Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут паведаміў блізкім, што 5 верасня скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. Пра гэта піша «Гарадзенская праваабарона».
Аб’ём справы агромністы, а на знаёмства з ёй далі толькі месяц. Пачобут для таго, каб прачытаць як мага больш, нават адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара.
Завяршэнне знаёмства са справаю азначае, што неўзабаве матэрыялы будуць перададзеныя ў пракуратуру, а потым у суд.
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Яму было выстаўленае абвінавачанне паводле 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Здзяйсненне групай асобаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці паводле прыкметы нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму»). Пазней стала вядома пра яшчэ адно абвінавачанне – паводле арт. 361 КК («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, скіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
У абвінавачанні вядзецца пра тое, што Пачобут публічна назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах справы фігуруюць заявы Пачобута ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра жорсткае здушэнне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гарадзеншчыне.
Глеб Нержын belsat.eu