Еменскія хусіты пагражаюць атакаваць любыя судны, якія ідуць у Ізраіль


Еменскія хусіты заявілі, што яны лічаць легітымнымі цэлямі ўсе караблі, што накіроўваюцца ў Ізраіль, незалежна ад таго, якая краіна зʼяўляецца іх уласнікам. Пра гэта паведамляе Reuters.

Прадстаўнікі хусітаў кажуць, што іх дзеянні зʼяўляюцца дэманстрацыяй падтрымкі палестынцаў.

Прадстаўнік еменскіх хусітаў заявіў, што ўсім караблям, якія ідуць у ізраільскія парты, забаронены ўваход у Чырвонае і Аравійскае мора.

«Калі Газа не атрымае неабходнае харчаванне і медыкаменты, усе караблі ў Чырвоным моры, якія накіроўваюцца ў ізраільскія парты, незалежна ад іх нацыянальнасці, будуць мішэнню для нашых узброеных сіл», – гаворыцца ў заяве прэс-сакратара руху.

Паводле агенцтва, рашэнне хусітаў павялічвае пагрозу перарастання вайны Ізраілю і «Хамас» у рэгіянальны канфлікт.

Еменскія хусіты, якія з’яўляюцца саюзнікамі Ірану, яшчэ ў канцы кастрычніка афіцыйна абвесцілі вайну і нанеслі некалькі ракетных удараў па Ізраілі. Яны папярэдзілі, што маюць намер атакаваць у Чырвоным моры ўсе ізраільскія караблі. Аднак пра судны трэціх краінаў тады размовы не было.

З таго часу караблі, якія належаць ізраільскім бізнесоўцам, як мінімум чатыры разы падлягалі нападам з боку групоўкі. Найбольш рэзанансны інцыдэнт меў месца 3 снежня: еменскія хусіты ў міжнародных водах Чырвонага мора зладзілі атаку з выкарыстаннем ракетаў і беспілотнікаў на тры камерцыйныя караблі, якія ішлі пад сцягамі Панамы і Багамскім Астравоў. На дапамогу цывільным караблям прыйшоў амерыканскі эсмінец «Carney» і збіў шэраг дронаў. Камерцыйныя судны атрымалі пашкоджанні. Некаторыя медыі пішуць, што яны нібыта належаць ізраільскім бізнесоўцам, іншыя называюць уласнікамі японскіх і брытанскіх грамадзянаў.

Злучаныя Штаты заявілі, што «гэтыя напады ўяўляюць сабой наўпроставую пагрозу міжнароднаму гандлю і марской бяспецы», і паабяцалі разгледзець «усе адпаведныя захады ў адказ».

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў