Сёмы фестываль беларускага кіно «Bulbamovie» вяртаецца пасля 4-гадовага перапынку. Фэст стартуе 12 лістапада.
Фестываль пройдзе ў кінатэатры «Iluzjon» у Варшаве. У конкурсе ўдзельнічаюць восем фільмаў.
У праграме фестывалю – дакументальныя фільмы «Беларусь. Пачатак» Фёдара Багамолава, «Калі кветкі не маўчаць» і «Мне не патрэбныя твае абдымкі» Андрэя Куцілы, «Я вырасла, пакуль ты спала» Марціна Саўтэра, «Парад планет» Зоі Катовіч, «Маршрут зменены» і «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, «Эпітафія» Віктара Аслюка, мастацкі фільм «II» Улады Сяньковай, «Шчыры погляд» і «Дзіма» Дзмітрыя Дзядка, а таксама блок кароткаметражных фільмаў маладых беларускіх рэжысёраў.
Фестываль беларускіх відэа- і кінафільмаў «Bulbamovie» узнік у 2011 годзе. Заснавальнік і арганізатар кінафэсту – Януш Гаўрылюк, выпускнік факультэту беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэту, журналіст тэлеканалу «Белсат».
АА belsat.eu