«Пабачаць залу суда знутры». Амбасадар ЗША пра адказнасць рэжыму за рэпрэсіі і вайну


Рэжым у Беларусі і ягоных прадстаўнікоў чакаюць наступствы за масавыя парушэнні правоў чалавека. Пра гэта падчас прэс-брыфінгу 11 траўня заявіў амбасадар ЗША пры АБСЕ Майкл Карпэнтэр, каментуючы справаздачу ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ, якая была прынятая перад гэтым.

Амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр дае каментары медыям пасля паседжання Рады міністраў АБСЕ. Лодзь, Польшча. 2 снежня 2022 года.
Фота: Белсат

Адказваючы на пытанні «Белсату», Майкл Карпэнтэр адзначыў, што Маскоўскі механізм ужываецца ў дачыненні да Беларусі ўжо ў другі раз пасля 2020 года, калі ў адказ на масавыя пратэсты супраць сфальсіфікаваных выбараў улады краіны пачалі масавыя рэпрэсіі.

«На гэты раз мы вырашылі яшчэ раз задзейнічаць Маскоўскі механізм, каб праінфармаваць міжнародную супольнасць, усіх нашых саюзнікаў і партнёраў ва ўсім свеце аб тым факце, што гэтыя рэпрэсіі паглыбляюцца. Мы не хацелі маўчаць», – заявіў амбасадар ЗША, дадаўшы, што заклікі зноў выкарыстаць Маскоўскі механізм паступілі ад лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай.

Абноўлена
У АБСЕ рэкамендавалі пачаць крымінальны пераслед за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі
2023.05.11 14:26

Паводле яго, ЗША збіраюцца прыцягнуць рэжым да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ўнутры Беларусі.

«Мы таксама будзем уводзіць разам з нашымі саюзнікамі і партнёрамі абмежавальныя захады, санкцыі, экспартны кантроль і іншыя віды наступстваў, якія дадуць зразумець рэжыму Лукашэнкі, што такая ступень рэпрэсій, што гэтыя намаганні па ліквідацыі незалежных галасоў у грамадзянскай супольнасці Беларусі не акупяцца для іх», – заявіў Карпэнтэр.

Ён адзначыў, што хоць у Лукашэнкі і ёсць «любімы чалавек для сустрэч» – Уладзімір Пуцін, «пераважнай большасці міжнароднай супольнасці, прынамсі, у рамках АБСЕ, ясна, што тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, недапушчальна і што будуць наступствы».

Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці

Амбасадар ЗША падкрэсліў неабходнасць укараніць механізмы, «якія гарантуюць прыцягненне да адказнасці тых, хто затрымлівае і ўдзельнічае ў ілжывых судовых працэсах з абуральнымі злоўжываннямі, што прыводзяць да зняволення».

«Я падкрэслю той факт, што ў наш век перадавых тэхналогіяў, праграмнага забеспячэння для распазнання асоб і разнастайных іншых магчымасцяў, якіх не існавала ўсяго пару дзесяцігоддзяў таму, існуюць сродкі, якія дазваляюць высветліць, хто нясе адказнасць за парушэнне правоў і з часам дамагчыся справядлівасці», – сказаў дыпламат.

Ён адзначыў важнасць дакументаваць кожны выпадак незаконнага затрымання людзей, калі «яны ўтрымліваюцца пад вартай за свае палітычныя погляды, за выказванне свайго меркавання, за выказванне незалежнага меркавання і іншадумства». Бо, дадаў Карпэнтэр, «надыдзе дзень, калі сапраўды прыйдзе падсправаздачнасць».

«Я ведаю, што гэта будзе цяжка, але гэта тое, у што мы верым вельмі, вельмі цвёрда, і я сапраўды веру, што аднойчы за гэтыя злачынствы будуць прыцягнутыя да адказнасці», – заявіў амбасадар.

Фліртаваць з Лукашэнкам – нельга

Што датычыць таго, што некаторыя краіны АБСЕ працягваюць падтрымліваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі, Карпэнтэр заявіў, што ўсім партнёрам пара пачаць прытрымлівацца асноўных каштоўнасцяў, якія прадстаўленыя ў Хельсінкскім заключным акце.

«Ніхто не павінен фліртаваць або сустракацца з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі», – сказаў ён.

Паводле яго, мець стасункі з рэжымам з такой ступенню рэпрэсіяў, які да таго ж з’яўляецца суагрэсарам і спрыяў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, «непрымальныя».

«У АБСЕ было 38 дзяржаў-удзельніц, якія звярнуліся з заклікам, якія выразна асудзілі тое, што робіць рэжым Лукашэнкі. І таму мы сапраўды лічым, што пераважная большасць дзяржаў у міжнароднай сістэме разглядаюць Беларусь як ізгоя», – сказаў Карпэнтэр.

Разам з тым, паводле яго, хоць улады Беларусі, як і Расеі, «здзейснілі ўчынкі, якія выходзяць за ўсе магчымыя рамкі», у АБСЕ няма магчымасці выключыць іх са свайго складу.

«Мы лічым, што на дадзены момант больш эфектыўна, замест таго каб спрабаваць змяніць правілы арганізацыі, для якіх таксама няма выразнага шаблону, засяродзіцца на ізаляцыі Расеі і Беларусі, адсюль і гэты даклад Маскоўскага механізму, адсюль штотыдзень працягваецца асуджэнне рэжыму Лукашэнкі ў сталай Радзе», – заявіў дыпламат.

Ён дадаў, што такая ступень рэпрэсіяў будзе мець для Беларусі «доўгатэрміновыя наступствы», як эканоміка-дыпламатычныя, гэтак і юрыдычныя.

ЗША працуюць над прыцягненнем да адказнасці

Карпэнтэр таксама адзначыў, што ЗША працуюць над тым, «каб прыцягнуць да адказнасці тых, хто мае дачыненне або ў Беларусі, або ў Расеі да агрэсіўнай вайны супраць Украіны». Як у межах стварэння Міжнароднага суда для разгляду злачынства агрэсіі, гэтак і ў межах універсальнай юрысдыкцыі.

«Мы збіраемся разгледзець усе магчымыя варыянты», – заявіў ён.

«Калі вы паглядзіце на папярэднія масавыя зверствы, і тое, што мы цяпер назіраем ва Украіне, гэта масавыя зверствы, вы ўбачыце, што вінаватыя часта думалі, што застануцца беспакаранымі і не будуць прыцягнутыя да адказнасці. І шмат разоў было даказана, што яны памыляліся. Яны бачылі залу суда знутры», – дадаў Карпэнтэр.

Паводле яго, урад ЗША «працуе вельмі старанна і вылучае рэсурсы для забеспячэння адказнасці».

Аналітыка
Візіт Ціханоўскай у ЗША. Ці дапаможа Захад дастаць ножку з-пад крэсла Лукашэнкі?
2023.03.24 22:19

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў