Роўна год таму, 12 лістапада 2020 года, у рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка, на якога напярэдадні на плошчы Пераменаў напалі сілавікі. Belsat.eu узгадвае гісторыю супраціву пратэставага двара і паказвае, як ён выглядае цяпер.
Плошча Пераменаў – гэта сімвалічная назва двара паміж некалькімі шматпавярховікамі на вуліцах Смаргоўскі тракт і Чарвякова. Сваю назву двор атрымаў праз тое, што неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года там з’явіўся мурал з выявай «дыджэяў пераменаў» Уладзіслава Сакалоўскага і Кірыла Галанава, якія праславіліся праз тое, што напярэдадні выбараў падчас праўладнага мерапрыемства уключылі песню Віктара Цоя «Пераменаў». Ужо пасля смерці Рамана Бандарэнкі з’явілася інфармацыя, што, імаверна, менавіта ён і быў аўтарам графіці.
На фоне масавага пратэставага руху ў Беларусі жыхары вакольных дамоў аб’ядналіся, пачалі сябраваць, ладзіць дваровыя канцэрты і іншыя імпрэзы. Плошча Пераменаў стала адным з сімвалаў пратэсту, самаарганізацыі ды салідарнасці беларусаў.
Цягам верасня-кастрычніка камунальныя службы пад наглядам міліцыі рэгулярна знішчалі славутае графіці. Аднак яно кожны раз аднаўлялася на старым месцы. Адным з мясцовых жыхароў, якія спрабавалі адстаяць мурал, быў Сцяпан Латыпаў. 15 верасня ён быў затрыманы ГУБАЗіКам. Яго збівалі і катавалі, а ў СІЗА кінулі ў «прэс-хату». Латыпава звінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342) і «супраціве міліцыі» (арт. 363). Падчас суду ён здзейсніў спробу самагубства, але застаўся жывы. Суд пакараў палітвязня 8,5 гадамі калоніі.
На плошчу Пераменаў ладзіла рэйды групоўка Наталлі Эйсмант – прэс-сакратаркі Лукашэнкі, якая разам з набліжанымі да рэжыму асобамі па начах пад прыкрыццём сілавікоў знішчалі пратэставую сімволіку. 11 лістапада 31-гадовы Раман Бандарэнка выйшаў ва двор, каб разабрацца ў тым, што адбываецца, і высветліць, навошта невядомыя людзі зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Паводле відавочцаў, падчас слоўнай перапалкі адзін з людзей у масцы звярнуўся да Бандарэнкі: «Ты чаго борзы такі?» Бандарэнку адштурхнулі, да яго падбеглі людзі ў цывільным, скруцілі і завалаклі ў мікрааўтобус, які, імаверна, належаў СОБРу. Менавіта байцы СОБРу, паводле «ByPol», нанеслі Бандарэнку смяротныя траўмы. Яго даставілі ў Цэнтральны РУУС ужо ў непрытомным стане, адтуль Рамана забрала «хуткая». 12 лістапада 2020 года ў рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску ён памёр.
Забойства Рамана Бандарэнкі выклікала хвалю абурэння ў беларускім грамадстве. Пасля таго, як стала вядома пра ягоную смерць, на месцы трагедыі сабраліся тысячы людзей, каб ушанаваць памяць Рамана. На наступны дзень акцыі памяці прайшлі па ўсёй краіне. На плошчы Пераменаў паўстаў народны мемарыял, але праз тры дні, 15 лістапада, ён быў знішчаны сілавікамі. Стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу вялі журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. За гэта нашых каляжанак арыштавалі і пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі.
Пасля 15 лістапада актыўнасць жыхароў плошчы Пераменаў рэзка знізілася. Тэрыторыю стала рэгулярна патруляваць міліцыя. За любую праяву салідарнасці пераследавалі. Вядомы выпадак, калі мянчук атрымаў 13 содняў арышту за тое, што проста прынёс дзве гваздзікі на плошчу Пераменаў.
У наступныя месяцы людзі некалькі разоў выходзілі ўшанаваць памяць Бандарэнкі хвілінай маўчання, таксама перыядычна адбываліся пераклічкі жыхароў дамоў. Але з часам і гэтая актыўнасць спынілася. Бліжэй да сакавіку 2021 году сілавікі знялі пастаяннае назіранне сілавікоў за пратэставым дваром.
За забойства Рамана Бандарэнкі нікога не прыцягнулі да адказнасці. Крымінальная справа па факце смерці Бандарэнкі была ўзбуджаная толькі 18 лютага 2021 года – больш чым праз чатыры месяцы пасля ягонай смерці. Аднак у Генпракуратуры адразу заявілі, што сілавікі да смерці Бандарэнкі дачынення не маюць. У рэальнасці ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася. У верасні 2021 году Генпракуратура прыпыніла расследаванне крымінальнай справы «з прычыны нявысветленасці асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
РР belsat.eu