Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з СІЗА № 7 у гомельскую жаночую калонію. Пра гэта паведаміў «Белсату» ейны муж Андрэй Шарэнда.
Шарэнду-Панасюк абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).
У чэрвені Паліну асудзілі на 2 гады зняволення.
Сваёй віны жанчына не прызнае і лічыць сябе захопленай у палон. Маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей прызналі палітзняволенаю.
Пасля прысуду Андрэя Шарэнду таксама абвінавацілі ў двух крымінальных справах: арт. 361 КК («Заклікі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы») і арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»).
28 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Берасця меў пачацца працэс над Андрэем, які 31 траўня быў змешчаны пад хатні арышт. Але на суд ён так і не з’явіўся, таму суддзя Філонік абвесціла Андрэя Шарэнду ў вышук. Праваабаронцам стала вядома, што Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь.
АД, belsat.eu