Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляе, што трэнаванні адбываюцца на пяці аэрадромах у Беларусі і ўключаюць у сябе дэсантаванне.
«Беларускі Гаюн» інфармуе, што вучэнні на беларускіх палігонах працягнутыя прынамсі да 16 ліпеня. Але пры гэтым трэнаванні адбываюцца не толькі ў спецыяльна адведзеных месцах.
«Асобна варта сказаць пра прыкметнае павелічэнне колькасці трэнаванняў на вайсковых аэрадромах у Баранавічах, Мачулішчах, Лідзе, Лунінцы і Бабруйску»
Пачынаючы з 16 чэрвеня на аэрадром у Баранавічах перыядычна адбываецца трэнавальнае высаджванне дэсанту з верталёта Мі-8 ВПС Беларусі.
«Звычайна такія трэнаванні праходзяць пару разоў на год, але за тры тыдні ўжо перавышаная іх гадавая норма», – дадаюць у маніторынгавай групе.
Пры гэтым актывізацыя авіяцыйных трэнаванняў карэлюецца з прыбыццём у Баранавічы 20 пілотаў з Расеі.
Да нетыповых вучэнняў «Беларускі Гаюн» таксама адносіць частае высаджванне дэсанту ў Мачулішчах.
8 ліпеня ўпершыню высаджванне дэсанту з верталёта Мі-8 адпрацоўвалася ў Ельскім раёне. Двойчы з 6 ліпеня дэсантаванне праходзіла на аэрадроме ў Бабруйску.
Акрамя таго, аднаўленне трэнавальных палётаў фіксуецца ў Лунінцы і Лідзе.
Глеб Нержын belsat.eu