Ксёндз Зміцер Прыступа: «Каля труны Хрыста стаяла варта, але Ён уваскрос. Не губляйма надзеі»


Як святкаваць Вялікдзень, калі навокал – несправядлівасць, вайна, няпэўнасць у заўтрашнім дні? Калі сем’і беларусаў раз’яднаныя эміграцыяй, зняволеннем у турмах? Дзе сёння шукаць надзею? Разважаем разам з ксяндзом Змітром Прыступам, які сам быў вымушаны ўцякаць з Беларусі, каб пазбегнуць пераследу. 11 жніўня 2020 года наш суразмоўца, калі ехаў сваім аўтамабілем па цэнтры Баранавічаў, збіў сілавіка. Хуткасць была невялікая, таму той не пацярпеў, аднак святар адразу зразумеў, што трэба з’язджаць. Цяпер ксёндз Зміцер – вікарый у парафіі Святога Юзафа Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лодзі ў Польшчы.

Ксёндз Зміцер Прыступа.
Фота: асабісты архіў ксяндза Змітра Прыступы

«Пасля ўсяго, што адбываецца ў нашай краіне і за мяжою, настане Дзень Уваскрашэння»

– Ксёндзу Змітру, я б хацела пачаць нашую перадсвяточную размову з разважання над тым, якое значэнне сёння мае Вялікдзень для беларусаў. Мяне, напрыклад, не пакідаюць думкі пра глыбокі сімвалізм і паралелі нашай сучаснасці з падзеямі хрысціянскага мінулага. Тая ж гісторыя Вялікадня – Пасхі, калі адбыўся сыход габрэяў з Егіпту, з рабства… А асабліва – суд над Хрыстом і Ягонага ўкрыжаванне – колькі ў нас цяпер несправядліва асуджаных людзей… Што вы думаеце пра гэта?

– Так, я таксама ўвесь час хаджу з гэтымі думкамі і пытаннямі ў сваім сэрцы. Усё, што перажыў Хрыстос – асуджэнне, катаванні, знаходжанне ў цямніцы, укаранаванне цернем, бічаванне, – несправядліва. Бо Ён нікому нічога злога не зрабіў. Але прайшоўшы праз гэта, Ён уваскрос. Таму мы сёння, углядаючыся ў Хрыста, павінны памятаць пра гэта і не губляць надзеі, што пасля ўсіх цярпенняў і катаванняў, усяго, што сёння адбываецца і ў нашай краіне, і за мяжою, настане Дзень Уваскрашэння. Ён дакладна будзе. Але колькі часу пройдзе, ведае толькі сам Бог. Таму нам трэба разважаць і маліцца, каб у чаканні гэтага дня не страціць надзеі, а яшчэ – каб споўнілася Божая Воля адносна нашай краіны.

Напэўна, Хрыстос у садзе Аліўным не хацеў прымаць келіха, які Яму прызначыў Айцец, але Ён кажа – няхай не Мая воля споўніцца, але Твая. І Ён прыняў крыж, цярпенне, і потым дзякуючы гэтаму несправядліваму асуджэнню ды цярпенню адбылося Яго змёртвыхпаўстанне і здзейснілася Воля Божая.

– Але як не губляць надзеі тым, хто ўнутры Беларусі, тым больш – у вязніцах? Як святкаваць Уваскрашэнне, калі навокал – ціск на Касцёл, і ўвогуле нібыта ўсё яшчэ цягнецца наш Крыжовы шлях?

– Па-першае, мы не моцна адрозніваемся – тыя, хто за мяжой, і тыя, хто ўнутры Беларусі. Мы паўсюль перажываем несправядлівасць, сум праз тое, што не можам быць са сваімі блізкімі. Нам вельмі дапаможа, калі мы сканцэнтруемся на Хрысце і любові, якую Ён дае. І мы павінны святкаваць, нават нягледзячы на тое, што адбываецца навокал, бо і Хрыстос уваскрос, нягледзячы на перашкоды. Каля Ягонай труны стаяла варта, але Ён уваскрос, перамог смерць, таму не губляйма надзеі.

«Каб не згубіць сваёй тоеснасці, мы яднаемся з тымі, хто чакае Уваскрашэння не ў сваёй краіне»

– Як вы і беларусы з вашай парафіі святкуеце сёлетні Вялікдзень у Польшчы?

– Ноччу, на Велікодную вігілію, у нас дзвюхмоўная Святая імша – на польскай і беларускай мовах. Гэта, напэўна, адзіная такая імша сёлета ў Польшчы. Мы гэта робім, каб аб’яднаць палякаў і беларусаў у тым, што нас злучае, у веры ў Хрыста.

У нядзелю ў нас Святая імша на беларускай мове. Пасля – святкаванне пры парафіі. Каб не згубіць сваёй тоеснасці як беларусаў-вернікаў, мы аб’ядноўваемся з тымі, хто чакае Уваскрашэння не ў сваёй краіне.

Я асабіста імкнуся спрыяць інтэграцыі палякаў і беларусаў, сачу, каб не было разладаў, паказваю польскаму грамадству, што мы заангажаваныя ў тое, каб праслаўляць Хрыста, дзяліцца сваёй верай і ўзбагачацца польскімі духоўнымі каштоўнасцямі.

Ксёндз Зміцер Прыступа.
Фота: асабісты архіў ксяндза Змітра Прыступы

– Якія польскія каштоўнасці могуць узбагаціць беларусаў? Ці ёсць увогуле нейкія адрозненні ў традыцыях, перажыванні веры?

– Вялікіх адрозненняў няма, бо большасць беларускіх каталіцкіх традыцыяў склаліся ў посткамуністычны час, і святары, якія прыязджалі з Польшчы, перадавалі нам гэтыя польскія традыцыі, і яны потым набывалі пэўны беларускі каларыт. І ў палякаў, і ў беларусаў ёсць прыгатаванне святочнага кошыка, страваў, і яны нічым не адрозніваюцца. Само перажыванне літургіі не адрозніваецца, бо ўвогуле літургія ў Рымска-каталіцкім Касцёле па ўсім свеце такая самая. У нас розная мова, а падыход да веры такі самы.

Узбагаціць нас можа прыклад сталасці ў тым, што і вера, і святы, якія мы перажываем, – гэта штосьці вельмі важнае. Гэта не выдумка святароў альбо людзей. Паважнае перажыванне веры праз глыбокую святую споведзь, прыгатаванне да свята Вялікадня праз прыняцце святой камуніі ды перажыванне веры ў наведванні Пана Езуса ў Вялікую пятніцу ў цямніцы ці ў Вялікую суботу ў труне Гасподняй. Палякі вельмі трывалыя ў гэтых каштоўнасцях.

Святар-паляк вучыць беларускую мову, каб праводзіць службы для беларусаў

– Як палякі прымаюць беларусаў-каталікоў і беларускія душпастырствы?

– У сваёй парафіі я бачу, што палякі вельмі адкрытыя да беларусаў. Думаю, гэта і таму, што ў Беларусі ціск не толькі на Касцёл, але і на польскую этнічную меншасць.

У маёй парафіі ўжо вельмі добра ведаюць маю працу. Я выкладаю рэлігію ў школе. Праз гэта палякі пазітыўна ўспрымаюць беларускае душпастырства. Яны нас бачаць як братоў, якія цяпер церпяць, і хочуць нам дапамагчы ды, наколькі могуць, заўсёды дапамагаюць – сваёй прысутнасцю, добрымі словамі, прыняццем у парафію. Што цікава, гэта палякі прапанавалі, каб літургія Вялікадня была дзвюхмоўная, каб беларусаў не абмінуць.

– А ці ёсць нейкія цяжкасці з развіццём беларускага душпастырства ў Лодзі?

– У нас няма ніякіх праблемаў. Мы маем вельмі вялікую падтрымку ад ксяндза-біскупа. Ён пра нас ведае, падтрымлівае, перш за ўсё, малітвай і добрым словам, і ён да беларусаў вельмі адкрыты і цешыцца з нашай прысутнасці, наколькі я ведаю з асабістых размоваў. Ксёндз-пробашч у нашай парафіі таксама вельмі адкрыты да беларусаў. Што цікава, калі я выязджаю і не магу для беларусаў адправіць Святой імшы, гэта робіць ксёндз-пробашч, палякі. Ён навучыўся чытаць па-беларуску менавіта з гэтаю мэтай, і з вялікаю радасцю служыць для беларусаў. Таму мы сябе тут адчуваем, як удома.

– Ці шмат беларусаў прыходзіць у ваш касцёл?

– Як і паўсюль, найбольш на святы – каля ста чалавек. У звычайны перыяд – ад 20 да 30 чалавек прыходзяць штонядзелю. Гэта стабільная група, я магу да іх звярнуцца, у нас ёсць супраца. І дзякуючы гэтаму ў нас плануюцца супольныя дзеянні, каб распаўсюджваць душпастырства, паміж, магчыма, у тым ліку і ўкраінцамі, бо ведаю, што ўкраінцы таксама прыходзяць на нашую Святую імшу.

«Беларусам не хапае трываласці ў веры, і гэта адбіваецца на грамадскіх справах»

Ксёндз Зміцер Прыступа.
Фота: асабісты архіў ксяндза Змітра Прыступы

– Ці ёсць такія выпадкі, калі ў сітуацыі вымушанай эміграцыі людзі больш пацягнуліся да Касцёлу?

– Так, ёсць. Але тут ёсць і тое, што мяне непакоіць як святара. Бывала, што людзі прыходзілі, маліліся за сваіх родных, каб яны з’ехалі з Беларусі, пазбеглі рэпрэсіяў. Пазней тыя сваякі пераязджалі, сітуацыя наладжвалася, і, на жаль, гэтыя людзі знікалі з касцёлу. Выпрасілі сваю просьбу – і ўсё, іх няма. Гэта мяне непакоіць, бо Бог – не добрая фея, якая выконвае мае пажаданні. Бог мне дае любоў і ад мяне хоча трываласці, і гэтай трываласці, сталасці ў веры пры сваёй супольнасці, на жаль, у беларусаў мала. І гэта, дарэчы, адбіваецца таксама на грамадскіх справах, штодзённым, сямейным жыцці – адсутнасць трываласці і паслядоўнасці. І гэтаму нам варта павучыцца ў палякаў.

– Ксёндзу Змітру, як вы думаеце, ці дастаткова ўвагі надаецца Ватыканам сітуацыі ў Беларусі – пераследу Касцёлу, святароў?

– Мне здаецца, што ўвагі столькі, колькі ў ёй ёсць патрэба. У Ватыкане пра нас ведаюць, пра ўвесь пераслед, пра справы, якія заводзяцца. Я не стаў бы судзіць, мала Апостальская сталіца кажа пра гэта ці шмат. Я з даверам стаўлюся да яе. Там робяць тыя рэчы, на якія цяпер ёсць магчымасць, час і адпаведныя рэсурсы. Я малюся за іх, каб усё было так, як хоча Бог. Нягледзячы на тое, што адбываецца ў Беларусі, мяне асабіста датычыць, я давяраю Ватыкану ў духу паслухмянасці.

«Мы пакліканыя казаць праўду, чаго б гэта ні каштавала»

– Давайце паглядзім на беларускі Касцёл. Ёсць меркаванні, што цяпер іерархі занадта часта шукаюць кампрамісаў з уладамі, маўчаць там, дзе, здавалася б, трэба казаць. Як вы думаеце, што тут лепш – сапраўды прамаўчаць ці адкрыта агучваць сваю пазіцыю адносна таго, што адбываецца ў краіне?

– Маё меркаванне: адзінае, да чаго пакліканы Касцёл, – прапаведаваць Божае слова. І гэтае прапаведаванне павінна быць без кампрамісу, без уваходжання ў пакты са злым. Мы пакліканыя казаць праўду, чаго б гэта ні каштавала. Праўда вызваляе – кажа Хрыстос. Я дарога, і праўда, і жыццё – кажа Хрыстос. Таму мы павінны жыць у праўдзе. Акрамя таго, святы апостал Павел кажа нам: сцеражыцеся ўсяго таго, што мае хоць намёк на зло. Сітуацыя ў Беларусі складаная, і іерархам там складана. Я малюся за іх і давяраю ім таксама, што яны робяць усё магчымае, каб Касцёл у Беларусі не загінуў. Сёння я не хацеў бы быць святаром, які служыць у Беларусі, бо разумею, як там цяжка. Магчыма, менавіта таму мяне Бог скіраваў у Польшчу.

Адзін з кардыналаў кажа: магчыма, гэта час, каб пачаць жыць чыстым Евангеллем, не быць завязаным ні ў якія брудныя справы. Магчыма, гэта шанец для беларускага Касцёлу на ачышчэнне, адраджэнне. Мы молімся: Ойча наш, няхай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Трэба вельмі мудра і дакладна адчытаць волю Божую, і мне падаецца, што іерархі ў Беларусі пэўна імкнуцца гэта зрабіць, і я веру, што Дух Святы пакажа нам, у які бок трэба ісці. Але пра гэта павінны маліцца не толькі і не столькі іерархі ды святары, а і люд Божы.

«Магчыма, Касцёл будзе адзінаю вялікаю структурай, якая пранясе ў сабе беларускасць»

– Вы нават у цяперашняй сітуацыі бачыце шанец на адраджэнне, то бок, у вас ёсць аптымізм адносна будучыні беларускага Касцёлу?

– Канечне! Толькі аптымізм, бо добра перажытыя крызісныя сітуацыі, калі мы паглядзім на гісторыю Касцёлу, святых, заўсёды выводзяць на нейкі новы этап. Таму трэба глядзець на знакі часу, якія нам дае Дух Святы, каб распазнаць, куды нам трэба ісці.

Ксёндз Зміцер Прыступа.
Фота: асабісты архіў ксяндза Змітра Прыступы

– Ці згодныя вы, што беларускі Касцёл застаецца і застанецца калыскаю беларускасці, захавае беларускую мову, культуру?

– Я ўпэўнены ў гэтым. І, магчыма, гэта будзе адзіная вялікая структура, якая пранясе ў сабе беларускія каштоўнасці. Я бачу гэта нават па сваіх парафіянах-беларусах – яны практычна ўсе размаўляюць на беларускай мове, ім патрэбная літургія па-беларуску, хоць яны ўжо не першы дзень у Польшчы.

– Вы хацелі б вярнуцца і служыць у Беларусі?

– Цяжкае пытанне. Я штодня задаю яго сабе. Напэўна, не ў цяперашніх умовах. Агулам, дзякуючы таму, што я святар, я не прывязваюся да месца, дзе знаходжуся. Магу быць хоць на іншым канцы свету. Для мяне адзіная мэта – прапаведаваць Евангелле, а каму – няхай Бог вырашае. Канечне, недзе там у сэрцы ёсць настальгія, сантымент да сваёй краіны. Магчыма, у будучыні я захачу вярнуцца. А магчыма, і не. Ну і беларусы, якім можна несці Слова Божае, сёння ёсць паўсюль.

«І выгнанне, і вязніцу разам з Хрыстом прымем за радасць»

– Ксёндз Змітру, вам давялося ўцякаць. Вы не шкадуеце, што так усё адбылося, што так тады сябе павялі ў той сітуацыі з тым сілавіком?

– Я цяпер ведаю, што гэта быў Божы провід, каб я з’ехаў. Адчытваючы гэтыя знакі часу, магу сказаць, што я шчаслівы святар. Тут я магу зрабіць шмат таго, што там я б не зрабіў. Бог даў мне такі шанец, і я цяпер не шкадую. Спачатку было цяжка пагадзіцца з такою сітуацыяй, але калі я распазнаў Божую волю, што так павінна было адбыцца, то адразу прыйшлі супакой, радасць.

І я б усім беларусам, дзе б яны цяпер ні былі, параіў бы памятаць, што нічога ў нашым жыцці не адбываецца проста так. Мы гэта бачым на прыкладах святых. Мы можам супраціўляцца, па-чалавечы прагнуць справядлівасці. Але адначасова мы можам услед за святым Паўлам сказаць, што нават знаходжанне на выгнанні ці ў вязніцы, калі яно перажываецца дзеля Хрыста і з Хрыстом, мы як хрысціяне прымем з радасцю. Адчытаць волю Божую ў сваім жыцці складана, але магчыма. Памятайма, мы не адны, а з намі Хрыстос. Бо калі б мы былі адны, хіба б з глузду з’ехалі. Але з намі Хрыстос, і ён дае нам сілы.

«Хрыстос паказаў, што надзею забіць нельга»

Ксёндз Зміцер Прыступа.
Фота: асабісты архіў ксяндза Змітра Прыступы

– Што б вы пажадалі беларусам у гэты Вялікдзень – і тым, хто ўнутры, і тым, хто выехаў?

– Тым, хто застаўся, я пажадаю сканцэнтравацца на Хрысце. Не кажы Хрысту, якія вялікія маеш праблемы, але кажы праблемам, якога вялікага маеш Хрыста. Засяродзіцца на Уваскрашэнні, на тым, што Божае, бо людскія справы ў параўнанні са справамі Божымі – пыл. І трываць у спадзяванні, бо Хрыстос нам паказаў, што надзею забіць нельга.

Беларусам, якія за мяжою, хачу пажадаць трываласці ў добрым, гатовасці дзяліцца сваёй верай, усмехам, дабрынёй. Мы тут – шчаслівыя людзі. Мы не прыгнечаныя тою сітуацыяй, мы на волі за мяжой, і нам варта дзяліцца тым, што мы маем. Хрыстос нам увесь час дае, і мы не можам толькі прымаць, мы мусім яшчэ і дзяліцца – радасцю Уваскрашэння, любоўю – і з тымі, хто тут побач, за мяжой, але асабліва – з тымі, хто ў Беларусі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў