Аляксей Тупіцын, кіраўнік некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр грамадзянскага спрыяння» ў Іркуцкай вобласці, прызнаецца ў гутарцы з журналістам «Белсату», што не здзіўлены разні ў Бучы. «У Расеі адбываецца расчалавечванне і азвярэнне на ўсіх узроўнях», – кажа ён. Аляксей спрабуе супрацьстаяць гэтаму: гаворыць з людзьмі, выходзіць на пікеты. У адказ – спальваюць яго маёмасць.
«Сталярны цэх у мяне з 1992 года працаваў, без перапынку, ва ўсе крызісы. Спалілі ў ноч на 1 красавіка. Больш чым на 20 мільёнаў рублёў станкоў згарэла. І гэта метады барацьбы ў іх такія», – кажа Аляксей Тупіцын.
У 2014 годзе, падчас канфлікту на Данбасе, на сваім аўтамабілі Аляксей нанёс надпіс: «Нельга ваяваць з Украінай». Машыну спалілі ў 2018-м – разам з гаражом, у якім стаялі яшчэ дзясяткі аўтамабіляў.
Пазней падпалілі памяшканне, якое ён здаваў у арэнду. Праваабаронца сцвярджае, што такі «дзяржаўны падыход». І ён – ва ўсім.
«У нас ёсць могілкі польскія ва Усць-Куце (райцэнтр Іркуцкай вобласці), старыя, XVIII стагоддзя. Даглядаем за імі шмат гадоў. У 2015 годзе мы іх адрамантавалі, а на адкрыццё мемарыялу чакалі польскага генконсула. Ён прыехаў вечарам, мы яго сустрэлі, паказалі могілкі – усё нармальна. А раніцай прыязджаем на адкрыццё – і ўжо ўсё разварочанае і разламанае!
Паліцыя з сёмага разу заяву прыняла. І сказалі, што падобна на працу спецслужбаў – ні слядоў, ні адбіткаў. А потым мне прадстаўнік МЗС у Іркуцку прагаварылася, кажа: «Ну а што вы хацелі? Палякі ж нашы могілкі зносяць…» – распавядае Аляксей.
Паводле ацэнак праваабаронцы (спасылаецца на звесткі сацапытанняў), 90 % насельніцтва Іркуцкай вобласці («Думаю, што і ва ўсёй Расеі») падтрымлівае ваенныя дзеянні Пуціна ва Украіне. І не верыць відавочнай праўдзе. Разню ў Бучы ўспрымаюць як «падставу бандэраўцаў», «радуюцца забойству ўкраінцаў».
«Калі-небудзь, напэўна, будзем вывучаць, як такое магчыма. Думаў, што пасля Другой сусветнай, калі немцаў заклінавала на Гітлеры, такое не паўторыцца. А тут вось, на нашых вачах, яшчэ горшае адбываецца. Сем’і ёсць: адна сястра жыве ва Украіне, другая – ва Усць-Куце. І вось яна кажа, маўляў, «нацыкаў» разбамбіць трэба канчаткова. Я ёй: «У цябе ж сястра там!» «Ой, я яе папярэджвала: зʼязджай!» І гэта пры тым, што тая спрабуе данесці з Украіны, што ніякіх «нацыкаў» там няма, што яна там размаўляе па-расейску і ніхто нікога не прыгнятае. Бессэнсоўна!» – расказвае Аляксей Тупіцын.
З ягоных словаў, нават людзі, якія раней успрымаліся як адэкватныя (мелі бізнес), кажуць пра «хахлоў-нацыяналістаў», якіх «трэба прыбіць, як пры Сталіне». Рашэнне любых праблемаў зводзіцца да зверстваў і забойстваў.
«Я не здзівіўся, шчыра кажучы, Бучы, дакладней, не тое, што не здзівіўся, а чакаў, што нешта падобнае будзе. Бо настроі ў грамадстве такія. Зверскі. Эмпатыі – наогул ніякай», – сцвярджае наш суразмоўца.
Па назіраннях актывіста, «гэта азвярэнне здарылася не цяпер» – працэс быў запушчаны задоўга да гэтага. У 2003-м у Іркуцку можна было бачыць аб’явы «знойдзены кашалёк – звяртайцеся туды-та», і гэта было па-чалавечы («хоць для поўначы і не зусім уласціва»). Але з 2006-га – усё пачало мяняцца. «Чалавечыя» абʼявы зніклі. А пік абесчалавечвання прыйшоўся на 2014-ы, з моманту захопу Расеяй Крыму і Данбасу.
«У нас, думаеце, ва Усць-Куце людзі ставяцца лепей адзін да аднаго, чым расейскія салдаты да мірнага насельніцтва? У нас ва Усць-Куці зверскіх забойстваў, паводле статыстыкі, больш, чым у Бразіліі!
І ў палонкі выкідаюць, і калунамі забіваюць, і табурэткамі, і рэжуць – па 50 ранаў наносяць. На бытавым узроўні гэта ўвесь час адбываецца. У 2014-м два забойства было і на «ўкраінскай» глебе. Аднаго ўкраінца забілі камянямі за тое, што ён украінец. У другім выпадку сын зарэзаў айчыма ў спрэчцы за Украіну», – распавядае Аляксей.
На яго думку, расчалавечэнне адбываецца ў Расеі на ўсіх узроўнях: ад адміністрацый і паліцыі з іх быдлячым стаўленнем да людзей – да бытавога ўзроўню. Людзі збіваюць, рэжуць і забіваюць адзін аднаго без усялякіх прычын. «Проста само грамадства стала такім», – падкрэслівае праваабаронца.
«Не ведаю… Шчыра кажучы, я не спецыяліст у гэтым, гэта маё меркаванне не экспертнае. Але, займаючыся шмат гадоў мясцовымі праблемамі і бачачы, як дэградуе грамадства, – проста дэградуе! – я ўсё-ткі лічу, што гэта віна Пуціна. Менавіта ён стварыў такую быдлячую, нейкую сатанінскую, кадэбэшную сістэму, якая расчалавечыла людзей», – кажа Аляксей.
«І яна па-іншаму працаваць не можа. Толькі на крыві, на жорсткасці, на запалохванні. Больш ніяк! Яна не можа ў нармальных чалавечых умовах існаваць. Усё горш і горш…» – удакладняе праваабаронца.
Па словах расейца, у Іркуцку ўжо адчулі дзеянне амерыканскіх і еўрапейскіх санкцый, якія накладзеныя на пуцінскі рэжым. Цэннікі ў крамах выраслі, на некаторыя тавары – удвая. Мясцовыя ўлады ўвялі нядаўна абмежаванне на продаж на 20 найменняў (цукар, крупы і г. д.) – да 10 кг. Што датычыць брэндавых тавараў – іх ужо не купіць. Велізарная праблема з запаснымі дэталямі, па якія неўзабаве прыйдзецца ездзіць у Манголію.
«Я, напрыклад, 5 месяцаў таму мяняў шэсць калодак, і яны каштавалі 6,5 тысячы. А цяпер, ну, думаю, куплю і пакладу, каб былі, паглядзеў – 36 тысяч каштуюць! І то ў наяўнасці няма – толькі пад заказ.
Словам, я цяпер сваю машыну буду абслугоўваць не ў Іркуцку, а ў Манголіі. Там гэтыя калодкі каштуюць 100 долараў. Але да Манголіі – 1000 км, і не ва ўсіх ёсць магчымасць ездзіць туды. Дарэчы, квіток на самалёт каштаваў да Манголіі 12 тысячаў, а цяпер – менш за 80 тысяч няма«, – распавядае Аляксей Тупіцын.
Але і з гэтай нагоды – ніякіх пратэстаў. Жорсткасць, абыякавасць, прымальнасць «рэальнасці», якую навязвае прапаганда, – усё гэта наш суразмоўца тлумачыць ахоўнай рэакцыяй людзей на дзеянні сістэмы.
«Спачатку большасць казала, што нам “пофіг на гэты долар” – мы, маўляў, у рублях атрымліваем. Потым, калі цэны павысілі, людзі пачалі задумвацца… І цяпер галоўная ўстаноўка такая: “Ну, трэба пацярпець: пераможам – і ўсё будзе як раней”. Калі ім кажаш, што нічога як раней ужо не будзе, яны гэта не ўспрымаюць. Ніхто не верыць», – дзеліцца Аляксей.
Кажа, што і ў Іркуцк ужо прыходзяць з Украіны пахаванкі. Але сістэма манетызуе і смерць.
«Ну, успрымаецца гэта ўсё так: “а чё”, 10 мільёнаў рублёў атрымліваюць людзі за труп, за “груз-200”. Ды яны б такіх грошай наогул ніколі б не зарабілі ў цяперашняй сістэме. А тут раз – і ім адразу даюць! Выкупляюць душы, скажам так. Вось маці выведніка з Іркуцку, якая атрымала пахаванку, – у яе заробак 25 тысяч. Вось за колькі яна 10 мільёнаў зможа ашчадзіць? Ды ні за колькі!» – кажа Аляксей.
З нагоды санкцыяў, уведзеных супраць Расеі, праваабаронца не мае асаблівых ілюзіяў. Кажа, што эфект можа наступіць хіба што пры «поўным эмбарга» на газ і нафту, калі людзям не будзе дзе працаваць.
«А так… Вось, разумееце, у нас жа развальваць у краіне практычна няма чаго – і так усё развалена. Дарогі разбітыя. Я нідзе не бачыў такіх дарог і такога стаўлення да людзей. У нас аховы здароўя практычна няма ўжо. Вось ва Усць-Куце яго проста няма! Каб нейкую там хваробу дыягназаваць, трэба ехаць у абласны цэнтр за тысячу кіламетраў. Так што наконт забароны на лекі – іх і так у нас не было», – кажа расеец.
Аднак, на ягоную думку, цалкам зачыняць парты і мяжы з Расеяй не варта: у людзей «павінна быць магчымасць хоць бы збегчы з гэтага Мордару».
Аляксей спадзяецца, што Расея скончыць гэтак жа, як Германія ў 1945-м – паразай і перабудовай усёй сістэмы, «бо нельга ў гэтым грамадстве жыць».
«Толькі праз паразу і поўную перабудову ўсёй сістэмы, праз адмову ад імперскіх традыцый і яшчэ лепш – праз адмову ад ядравай зброі. Хочаце жыць – дамаўляйцеся з суседзямі па-мірнаму, а не з дапамогай ядравага малатка. Развівайце краіну, людзей і эканоміку. Адзіны варыянт».
Актывіст лічыць, што толькі тады, калі людзі пачнуць атрымліваць удвая меншую пенсію, таму што другая частка пойдзе на аднаўленне Украіны ў якасці рэпарацыяў, яны задумаюцца. Нагадвае, што Нямеччына плаціць рэпарацыі да гэтага часу.
«Але не ведаю, – кажа. – Здаровых сілаў усё менш і менш. Паглядзіце, што дзеецца… Многія баяцца выказацца – цішком пішуць. Ну а здаровая частка грамадства не мае сёння ўплыву: у дзяржорганах працаваць прыстойнаму чалавеку немагчыма! Альбо ты павінен пагадзіцца стаць падонкам, альбо ты там працаваць не зможаш. Іншых варыянтаў няма. Наогул няма!»
«Гэта ўсё роўна хутка скончыцца. Але пры любых абставінах, думаю, нехта павінен тут быць, каб хаця б агучваць гэта. А далей як будзе, так і будзе», – падводзіць вынік Аляксей Тупіцын.
Аляксей рэгулярна выходзіць на адзіночныя пікеты, выступаючы супраць вайны ва Украіне. Позвы з паліцыі, якія атрымлівае рэгулярна, ігнаруе.
Аляксей Тупіцын – актывіст, праваабаронца, бізнесовец. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі (МЭСИ). Балатаваўся ў дэпутаты Дзярждумы сёмага склікання (2016) ад партыі «Яблоко». Неаднаразова затрымліваўся, трапляў на содні, аб’яўляў галадоўкі, яго жонку спрабавалі атруціць. Дырэктар некамерцыйнай арганізацыі «Цэнтр грамадзянскага спрыяння». Жыве ва Усць-Куце (Іркуцкая вобласць). Выхоўвае дваіх дзяцей.
ЗК/ІР belsat.eu