тыдня эвакуявалі 214 грамадзянаў, паведаміў 11 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Днём раней ён расказваў, што Украіна эвакуявала з Газы таксама 9 грамадзянаў Малдовы.

Консул Беларусі ў Ізраілі Станіслаў Венцэль яшчэ месяц таму расказваў, што ў сектары Газа застаюцца «дзясяткі грамадзянаў Беларусі, пераважна жанчыны і дзеці».

Міністэрства замежных справаў Беларусі і амбасада Беларусі ў Ізраілі на момант публікацыі нічога не казалі аб эвакуацыі з сектару Газа грамадзянаў Беларусі – ні сваімі сіламі, ні разам з расейцамі.

Hавiны
Ізраіль уводзіць штодзённыя чатырохгадзінныя гуманітарныя паўзы ў сектары Газа
2023.11.10 16:14

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў